Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сьвятлана Лябедзька: Улады ўжываюць псыхалягічнае катаваньне


За два тыдні новага году кіраўніцтва КДБ так і не знайшло магчымасьці даць адвакатам абвінавачаных «у арганізацыі масавых беспарадкаў» сустрэцца са сваімі падабароннымі. Пры гэтым у апэратыўнікаў хапае часу на маштабныя ператрусы ў офісах і на кватэрах арыштаваных. Да некаторых «кадэбісты» прыходзяць з вобыскам ужо другі раз.

Пакуль адвакаты бязвынікова сядзяць у чарзе, спадзеючыся на сустрэчу з затрыманымі палітыкамі, журналістамі, грамадзкімі дзеячамі, сваякі абвінавачаных не пасьпяваюць прымаць няпрошаных гасьцей. Сёньня з чарговым ператрусам спэцслужбы наведаліся на кватэру Ўладзімера Някляева. Дагэтуль «трэсьлі» жыльлё Аляксея Міхалевіча, Андрэя Саньнікава і Ірыны Халіп. Што можна шукаць пасьля таго, як усё і так ужо перавернута зь верху да нізу — родныя арыштаваных могуць толькі здагадвацца.

Як лічыць Вольга Някляева, сёньняшні візыт ніякай акрэсьленай мэты ня меў, кадэбісты проста сарвалі ёй заплянаваную сустрэчу з амэрыканскім сэнатарам Рычардам Дурбінам, які знаходзіцца ў Менску. А гэта значыць, што яе тэлефоны па-ранейшаму праслухоўваюцца:

«У мяне сёньня павінна была адбыцца важная сустрэча, і яны такім чынам мяне нэўтралізавалі. Я якраз выходзіла з пад’езду, і яны падышлі. Такім чынам проста перашкодзілі гэтай сустрэчы. А што да ператрусу, то яны ведалі, што тут няма чаго браць».

Карэспандэнт: «Пацьвярджэньне таму, што праслухоўваньне працягваецца?»

«Так, працягваецца. Я ім так і сказала: гэта значыць, што праслухоўваецца мой тэлефон. Таму што ўсе дамоўленасьці вяліся праз тэлефон… Дарэчы, на маю першую скаргу, што я падавала ў пракуратуру яшчэ 20 сьнежня, прыйшоў адказ: ідзе дасьледаваньне ў ГУУС Менгарвыканкаму, справа аб зьбіцьці Някляева туды перададзеная. А саму справу вядзе КДБ. Я ўжо, шчыра кажучы, ня ведаю, хто чым займаецца, бо гэта ж адна і тая ж справа!».

Ад канца мінулага году ў бальшыні сем’яў нічога ня ведаюць пра фізычны і маральны стан сваіх блізкіх, якія ўтрымліваюцца ў сьледчым ізалятары КДБ. Сьвятлана Лябедзька, жонка старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, перакананая: улады ўзялі на ўзбраеньне палітыку псыхалягічнага катаваньня як арыштаваных, так і іхніх блізкіх:

А калі не дапускаюць адвакатаў, лягічна ўявіць, што нашы сваякі знаходзяцца пад пэўным ціскам, і, думаю, немалым.
«Абсалютна ніякіх навінаў. Абаронцаў не пускаюць. З 29 сьнежня, калі адвакатка яго бачыла падчас прад’яўленьня абвінавачаньня, у нас ніякіх зьвестак. А калі не дапускаюць адвакатаў, лягічна ўявіць, што нашы сваякі знаходзяцца пад пэўным ціскам, і, думаю, немалым. Бо ў такім выпадку і нашы родныя нічога ня ведаюць пра нас, пра блізкіх, што адбываецца з намі. Таму гэта, вядома, можа быць не фізычнае, але псыхалягічнае катаваньне — гэта безумоўна. Мала таго, што ніякіх зьвестак не даюць, дык яшчэ рэзка абмежавалі сьпіс прадуктаў, якія ў прынцыпе можна перадаваць. Пэўна, лічаць, што там у іх амаль як санаторый. Цяпер ня маем магчымасьці нават пачак печыва перадаць. Мы, прыкладам, калі перадавалі, у нас не ўзялі печыва, сказалі — альбо сухары, альбо сушкі. Печыва нельга, цукеркі нельга. Увогуле абсурдныя рэчы…».

У Анатоля Лябедзькі, як і ў бальшыні іншых затрыманых, гэта самы працяглы тэрмін зьняволеньня. Раней былі максымум 15-суткавыя адседкі, цяпер поўная ізаляцыя набліжаецца да месяца. Увогуле ж абвінавачаньне ў «масавых беспарадках» цягне на тэрмін пазбаўленьня волі ад 5 да 15 гадоў.

Між тым убачыцца з падабароннымі ўсё ж магчыма — калі такую ініцыятыву выяўляюць сьледчыя КДБ. Ларысу Атаманчук, адвакатку Сяргея Вазьняка — даверанай асобы Ўладзімера Някляева — саму выклікалі ў СІЗА КДБ:

«Я не сама яго хадзіла наведваць, а было сьледчае дзеяньне, таму заадно атрымалася і пабачыцца. Па абставінах справы нічога сказаць не магу, але што тычыцца асабіста яго, то, дзякуй Богу, са здароўем усё нармальна, з маральна-псыхалягічным станам таксама ўсё ў парадку…»

Карэспандэнт: «То бок, вас выклікалі. У цяперашніх умовах, падаецца, гэта адзіны шанец туды трапіць?».

«Асабіста мне самой, з уласнай ініцыятывы, пакуль не ўдалося яго наведаць. Буду спрабаваць сама яго наведваць на наступным тыдні, прынамсі, паспрабую. Вядома, хочацца ж пакантактаваць сам-насам…»

Ад мінулага году з засьценкаў КДБ не паступае ніякай інфармацыі пра стан былых кандыдатаў у прэзыдэнты Андрэя Саньнікава і Міколы Статкевіча. Вядома, што Статкевіч ад 20 сьнежня трымае галадоўку, патрабуючы новых прэзыдэнцкіх выбараў, але спраўдзіць ягоны фізычны стан не выпадае — адваката да падабароннага не дапускаюць. Пры гэтым паплечнікі палітыка непакояцца за ягоны стан здароўя — на іх думку, Статкевіч пры сваёй прынцыповай пазыцыі пойдзе да «пераможнага канца». Іншая справа, хто ў гэтым няроўным супрацьстаяньні насамрэч пераможа…

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG