Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жанна Літвіна: «Улады помсьцяць журналістам»


Жанна Літвіна
Жанна Літвіна
Выклікі на допыты, ператрусы, падпіскі аб неразгалошваньні, канфіскацыя кампутараў, носьбітаў інфармацыі — для незалежных беларускіх журналістаў і рэдакцыяў СМІ гэта стала ўжо звыклай зьявай. Сёньня ў Менску сабралася Рада Беларускай асацыяцыі журналістаў, якая абмеркавала сытуацыю з журналістамі і незалежнымі СМІ.

Паводле інфармацыі прэс-службы БАЖ, пасьля падзеяў 19 сьнежня былі затрыманыя каля трох дзясяткаў журналістаў і сябраў асацыяцыі. Фізычна пацярпеў 21 чалавек. 10 сябраў БАЖ адседзелі па 10–15 сутак. Дагэтуль у СІЗА КДБ знаходзяцца 6 сябраў Беларускай асацыяцыі журналістаў, якія абвінавачваюцца ў крымінальнай справе: Зьміцер Бандарэнка, Сяргей Вазьняк, Павал Севярынец, Натальля Радзіна, Ірына Халіп, Аляксандар Фядута. Ну, а падлічыць, колькі журналістаў у сталіцы і рэгіёнах атрымалі позвы на допыты ў міліцыю і КДБ, наагул цяжка.

Сёньня ў сталіцы сабралася Рада Беларускай асацыяцыі журналістаў. На паседжаньні Рады старшыня БАЖ Жанна Літвіна распавяла:

«Асноўнае і першае пытаньне — ацэнка сёньняшняй сытуацыі і спроба прааналізаваць, скаардынаваць далейшыя крокі ў адстойваньні сваіх прафэсійных правоў. Канечне, сярод патрабаваньняў — на першым месцы патрабаваньне вызваленьня сябраў БАЖу, якім ужо выстаўлены абвінавачваньні па крымінальнай справе, як дапамагчы сем’ям. А таксама — што можам зрабіць для выданьняў, у якіх вынятая ўся аргтэхніка, каб не спыніць выхад выданьня. Ну, і сёньня на Радзе таксама была агучана пра тое, што Міжнародная фэдэрацыя журналістаў распачынае агульнаэўрапейскую кампанію салідарнасьці».

Дайнюс Радзявічус
Салідарнасьць і падтрымку зь беларускімі журналістамі выказваюць і замежныя калегі. Літва з 1 студзеня старшынюе ў АБСЭ. Старшыня Саюзу журналістаў Літвы Дайнюс Радзявічус у зьвязку з гэтым адзначыў:

«Гэта, вядома, ня толькі праблема калегаў зь Беларусі, ня толькі праблема Літвы. Адзін з прыярытэтаў, што было ўжо публічна абвешчана ў межах АБСЭ і Эўразьвязу, — інтарэсы журналістаў, бясьпека журналістаў, ахова журналістаў, свабода СМІ. Вядома, тое, што зараз беларускія ўлады так ціснуць на журналістаў, — выклік надзвычай вялікі і для нашай дзяржавы, і, вядома, для АБСЭ. АБСЭ абавязваецца зрабіць канкрэтныя захады, каб гэтыя праблемы хоць як-небудзь вырашаліся. І павінны быць ня проста размовы і асуджэньні, а канкрэтныя дзеяньні».

Сёньня на паседжаньні Рады БАЖ Жанна Літвіна заўважыла, што такі ціск на журналістаў з боку ўладаў — адзнака іх прафэсійнай працы падчас падзеяў 19 сьнежня і пасьля іх. Журналісты адпрацавалі так, што зараз ім помсьцяць за гэта:

«Самае галоўнае — у любых абставінах трымацца разам. Самае галоўнае — у кожнага чалавека павінна быць упэўненасьць, што мы робім сваю прафэсійную справу. За нас яе ніхто ня зробіць. Нават пад гэтым ціскам усё адно людзям, грамадзтву патрэбна інфармацыя — праўдзівая, нецэнзураваная, тым больш на сёньняшні дзень. Мне падаецца, што цана вось гэтай сумленнай інфармацыі, кошт яе проста ўзрастае».

Кіраўнічы орган БАЖ ухваліў праект заявы, у якой запатрабаваў тэрмінова вызваліць сябраў арганізацыі, якія знаходзяцца пад вартай; спыніць перасьлед журналістаў; вярнуць абсталяваньне і носьбіты інфармацыі, забраныя падчас ператрусаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG