Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Амэрыканскі сэнатар Рычард Дурбін, які знаходзіцца ў Менску, сустрэўся са сваякамі вязьняў СІЗА КДБ, падазраваных у арганізацыі масавых беспарадкаў 19 сьнежня.

У сустрэчы бралі ўдзел жонка экс-кандыдата Алеся Міхалевіча Мілана, маці экс-кандыдата Андрэя Саньнікава, маці журналісткі Ірыны Халіп і жонка старшыні АГП Анатоля Лябедзькі.

Сустрэча праходзіла ў амбасадзе ЗША ў Менску.

Паводле Міланы Міхалевіч, сваякі перадалі зварот, які раней быў распаўсюджаны ад імя сваякоў арыштаваных, і распавялі пра сытуацыю.

Перад сустрэчай з сэнатарам да жонкі экс-кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева ў кватэру прыйшлі супрацоўнікі КДБ для правядзеньня ператрусу, з-за чаго Вольга Някляева на сустрэчу ня трапіла.

Да прыезду ў Беларусь Рычард Дурбін знаходзіўся зь візытам у Літве.

Сэнатар Рычард Дурбін – вядомы амэрыканскі палітык, член Дэмакратычнай партыі ЗША, кіраўнік дэмакратычнай большасьці ў Сэнаце – верхняй палаце амэрыканскага парлямэнту. Абраны ад штату Ілінойс. Нязьменна прадстаўляе штат ад 1985 году. Нарадзіўся ў 1944 годзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG