Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва не блякуе прапановаў Эўразьвязу зноў увесьці візавыя санкцыі ў дачыненьні да прадстаўнікоў беларускіх уладаў, заявіў у пятніцу Лінас Бальсіс, прэсавы сакратар прэзыдэнта Далі Грыбаўскайце.

«Літва не блякуе санкцыі ў дачыненьні да Беларусі. На абмеркаваньні ў Эўразьвязе Літва трымаецца той пазыцыі, што візавыя абмежаваньні меліся б датычыць мэтавай групы прадстаўнікоў Беларусі, але ня ўсіх грамадзянаў краіны», - сказаў Л. Бальсіс у інтэрвію агенцтву BNS.

На ягоную думку, Літва прытрымліваецца меркаваньня, што ўсіх грамадзянаў Беларусі ізаляваць нельга, таму яна прапануе Эўразьвязу спрасьціць візавы рэжым.

«Санкцыі не павінны закрануць усіх грамадзянаў Беларусі.

Прэзыдэнт прытрымліваецца меркаваньня, што Літва мусіць не ізаляваць Беларусь і з гэтай мэты накіравала ліст прэзыдэнту Рады кіраўнікоў Эўразьвэзу Герману Ван Ромпэю і прэзыдэнту Эўракамісіі Жузэ Мануэлу Барозу, заклікаючы аблегчыць візавы рэжым для грамадзянаў Беларусі, каб яны маглі набываць візы таньней і свабадней, каб лягчэй і на лепшых умовах уяжджаць у Шэнгенскую прастору», - сказаў прадстаўнік прэзыдэнта Літвы.

Апошнім часам некаторыя сродкі масавай інфармацыі, абапіраючыся на ананімныя крыніцы, паведамлялі, што на перамовах унутры Эўразьвязу Літва, Латвія і Італія нібыта блякуюць санкцыі ў дачыненьні да Беларусі. Пра гэта ў інтэрвію агенцтву BNS сказаў і рэдактар брытанскага тыднёвіка The Economist Эдвард Лукас.

Адзін зь літоўскіх урадоўцаў назваў такія паведамленьні «заведама хлусьлівымі заявамі» і спробамі дыскрэдытаваць Літву.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG