Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыктатура самапаўтараецца на ўсіх узроўнях



Сем гадоў таму, падчас майго першага нявольнага наведваньня падвалу Ленінскага РАУС, міліцыянты і затрыманыя ўяўлялі сабой дзьве настолькі адрозныя адна ад адной і пры гэтым аднастайныя ўнутры сябе групы, што казаць пра нас «мы - адзін народ» ніяк не выпадала. Апатэозам гэтай адрознасьці стаў эпізод, калі затрыманыя разам падняліся і пачалі сьпяваць гімн «Магутны Божа». У расстрэльным падвале, зь мішэнямі ў выглядзе чалавека і схемамі аўтаматаў Калашнікава на абшарпаных сьценах. Сьпявалі ўтрапёна, нібы перад сьмяротным пакараньнем. Гэта было крута, але, азіраючыся назад, я разумею, што прысутным міліцыянтам мы здаваліся незразумелымі лунацікамі, чыя інакшасьць выклікае трывогу і дыскамфорт. Яны маглі запаважаць нас, дапусьцім, за адданасьць сваёй ідэі, згуртаванасьць і вакальныя дадзеныя. Ці наадварот, зьненавідзець, як зьненавідзеў «пеюноў» з дамкаму прафэсар Прэабражэнскі. Усё што заўгодна, толькі не прызнаць нас за сабе падобных. Паміж намі ляжала непераадольная прорва.

Адзінае, што адрозьнівала нас цяпер, напрыканцы 2010 года, гэта форма адзеньня і прававы статус, карацей, сытуатыўная сацыяльная роля. У разнамаснай кампаніі затрыманых не было песьні, якую яны маглі б грымнуць разам, а міліцыянты не глядзелі на сваіх закладнікаў як на ворагаў народу, ці экзатычных жывёлаў у заапарку. Хіба што намесьнік начальніка Ленінскага РАУС спрабаваў удаваць зь сябе «ідэйнага», буркаючы якое-небудзь глупства кшталту «ганьбіце тут мне краіну!», ці «лепей бы вы адсюль усе зьехалі!». Мажліва, гэта ён і сядзеў на тым самым месцы сем гадоў таму і казаў штосьці падобнае. Ня тое, каб ён тады меў на гэта права, але ў той час ягоныя словы тычыліся б адасобленай і вельмі вузкай сацыяльнай групы. Крыху шырэйшай, чым супольнасьць крышнаітаў, і ня менш дзіўнай у вачах большасьці, ад імя якой дзейнічалі і выказваліся міліцыянты. Напрыканцы 2010 года прэтэнзіі намесьніка начальніка Ленінскага РАУС на тое, каб па-ранейшаму прадстаўляць «народ», гучалі абсурдна: перад ім сядзелі грамадзяне з розных куткоў Беларусі, рознага полу, ўзросту, веравызнаньня і роду заняткаў - ад навукоўца да сьлесара, ад гуманітарыя да тэхнара, ад люмпэна да бізнэсоўцы. Пасьля масавага ад'езду такога кантынгенту ў краіне засталіся б адныя чыноўнікі ды міліцыянты.

Калі гэта не народ, хто тады народ?

Гэтак я і адказаў амонаўцу, які, даведаўшыся пра род маёй дзейнасьці, запытаўся, што я потым напішу - ці народ выйшаў на плошчу: а хто ж яшчэ?

Ён прытрымліваўся іншага меркаваньня. Раней ідэалягічна ўзбуджаныя міліцыянты, каб адсекчы «палітычных» ад народу, спасылаліся на якасныя характарыстыкі. Гаворачы, напрыклад, што «народ» - гэтыя тыя, хто працуе на заводах і фабрыках, пражываючы пераважна ў правінцыі («сталічныя шалеюць з раскошы»). Цяпер жа ў іх застаўся толькі адзін аргумэнт - колькасны.

«Ды які народ, калі на плошчы і аднаго адсотка народу не было?!» - эмацыйна парыраваў амонавец. А вы яшчэ пытаецеся, дзеля чаго выходзіць на вуліцы. Яны вераць толькі таму, што бачаць на ўласныя вочы. Ня бачачы вас, яны лічаць, што вас не існуе.

Тым часам пражываньне ў правінцыі раптоўна зрабілася фактарам, які ставіць пад сумнеў вартасьць выражэньня палітычнай нязгоды. «Ну ты хоць зь Менску?» - запытаўся ў мяне амонавец. І, крывячы вусны, дадаў: «Бо да цябе ўсе былі з рэгіёнаў». Далібог, слова «рэгіёны» было вымаўленае так, як звычайна вымаўляюць «замкадзьдзе» некаторыя фанабэрыстыя масквічы, для якіх тэрыторыя за межамі Садовага кальца - гэта землі барбараў, тундра. Прыкра, што і ў Беларусі пачынае вымалёўвацца супрацьстаяньне сталіцы і правінцыі паводле расейскай мадэлі. Прыемна, што гэта ўскосна пацьвярджае выказаную калісьці мной тэзу, заснаваную на дасьледаваньні Агенцтва палітычнай экспэртызы BISS і Віталя Сіліцкага, што «Лукашэнка перастаў быць народным прэзыдэнтам». У тым сэнсе, у якім ён быў ім напрыканцы дваццатага - пачатку дваццаць першага стагодзьдзя.

Тым ня менш, апірышчам рэжыму па-ранейшаму застаюцца «простыя людзі». Толькі гэта «новыя простыя». Ад традыцыйных «простых» іх адрозьнівае тое, што ў іх «усё ў шакалядзе», яны сучасныя, прафэсійныя, яны выкшталцоныя спажыўцы і г.д. Простай зьяўляецца арганізацыя іхнага мозгу, прынамсі той яго часткі, якая адказвае за грамадзянскую сьвядомасьць, яна знаходзіцца ў зародкавым стане. І ў цэлым ім ўласьцівая душэўная прастата.

У Ленінскім РАУС быў адзін такі «новы просты» сярод затрыманых. Малады, добра ўладкаваны ў жыцьці гараджанін, ахайненькі, модненькі. Яго зусім не абурала тое, што адбылося. Наадварот, ён выказваў удзячнасьць за тое, што «Аляксандр Рыгоравіч здушыў беспарадкі, ачысьціў горад ад хуліганаў». Хлопца толькі крыху зьдзіўляла, прычым тут ён сам, чалавек, якога «ўсё задавальняе». Акурат як таго Саўку: «Вы, рабяты, прысматрыцесь харашэнька! Я такой жа, как і вы - за Лукашэнку». Але, у адрозьненьне ад Саўкі, ён зусім не журыўся. Карыстаючыся момантам, хлопец з нагоды і без рэклямаваў свой камэрцыйны сайт. Які так і называўся - prostoi.сom Дарэчы, рэкляма аказалася надзвычай эфэктыўнай: калі нас, ня менш за сотню дзесяцісутачнікаў, пераводзячы за дзень да вызваленьня з другога паверху на першы, сабралі ўсіх у душавой і я пабачыў знаёмыя твары зь Ленінскага РАУС, усе з усьмешкай згадвалі prostogo.

Яго самога, між тым, сярод нас не было. Прастому, верагодна, ўляпілі ўсе пятнаццаць. Спадзяюся, за гэты час ягоная грамадзянская сьвядомасьць пайшла ў рост.

Што тычыць традыцыйных «простых», яны ўжо не ў такой пашане, як калісьці. Давялося пабачыць ў блогасфэры закід з боку нейкага дзяржпрапагандыста на адрас пратэстоўцаў, што яны «лузэры». Сацыяльныя няўдачнікі, ніжэйшае зьвяно ў кармавым ланцугу. І менавіта таму заслугоўваюць пагарды. Бо ня здолелі ўладкавацца зручна і сытна настолькі, каб не трывожыцца пра тое, што адбываецца навокал.

Хаця амонаўца мне ўдалося прысарамаціць памерам ягонага заробку, які амаль у чатыры разы перавышае заробак, напрыклад, барысаўскага выязнога фэльчара:


Ноў проблем, калі б ён сапраўды рызыкаваў сваім жыцьцём дзеля спакою грамадзянаў. Але, падобна, ім не даводзіцца гэтага рабіць. Іначай не зразумець, чаму той амонавец раптам узяў свае выхвальныя словы пра «дзьвесьце тышшаў адных падаткаў у месяц» назад, пачаўшы сьцьвярджаць, што атрымлівае толькі крыху болей за мільён, і наогул, грошы для яго не галоўнае, проста ён «патрыёт сваёй краіны». Які жадае «ачысьціць яе ад бандытаў».

Дарэчы, наконт бандытаў. Гэта я ў амонаўца пытаюся, у аўтобусе. Што наконт тых бандытаў, якія зьбілі кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева, дзе яны? «Яны тут», - адказвае. Дзе «тут», у гэтым аўтобусе? Маўчаньне. Мо вы яго і зьбівалі? Няўцямнае сапеньне.

А павінен быў адказаць: «Так трэба было Радзіме!». Не, і цяпер гэтага ня кажуць. Блытаюцца ў паказаньнях - на сёньняшні дзень ў беларускім інфармацыйным полі існуе ажно тры супярэчлівыя вэрсіі зьбіцьця Някляева. Усе яны спароджаныя «гасударавымі людзьмі», і толькі паводле адной зь іх, ужо здадзенай у архіў, ён быў нібыта законна спынены на сваім небясьпечным шляху спэцслужбамі. Гэта ня можа ня цешыць: кароткія ў іх пяты, каб усталяваць непрыкрытую дыктатуру. Мо і хацелася б, але, па-першае, замінае знаходжаньне краіны ў асьветленым месцы, а не ў якім-небудзь цёмным завулку, па-другое, ідэйнай базы няма. У імя чаго? Толькі таго, каб адна вядомая асоба магла кіраваць вечна і перадаць уладу ў спадчыну? Сьмеху варта.

Каб узьняць настрой сабе ды іншым затрыманым, я зладзіў у падвале Ленінскага РАУС імправізаваныя выбары. Не прэзыдэнцкія, а на месца за сталом, якое займаў змрочны намесьнік начальніка. Каб заадно давесьці яму, што людзі ня стануць сьвядома абіраць беззаконную дыктатуру. (Вядома, я крыху хітраваў з аналёгіяй, бо «дыктатура» намесьніка начальніка Ленінскага РАУС уяўляла сабой голую рэпрэсіўнасьць, без усялякіх «плюшак».) І што аказалася? Так і аказалася - за ўзурпатара ніхто не прагаласаваў. Я ж, паабяцаўшы, што пасьля перамогі адпушчу ўсіх на свабоду, паводле падліку незалежнага назіральніка, атрымаў каля 5% галасоў усіх прысутных. На жаль, астатнія 95% баязьліва ўстрымаліся ад удзелу ў выбарах. Ці рацыянальна прыкінулі, што «ніякага толку ўсё роўна ня будзе». Чым пазбавілі сябе магчымасьці троху пазабавіцца, разам з тым паказытаўшы нэрвы дыктатарскай уладзе ў асобна ўзятым міліцэйскім падвале.

А я за свой пачын атрымаў арышт. (Сам бачыў, як той намесьнік начальніка Ленінскага РАУС клапаціўся аб тым, каб я, крый божа, не абышоўся штрафам.) Што ўверсе, тое і ўнізе. Дыктатура, яна як у фрактале - самапаўтараецца на ўсіх узроўнях.

Пачатак:

Палёт над зязюліным гняздом па-беларуску
Праспэкт-2010
«Хапун»: бязьлітасны і бессэнсоўны
«Патрэбныя любыя непаўналетнія хлопчыкі»

Працяг будзе
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG