Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі сэнатар заклікаў Лукашэнку спыніць крызіс у Беларусі


Рычард Дурбін

Рычард Дурбін

Сэнатар Рычард Дурбін, які сёньня знаходзіцца афіцыйным візытам у Беларусі, сустрэўся зь сем’ямі палітвязьняў, прадстаўнікамі СМІ і міністрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым.

На выніковай прэсавай канфэрэнцыі сэнатар выказаў спадзеў, што Аляксандар Лукашэнка сам спыніць крызіс, які існуе ў Беларусі, — вызваліўшы ўсіх палітычных зьняволеных і забясьпечыўшы юрыдычную працэдуру і ўсе дэмакратычныя стандарты ў дзяржаве. Тым ня меней ён зазначыў, што па вяртаньні ў Вашынгтон ён будзе размаўляць у Дзярждэпартамэнце і ў Белым доме пра тое, якія канкрэтныя санкцыі неабходна будзе ўжыць да беларускага кіраўніцтва ў сувязі з падзеямі 19 сьнежня, а таксама з тымі, якія за імі адбыліся.

Мэтай свайго візыту Рычард Дурбін назваў жаданьне даць ясна зразумець народу Беларусі, што за акіянам вельмі ўважліва адсочваюць падзеі, якія адбываюцца ў Рэспубліцы Беларусь: «Дзеяньні беларускіх уладаў, якія арыштавалі больш за 600 апазыцыйных актывістаў, а таксама тое, што пяць кандыдатаў у прэзыдэнты былі арыштаваныя, а яшчэ два кандыдаты застаюцца ў статусе падазраваных па крымінальнай справе, ствараюць няведамы ва ўсясьветнай палітыцы прэцэдэнт», — заявіў амэрыканскі сэнатар.

Расказваючы пра сваю размову зь міністрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым, ён сказаў, што іх погляды былі зусім розныя. У прыватнасьці, Мартынаў выказаў задавальненьне тым, як прайшлі выбары ў Беларусі, а сэнатар, у сваю чаргу, спытаўся — колькі чалавек вырашаць узяць удзел у наступных прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі, калі ў выніку цяперашняй кампаніі большасьць кандыдатаў апынулася ў турме? Адказу не было.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG