Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнатар Дурбін: Лукашэнка стварыў няведамы ва ўсясьветнай палітыцы прэцэдэнт


Сэнатар Рычард Дурбін

Сэнатар Рычард Дурбін

У Беларусі з афіцыйным візытам пабываў сэнатар Рычард Дурбін. Цягам дня ён сустрэўся зь сем’ямі палітвязьняў, прадстаўнікамі СМІ і міністрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым. На выніковай прэсавай канфэрэнцыі ён заклікаў Аляксандра Лукашэнку вызваліць беларускіх палітвязьняў і спыніць крызіс, які мае месца ў краіне сёньня.

Рычард Дурбін прыехаў у Беларусь трэцім разам. Два гады таму ў складзе амэрыканскай дэлегацыі ён сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Гэтым разам Лукашэнка яго не прыняў.

Мэтай свайго візыту Рычард Дурбін назваў жаданьне даць ясна зразумець беларускаму народу, што за акіянам вельмі ўважліва адсочваюць падзеі, якія адбываюцца ў Рэспубліцы Беларусь:

Дзеяньні беларускіх уладаў ствараюць няведамы ва ўсясьветнай палітыцы прэцэдэнт.
«Дзеяньні беларускіх уладаў, якія арыштавалі больш за 600 апазыцыйных актывістаў, а таксама тое, што пяць кандыдатаў у прэзыдэнты былі арыштаваныя, а яшчэ два кандыдаты застаюцца ў статусе падазраваных па крымінальнай справе, ствараюць няведамы ва ўсясьветнай палітыцы прэцэдэнт. У краіне ня можа быць дэмакратычнай формы кіраваньня, калі пройгрыш на выбарах Лукашэнку азначае накіраваньне наўпрост у турму», — заявіў амэрыканскі сэнатар.

Падзеі ў Беларусі, рашэньні адміністрацыі Лукашэнкі не засталіся незаўважанымі ні ў ЗША, ні ў Эўразьвязе, заявіў спадар Дурбін.

Сэнатар заклікаў беларускія ўлады вызваліць палітвязьняў, неадкладна спыніць ціск на іх сем’і і на адвакатаў. Ён зазначыў, што нельга мірыцца з тым, што вязьням КДБ не даюць магчымасьці сустракацца з адвакатамі, перапісвацца зь сем’ямі і атрымліваць належнае мэдычнае абслугоўваньне.

Тое, што беларускі КДБ сёньня перашкодзіў Вользе Някляевай узяць удзел у сустрэчы зь ім, пачаўшы ў яе дома ў час спатканьня ператрус, а ўчора ня даў выехаць у Варшаву Мілане Міхалевіч, сэнатар Дурбін назваў цалкам непрымальным парушэньнем правоў чалавека.

Расказваючы пра сваю працяглую размову зь міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым, сэнатар Дурбін сказаў, што іх погляды на сытуацыю ў Беларусі былі зусім розныя. У прыватнасьці, Мартынаў выказваў задавальненьне тым, як прайшлі выбары ў Беларусі, а сэнатар, у сваю чаргу, спытаўся — а колькі чалавек вырашаць узяць удзел у наступных прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі, калі ў выніку цяперашняй кампаніі большасьць кандыдатаў апынулася ў турме? Адказу не было. Спадар Мартынаў на ўсе пытаньні амэрыканскага сэнатара пра лёс затрыманых, пра ўціск адвакатаў адказваў: «Зьвяртайцеся ў Мін’юст».

Сэнатар Дурбін таксама паведаміў, што ўчора ён абмеркаваў беларускія падзеі з кіраўніцтвам Літвы, і зазначыў, што яно вельмі занепакоенае сытуацыяй у Беларусі.

Пра наступную рэакцыю ЗША на падзеі ў Беларусі, пра магчымыя новыя санкцыі адносна беларускіх уладаў Рычард Дурбін заявіў:

«Я зьбіраюся абмеркаваць гэта зь дзяржаўным сакратаром Гілары Клінтан, з прадстаўнікамі Белага дому — наконт таго, якія далейшыя дзеяньні павінны быць прадпрынятыя. Але я шчыра спадзяюся, што ня будзе патрэбы рабіць нічога, я спадзяюся, што прэзыдэнт Лукашэнка зразумее, як гэта несправядліва і несумленна, і сам прыме рашэньне спыніць гэты крызіс. Ён можа гэта зрабіць. Ён можа вызваліць палітвязьняў, ён можа забясьпечыць справядлівыя юрыдычныя працэдуры і ўсё зрабіць як у нармальным дэмакратычным грамадзтве».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG