Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У міжнародную арганізацыю дасланы зварот з заклікам прызнаць Зьмітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава вязьнямі сумленьня. На гэтым тыдні такі статус быў прысвоены намесьніцы старшыні «Маладога фронту» Насьце Палажанцы.

«Зьміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў былі скрадзеныя невядомымі людзьмі наўпрост на вуліцы. Суткі пра іх месцазнаходжаньне не было анічога вядома, і толькі пасьля пададзеных заяваў аб іх выкраданьні міліцыя распаўсюдзіла заяву пра затрыманьне хлопцаў. Па інфармацыі міліцыі, іх затрымалі за зьбіцьцё невядомых людзей кулакамі і мэталічнымі абцугамі. На Дашкевіча і Лобава завялі крымінальную справу па ч.3 арт. 339 КК — асабліва злоснае хуліганства. Ім пагражае ад 3 да 10 год зьняволеньня. Па нашай інфармацыі, у дачыненьні да лідэраў „Маладога фронту“ была зьдзейсьнена правакацыя з мэтаю прадухіліць іхні ўдзел у мірнай акцыі пратэсту 19 сьнежня і ізаляваць апазыцыянэраў ад далейшай актыўнай дзейнасьці.

Завядзеньне крымінальнай справы па „бытавым“, не „палітычным“ артыкуле, што зьяўляецца вядомым яшчэ з савецкіх часоў хітрым крокам спэцслужбаў, скіравана на адцягненьне ўвагі міжнародных арганізацый ад лёсу абвінавачаных. Ня так даўно мы бачылі падобны прыклад у дачыненьні да беларускага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча, да якога праваабарончыя арганізацыі ставіліся зь перасьцярогаю і недаверам. Як вынік — нават заангажаваны беларускі суд зьняў самыя сур’ёзныя абвінавачаньні з Аўтуховіча, але прадпрымальнік, застаўшыся без міжнароднай падтрымкі, быў пакараны вялікім тэрмінам зьняволеньня. Не дазваляйце беларускім уладам падмануць вас!

Зьміцер Дашкевіч — вядомы беларускі апазыцыянэр, які быў прызнаны вязьнем сумленьня па сваёй ранейшай крымінальнай справе аб удзеле ў арганізацыі. Аўтарытэт Дашкевіча як аднаго зь лідэраў хрысьціянска-дэмакратычных сілаў Беларусі бясспрэчны. Эдуард Лобаў таксама неаднаразова праяўляў сябе як шчыры, мужны і сумленны чалавек.

Не пакідайце лёсу нашых паплечнікаў без увагі, не давайце рэжыму распраўляцца зь беларускімі дэмакратамі зь ціхай згоды міжнародных праваабарончых арганізацый!»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG