Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лёнінг: Публікацыі ў «СБ» — гэта поўны маразм і хлусьня


Маркус Лёнінг

Маркус Лёнінг

Упаўнаважаны фэдэральнага ўраду Нямеччыны па правах чалавека і гуманітарнай дапамозе Маркус Лёнінг перадаў афіцыйнаму Менску патрабаваньні ад нямецкага боку. Найперш аб вызваленьні зьняволеных 19 сьнежня і зьняцьці зь іх усіх абвінавачаньняў. І як мінімум, аб дазволе сваякам і адвакатам на сустрэчы са зьняволенымі і забесьпячэньні належнага мэдычнага абслугоўваньня вязьняў. На завяршэньне свайго візыту спадар Лёнінг правёў прэс-канфэрэнцыю ў Менску.

Маркус Лёнінг сустрэўся са сваякамі зьняволеных у КДБ экс-кандыдатаў у прэзыдэнты і іх прыхільнікаў, з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці, а таксама Міністэрства замежных спраў Беларусі. Ён адзначыў, што ў Нямеччыне расчараваныя ходам выбараў, працэсам падліку галасоў і асабліва абураныя тым, што адбылося 19 сьнежня.

«Тым гвалтам, як быў праяўлены, тым што ўдзельнікі трапілі ў турмы, што многія знаходзяцца пад вельмі цяжкім абвінавачаньнем, нягледзячы на тое, што яны ўсяго толькі патрабавалі ажыцьцяўленьня свайго права на свабодныя выбары. Мы таксама абураныя тым, што няма магчымасьці для кантактаў зьняволеных са сваякамі і што амаль няма доступу да іх адвакатаў. Таму я сюды прыехаў, каб даць сыгнал падтрымкі з нашага боку на адрас зьняволеных і тых, хто змагаецца за дэмакратыю і свабодныя выбары».

Беларускія ўлады не дазволілі Маркусу Лёнінгу сустрэцца зь вязьнямі СІЗА КДБ, хаця быў накіраваны адмысловы запыт з боку амбасады Нямеччыны. Аднак тое, што даведаўся падчас візыту ў Менск спадар Лёнінг, «перавышае ўсе яго самыя страшныя ўяўленьні».

Усё тое, што я пачуў, нагадвае самыя цёмныя савецкія часы.
«Усё тое, што я пачуў, нагадвае самыя цёмныя савецкія часы, калі ламаліся ноччу ў дзьверы, калі людзей выцягвалі з ложку, нават у споднім, і кідалі ў турмы. Пасьля гэтага сваякі ня ведалі, дзе гэтыя людзі знаходзяцца, і ня мелі кантактаў зь імі. Гэта ня тое што непрымальна, гэта жахліва».

Маркус Лёнінг перадаў беларускаму боку, што фэдэральны ўрад Нямеччыны поўнасьцю падзяляе ацэнку прэзыдэнцкіх выбараў, якую дала місія АБСЭ, што яны не былі свабоднымі і чэснымі. Таксама ён перадаў расчараваньне закрыцьцём офіса АБСЭ ў Менску і выказаў пажаданьне, каб офіс меў магчымасьць працягнуць сваю працу. Абвінавачваньні, якія зьявіліся у газэце «Советская Белоруссия» адносна нямецкага ўдзелу ў падзеях 19 сьнежня, упаўнаважаны фэдэральнага ўраду Нямеччыны назваў хлусьнёй і сказаў, што такім чынам дзейны рэжым ізалюе Беларусь ад сваіх суседзяў і сяброў.

«Я лічу, што гэта зьяўляецца поўным маразмам. І што гэта нас вельмі расчароўвае. Бо менавіта Нямеччына праяўляла вельмі вялікую блізкасьць да Беларусі цягам апошніх гадоў. Менавіта Нямеччына рабіла вельмі вялікія намаганьні дзеля паляпшэньня стасункаў паміж Беларусьсю і Эўразьвязам. Тут, хаця і невялікія, меліся крокі прагрэсу. І апошняй такой спробай быў прыезд сюды міністра замежных спраў Нямеччыны. Але тое, што адбылося 19 сьнежня і пасьля, і тыя публікацыі ў мэдыях перашкаджаюць, не дапамагаюць паляпшаць дачыненьні паміж намі. І я поўнасьцю абвяргаю ўсе, што было выказана ў гэтых публікацыях».

Адносна рэакцыі на падзеі ў Беларусі з боку Эўразьвязу спадар Лёнінг сказаў пра два кірункі намаганьняў дзеля таго, «каб грамадзяне не цярпелі ад дзеяньняў вярхушкі». Ён казаў аб спрашчэньні візавага рэжыму для звычайных грамадзянаў і аб увядзеньні санкцыяў супраць тых, хто адказны за фальсыфікацыю выбараў і за перасьлед людзей у Беларусі. Паводле спадара Лёнінга, сьпіс чыноўнікаў, якім забароняць уезд у краіны ЭЗ, можа быць пашыраны.

На пытаньне карэспандэнта «Свабоды», якія неадкладныя захады можа прыняць Нямеччына і краіны ЭЗ дзеля вызваленьня вязьняў КДБ, бо пытаньне пра санкцыі будзе разглядацца толькі ў канцы студзеня, спадар Лёнінг сказаў:

«Гэтай мэце служыць і мой візыт сюды. І гэтыя патрабаваньні былі выказаныя мной у вельмі выразнай форме на адрас беларускага ўраду. І гэтыя патрабаваньні таксама былі прадметам размоваў міністра замежных спраў Беларусі са спадарыняй Эштан і спадаром Фюле. Тое ж самае патрабаваньне там таксама было выказана вельмі адназначна. І ва ўсіх гутарках, якія вядуцца паміж беларускім урадам і ЭЗ, гэтае патрабаваньне вызваленьня вязьняў прысутнічае. Але дзейнічаць і вызваліць іх можа толькі беларускі ўрад і прэзыдэнт Лукашэнка. Яны адказваюць за іх зьняволеньне і за іх вызваленьне».

Таксама спадар Лёнінг адзначыў, што нямецкі бок ужо адклікаў запрашэньне на ўдзел у канфэрэнцыі ў Нямеччыне беларускаму міністру эканомікі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG