Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі гісторык: Эўразьвязу трэба ўплываць на грамадзкую сьвядомасьць у Беларусі


Ян Шумскі
Ян Шумскі

Польская газэта Nasz Dziennik сёньня зьмясьціла інтэрвію з гісторыкам Янам Шумскім з Польскай акадэміі навук пра пасьлявыбарчую сытуацыю ў Беларусі. Прапануем вашай увазе некалькі фрагмэнтаў
гэтага інтэрвію.

Nasz Dziennik: Чаму Лукашэнка ўжыў рэпрэсіі ў сытуацыі, калі палепшыліся ягоныя адносіны з Эўразьвязам, калі заходнія аналітыкі нават прагназавалі, што ён выйграў бы без падтасовак?

Шумскі: (...) Беларускія ўлады вядуць хітрую прапаганду ў грамадзтве, карыстаючыся тым, што акрамя расейскіх каналаў яно практычна ня мае доступу да ніякіх іншых радыё- і тэлеканалаў. Выняткам да пэўнай меры зьяўляецца тэлевізія Белсат, фінансаваная ў вялікай ступені з польскага бюджэту, якую магчыма прымаць са спадарожнікаў Сырыюс і Астра. Нягледзячы на тое, што Беларусь зьяўляецца другой пасьля Расеі краінай па колькасьці карыстальнікаў інтэрнэтам (каля 30 адсоткаў), беларускія інтэрнаўты ў вялікай меры зьяўляюцца апалітычнымі. Паводле апытаньняў незалежных асяродкаў, інтэрнэт выкарыстоўваюць дзеля абмену карэспандэнцыяй, а найбольшую папулярнасьць маюць сацыяльныя сеткі (тыпу "Аднаклясьнікі"). Дзякуючы гэтаму ўладам удаецца падаваць апазыцыю як антысыстэмную сілу. Урадавая прапаганда прамывае мазгі людзям, кажучы, што ўлады даюць ім "стабільнасьць". Пераконвае, што на Беларусі няма ніякіх вялікіх узрушэньняў, што нават сусьветны эканамічны крызыс амаль не зачапіў гэтую краіну, а апазыцыя спрабуе разбурыць гэты парадак.

Nasz Dziennik: На вашу думку, ці папулярнасьць апазыцыі была настолькі вялікая, што Лукашэнка насамрэч мог прайграць выбары?

Шумскі: Ня думаю. Перасвараная і слабая беларуская апазыцыя не змагла выставіць адзінага кандыдата. Сярод зарэгістраваных кандыдатаў у прэзыдэнты былі зусім выпадковыя асобы, а ідэя нейкай палітычнай альтэрнатывы была чарговы раз дыскрэдытаваная. Мне здаецца, што мэта ў рэпрэсіяў іншая. Я думаю, што Лукашэнка хоча застрашыць новых патэнцыяльных апанэнтаў і паказаць ім, што гульня ў дэмакратыю скончылася. Я ня думаю, што беларускі валадар баіцца страціць уладу. Зрэшты, каб адпаведна ацаніць велічыню сапраўднай падтрымкі для яго, трэба было б паслухаць меркаваньне другога боку, гэта значыць, прыхільнікаў Лукашэнкі, каб зразумець, чаму людзі галасуюць за яго.

Nasz Dziennik: Ці вы маеце сваю тэорыю на гэты конт?

Шумскі: Нельга адказаць адным сказам на гэтае пытаньне. На маю думку, людзі галасуюць за Лукашэнку зь некалькіх прычынаў. Першая зь іх – гэтак званая палітыка сацыяльнай роўнасьці. Яе стрыжнем зьяўляецца забесьпячэньне сацыяльнага мінімуму для вялікай групы грамадзтва. Далей – даступнасьць танных ясьляў і дзіцячых садкоў ды бясплатная мэдычная апека. Да таго, танная сыравіна з Расеі дазваляе трымаць параўнальна нізкія жыльлёва-камунальныя аплаты – за электрычнасьць, газ і ацяпленьне. Другім элемэнтам зьяўляецца велізарная фінансавая падтрымка з Расеі. Выкарыстоўваючы яе – праз мэханізм танных крэдытаў – улады далі магчымасьць маладым набываць кватэры, будаваць дамы або купляць аўтамашыны. Нельга не заўважыць, што ў параўнаньні зь сярэдзінай 1990-х, матэрыяльнае становішча беларускага грамадзтва крыху паправілася. Адрэмантаваныя вуліцы і дамы, чысьціня, парадак – гэта некаторыя з бачных праяваў кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі. Спалучэньне гэтых элемэнтаў дае жыхарам Беларусі ілюзорнае пачуцьцё стабільнасьці і дабрабыту.

Nasz Dziennik: Як тады Эўразьвяз можа ціснуць на беларускі рэжым?

Шумскі: У Эўразьвязу ёсьць некаторыя абмежаваныя мэханізмы, напрыклад, увядзеньне забароны на гандаль з паасобнымі беларускімі прадпрыемствамі, якія прадукуюць на эўрапейскі рынак. Але найбольшы ўплыў на беларускую палітыку Эўразьвяз можа мець праз працэс эвалюцыі сьвядомасьці беларускага грамадзтва. Я лічу, што эфэктыўным элемэнтам гэтай эвалюцыі была б адмена візаў або, у першую чаргу, адмена аплаты за візы, якая дазволіла б грамадзянам Беларусі свабодна езьдзіць у краіны Эўразьвязу. Я нагадаю, што, нягледзячы на гучныя заявы аб падтрымцы дэмакратыі ў Беларусі, сярэднестатыстычны беларус (я не кажу пра апазыцыйных дзеячоў) мае перад сабою высокі эўрапейскі мур, бо кошт візы (вышэйшы для беларусаў, ніжэйшы для грамадзянаў Расеі) ды патрабаваньні, якія ставяцца пры яе выдачы, не дазваляюць яму езьдзіць у краіны Эўразьвязу.

***

Nasz Dziennik – штодзённая газэта каталіцкага профілю ў Польшчы. Зьяўляецца часткай мэдыя-імпэрыі айца Тадэвуша Рыдзыка, заснавальніка і ўласьніка каталіцкага Radio Maryja.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG