Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Частка 2 (пачатак тут)

- У панядзелак мы былі на даху – Лесік і я – і бачылі, як гер камэндант адчыніў дзьверы і выйшаў ва дворык – вось у гэты, што побач з домам. Ён выняў пісталет і стрэліў у жанчыну, якая праходзіла міма – наўпрост у горла. У яе быў нейкі скрутак, яна ішла па справах, гэта была самая звычайная, непрыкметная жанчына: не таўсьцей і не худзей за іншых; ішла ні хутка, ні павольна – я дагэтуль не магу зразумець: што? Што яна зрабіла?!
Чым болей я пазнаю гера камэнданта, тым болей пераконваюся ў тым, што тут няма аніякіх правілаў. Нельга сказаць: “я буду выконваць гэтыя правілы – і мяне ніхто не кране”.

(з кінастужкі “Сьпіс Шындлера” Стывэна Сьпілбэрга)

“Прынялі” мяне зь сябрамі прыкладна апоўначы. Як і большасьць іншых мітынгоўцаў ці проста выпадковых мінакоў, далёка ад Плошчы – ля Ратушы.
Некалькі імгненьняў – і знаходжу сябе ў шчыльна набітым людзьмі аўтобусе. Акуратна выконваю патрабаваньні невядомых у масках і чорнай форме без апазнавальных знакаў, падобнай да спэцназаўскай. Мордай у падлогу. У вокны не глядзець. Мабільнік не даставаць. Нейкі юнак намагаецца паказаць “касманаўтам” пашпарт, каб давесьці, што сёньня ён проста адзначаў зь сябрамі свой Дзень народзінаў у кавярні і да акцыі ня мае ніякага дачыненьня; ня дужа цьвярозы “афганец” ўшчувае іх, кажучы нешта пра вайну, правілы і жанчынаў зь дзецьмі; сябры спрабуюць дагрукацца да сумленьня “касманаўтаў” – заняткі аднолькава беспэрспэктыўныя: не выпускаюць ні імяніньніка, ні жанчынаў, ні інвалідаў.

Так і катаюць некалькі гадзінаў ад адной установы да іншай, марна намагаючыся куды-небудзь прыткнуць – паўсюль усё забіта маніфэстантамі: карніцкая інфраструктура відавочна адстае ад патрэбаў часу. Нарэшце прывозяць да Ленінскага РАУС. Пад дзелавіты спэцназаўскі мацярок заводзяць у падвальную актавую залю. Нас – пакуль 89.

Апынаюся побач з прыемным маладым чалавекам з Расеі – навасібірскім
Як дзесяць сутак?! Затрымалі ні за што! Я грамадзянін Расейскай Фэдэрацыі. У мяне квіткі на цягнік і авіярэйс да Ханты-Мансійска – і што, цяпер усё прападзе?
піяршчыкам і чальцом КПРФ Бурмістравым – якога затрымалі побач з Чыгуначным. Аляксандар ужо паспытаў мянтоўскіх дубінак у аўтазаку, і дагэтуль ня можа паверыць у рэальнасьць таго, што адбываецца. Пытае, што цяпер зь ім будзе. “Ну,” – адказваю будзённым тонам – “да раніцы прамарынуюць тут, а потым дадуць дзесяць сутак” (як потым высьветлілася, я памыляўся: грамадзяніну РФ Бурмістраву дадуць “пятнашку”, а ў дадатак, тапорна падрабіўшы пратаколы асабістага вобшуку, доблесныя беларускія праваахоўнікі скрадуць ў яго 3000 расейскіх рублёў). “Як дзесяць сутак?! Затрымалі ні за што! Я грамадзянін Расейскай Фэдэрацыі. У мяне квіткі на цягнік і авіярэйс да Ханты-Мансійска – і што, цяпер усё прападзе?” “Добро пожаловать в Беларусь, амиго” – адорваю расейскага госьця найпрыязьнейшай з сваіх усьмешак.

“Але ж і мянты ў вас у Беларусі!”- крыху супакоіўшыся, дзеліцца ўражаньнямі хлопец, і распавядае, што такіх ідэйных спэцназаўцаў нідзе дагэтуль ня бачыў. Яны сур’ёзна думаюць, што ловяць ворагаў народу, якія пратэстуюць за грошы. А калі Аляксандар распавёў, як іх зьбівалі ў аўтазаку і якія брудныя жарцікі спэцназаўцы адпускалі ў бок затрыманай журналісткі Франс Прэс – я падумаў, што нам з “нашымі” яшчэ моцна пашанцавала...

“Слухай, – раптам пытаецца сібірак – як так атрымалася, што ніхто зь лідэраў Плошчы ня меў на яе аніякага ўцямнага сцэнару? На мітынгу я запытаў наконт гэтага аднаго з кандыдатаў – ня буду казаць, каго менавіта – і ён адказаў, што пакуль яшчэ нічога ня вырашылі”.

Адказваю, што нашая Плошча – гэта ўраўненьне з мноствам невядомых: колькі прыйдзе народу, як ён будзе настроены, што прыдумаюць спэцслужбы, як павядуць сябе спэцназаўцы, вайскоўцы і правакатары… Да дыялёгу падключаецца Натальля Васілевіч – прыгожая і крыху дзёрзкая маладая жанчына (яна потым таксама атрымае “пятнарык”) – якая выказваецца ў тым духу, што не выпадае разважаць пра адсутнасьць пляну ў той момант, калі кандыдат, які мог гэты плян мець, знаходзіцца ў рэанімацыі.

Я потым неаднойчы ад самых розных людзей пачую гэтыя нараканьні на
У беларускіх умовах, калі ўсё і ўсе знаходзяцца пад каўпаком спэцслужбаў, трэба быць гібрыдам Штырліца з Бэтмэнам, каб нечым зьдзівіць улады.
адсутнасьць у лідэраў апазыцыі Пляну. Ну, ня ведаю. Мне здаецца, у беларускіх умовах, калі ўсё і ўсе знаходзяцца пад каўпаком спэцслужбаў, трэба быць гібрыдам Штырліца з Бэтмэнам, каб нечым зьдзівіць улады. На кожны плян у рэжыму знойдзецца свой жалезабэтонны контраплян, і несправядліва патрабаваць ад апазыцыянэраў звыш магчымага, у той час, калі большасьць беларусаў – апатычных, пасіўных, баязьлівых – не заслугоўвае і такіх кандыдатаў. Не ад паводзінаў асобных лідэраў зараз усё залежыць, але ад нас усіх…

“Толькі б мянты не сканфіскавалі флэшку – тады зусім хана: на ёй жа ўсе фоткі з вандроўкі!” – хвалюецца Бурмістраў, і вырашае схаваць яе ў абутак, пад вусьцілку. Хацеў быў даць расейскаму госьцю каштоўную параду адносна таго, куды трэба гэтую флэшку засунуць, каб мянты дакладна не знайшлі, але ў рэшце ўстрымаўся – гэта было б занадта для незагартаванай беларускімі рэаліямі псыхікі.

Замест гэтага вырашаю крыху разрадзіць абстаноўку і пытаюся, ну а як яму Беларусь у цэлым (памятаеце тую показку, калі стэлефаноўваюцца два сябра: – Здарова, дружа, што новага? – Вой, браце, не пытайся – поўны капец! Не пасьпеў пахаваць бацькоў, як звольнілі з працы. Жонка сышла і забрала
І краіна спадабалася, і людзі на вуліцах – адкрытыя, шчырыя – проста супэр. Але болей у Беларусь – ні нагой!
дзяцей з сабой. З гора напіўся, ня справіўся з кіраваньнем – разьбіў машыну і зламаў пазваночнік. -М-м-м , ясна… Ну а так наогул як справы?). “Проста выдатна!” – адказвае хлопец – “І краіна спадабалася, і людзі на вуліцах – адкрытыя, шчырыя – проста супэр. Але болей у Беларусь – ні нагой!”. Канчаткова пранікаюся павагай да незадачлівага “русо турысто”, якому нават пасьля спэцназаўскіх дручкоў хапіла мудрасьці не судзіць аб Беларусі па ейных найгоршых рэаліях – уладах ды мянтах – і болей у тую ноч яго не паддражніваю.

Народ тым часам цікавіцца сваім лёсам, патрабуе законнага права на званок. Мянты даюць зразумець, што толькі складуць пратаколы, і адразу адпусьцяць. Нават спыталіся, каму з нас ранкам на працу. Даюць надзею, што ўсё хутка скончыцца… Верыць нельга катэгарычна. Аніводнаму слову.

Нарэшце пачалі выклікаць у кабінэты па адным для складаньня пратаколаў.
Эх, Сярога, ну і навошта табе гэта было? Сядзеў бы зараз спакойна ў сваім Наваполацку, яб..ў бы цёлак, кушаў водку…
Мной заняўся міліцыянт у званьні, здаецца, маёра, удаючы зь сябе гэткага зухаватага дабрачка-балагура. Імя, рэгістрацыя, месца працы (ААТ “Нафтан”), пасада (сьлесар-рамонтнік). Пацікавіўся заробкам. “Мяркую, крыху меншы за ваш”. – Ну а ўсё ж-такі? ..Гм, сапраўды – крыху меншы”. Шалік, матузкі, рэчы з кішэняў – на стол. Сярод іншага бачыць чэкі, зь якіх вынікае, што паціху абстаўляюся ва ўласнай кватэры.

– Эх, Сярога, – фамільярнічае "мусарок" – ну і навошта табе гэта было? Сядзеў бы зараз спакойна ў сваім Наваполацку, яб..ў бы цёлак, кушаў водку…

Неблагая спроба апэляцыі да racio. Толькі, баюся, сапраўды вартыя ўвагі лэдзі рэдка спыняюць свой выбар на мужчынах, чые мэты і памкненьні абмежаваныя страўніка-кішэчнымі інтарэсамі. Нават твая калега за суседнім сталом – і тая гідліва паморшчылася.

Падыходзяць спэцназаўцы, пішуць стандартныя для ўсіх хлусьлівыя рапарты. Бачаць мяне яўна ўпершыню – хлопцы, што затрымлівалі, былі рослымі, а гэтыя – расточкам не вышэй за 165. Потым, як запраўскага крымінальніка, падводзяць да лінейкі, фатаграфуюць. У профіль, у анфас, ізноў у профіль. Папутна высьвятляецца, што маіх “пальчыкаў”, якія з год таму адкотвалі ў полацкім ваенкамаце, у базе няма. Даводзіцца адкотваць наноў. Дазваляюць выйсьці ў прыбіральню, каб змыць з рук графітку.

Вяртаючыся ў падвал, праходжу паўз знаёмы кабінэт, дзе Косьця Чарухін палошча мазгі мянтам, адзначаючы, што у спэцназаўскіх рапартах – поўная брахня. ““Брахня”, малады чалавек,” – у таўстадупага "мусара" відавочна здаюць нэрвы – “ у сабачніку!”

А ў вас тут, значыцца, інстытут шляхетных дзявіц. Ага.

Так, зрываючы часам авацыі публікі пэрламі кшталту “у нас усё законна!” і “прывязіце мне няпоўнагадовых хлопчыкаў!”, пратрымалі нас бязь ежы і
“Палац” – гэта для судзьдзяў. А для падсудных – невялічкія задушныя адстойнікі памерам 1,3х2 мэтры бяз вокнаў і вэнтыляцыі, у якія закідвалі ў чаканьні суда да адзінаццаці чалавек.
пітва да дзявятай дзесьці раніцы. Затым – трансфэр у Палац Правасудзьдзя. “Палац” – гэта для судзьдзяў. А для падсудных – невялічкія задушныя адстойнікі памерам 1,3х2 мэтры бяз вокнаў і вэнтыляцыі, у якія закідвалі ў чаканьні суда да адзінаццаці чалавек. Уздоўж кароткай сьцяны – вузкая лаўка, сьценаў лепей не кранацца – увесь перапэцкаесься вапнай. Ізноў пацягнуліся гадзіны…

У нашым адстойніку – куча абсалютна выпадковых людзей. Кагосьці затрымалі на ганку кавярні, аднаго выцягнулі з мэтро, іншага – з “начніка”. Як потым высьветлілася, мінакоў хапалі нават ва Ўруччы. Люмпэн сярэдняга веку з тварам хранічнага алькаголіка ўсё абураецца: “Папіў, бл.., піўка! Хлопцы, ды я ж наогул у палітыцы ні бум-бум – мне б абы гарэлка не даражэла!..”

Ха! А ты думаў, калі не цікавісься палітыкай, яна не зацікавіцца табой? Меркаваў, што “правы чалавека”, “законнасьць” – гэта катэгорыі нейкага іншага сьвету, які з тваім ніколі не перасячэцца? Быў упэўнены, што будзеш абыякавым і канформным, і цябе аднойчы ня схопяць? Выкусі, дружа: цяпер мы ў адным чоўне. Пойдзеш пад суд як запраўскі дысыдэнт. І суткі свае атрымаеш, як належыць.

Вось і суд. Судзьдзя Навіцкая. Ці прызнаяце віну. Не прызнаю, сьведчаньні супрацоўнікаў праваахоўных органаў – хлусьня. Суд, разгледзеўшы матэрыялы справы, прыходзіць да высновы… пастанавіў… у выглядзе адміністратыўнага арышту тэрмінам на 15 сутак. Ці жадаеце нешта дадаць ці зрабіць заяву? Стрымліваюся ад гэткае спакусы.

Ізноў вядуць да адстойніка. Ахоўнік пытае, колькі далі. Здаецца, нават спачувае. Адзінае жаданьне – каб усё гэта хутчэй скончылася. Парадаксальна, але хочацца нарэшце ў турму :-)

Урэшце загружаюць у аўтазакі. Кожнага – у міні-камэру, па адным, па два, у адну, большую – шасьцёх. Наш суправаджаючы – досыць гаманкі і па-свойму шчыры. “Навошта мне тая будоўля – там гарбаціцца трэба. А тут хоць і
Навошта мне тая будоўля – там гарбаціцца трэба. А тут хоць і заробак крыху меншы, затое няпыльна і заўжды пры парадзе. Чакаю кватэру.
заробак крыху меншы, затое няпыльна і заўжды пры парадзе. Чакаю кватэру”. Распавядае, што і як у жодзінскай турме, куды нас вязуць. Адзін юнак дагэтуль ня верыць, што яго кідаюць у турму наўпрост зь сьвяткаваньня дня народзінаў. “Няўжо нічога нельга выправіць? Ёсьць жа запісы з камэраў назіраньня, дзе бачна, што мы выходзілі апоўначы, а не ў 22.30, і што схапілі нас ля кавярні, а не на Плошчы!” “Ну, калі так, то, можа, і магчыма” – абнадзейвае ахоўнік. Гэта наўрад ці: каб беларуская "фэміда" прызнала, што трымаецца на хлусьні сваіх служак?..

Камэры ў аўтазаку цесныя і вузкія – так, што сядзець у іх ты вымушаны па струнцы. Але, калі нахіліцца наперад і абаперціся ілбом аб мэталічныя дзьверы – можна, пакуль не даехалі да турмы, крыху расслабіць сьпіну і забыцца ў неспакойнай паўдрымоце…

…Вядома ж, і да Плошчы слова “законнасьць” уяўляла для ўладаў пусты гук. Адны спэцназаўцы зьбівалі і хапалі людзей, іншыя – пісалі ліпавыя рапарты, мянты афармлялі пратаколы, судзьдзі спраўна выносілі заведама незаконныя прысуды, пенітэнцыярная сыстэма – ня менш спраўна карала. Але да 19-га сьнежня можна было казаць прынамсі пра існаваньне нейкіх правілаў, па якіх функцыянуе наш плюшавы таталітарызм: рабі што заўгодна – прылюдна
Крывавыя падзеі 19-га, беспрэцэдэнтна масавы і татальны “хапун” яскрава прадэманстравалі: няма больш ні закону, ні правілаў.
мацюкайся і слухай расейскі блатняк, сморкайся на ходнікі і сцы ў пад’езьдзе, самазьнішчайся танным “чарнілам” і палі спайс, рабі з кватэры прытон і карыстайся паслугамі прастытутак, крадзі і бяры “адкаты” – толькі не вылучайся з агульнай масы, дзяліся з патрэбнымі людзьмі і ня лезь у палітыку. І тады ніхто цябе не кране.

Але крывавыя падзеі 19-га, беспрэцэдэнтна масавы і татальны “хапун” яскрава прадэманстравалі: няма больш ні закону, ні правілаў. Застаўся адно ўладны "беспрадзел", супраць якога ужо не застрахаваны ніхто – нават самыя ляяльныя, “ідэальныя” і далёкія ад палітыкі грамадзяне, чые жаданьні і надзеі абмяжоўваюцца даступнай гарэлкай. Сваім неабгрунтаваным і нелягічным (т)эрорам улады выдалі народу поўны карт-блянш.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG