Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У беларускай амбасадзе ЗША не прынялі хлеб для вязьняў


Пікет ля беларускай амбасады

Пікет ля беларускай амбасады

Прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Вашынгтоне прыйшлі да будынку амбасады Беларусі, каб прадэманстраваць салідарнасьць з дэмакратычным рухам і патрабаваць вызваленьня палітычных вязьняў. Тыдзень таму амэрыканскія беларусы разам з праваабаронцамі сустракаліся зь Дзяржсакратаром ЗША Хілары Клінтан. Удзельніцай і той сустрэчы, і сёньняшняй акцыі ля амбасады была Сябра кіраўніцтва Вашынгтонскага аддзелу беларуска-амэраканаскага задзіночаньня БАЗА Алеся Сёмуха.



Сёмуха: Вашынгтонскія беларусы прыйшлі сёньня да будынка беларускай амбасады, каб патрабаваць вызваленьня ўсіх палітычных вязьняў і спыненьня рэпрэсій. Наша мэта была ня толькі выказаць пратэст, але і прыцягнуць увагу мэдыяў да брутальных падзеяў, справакаваных рэжымам Лукашэнкі. Мы перадалі сымбалічны хлеб зь пісьмовымі патрабаваньнямі прадстаўніку амбасады сп.Клімашевічу. Ён запрасіў нас у будынак амбасады.

Упаўнаважаны амбасады сп. Краўчанка адмовіўся з намі сустрэцца, спаслаўшыся на занятасьць. Сп.Клімашевіч прыняў наш ліст з патрабаваньнямі, але хлеб узяць адмовіўся, сказаўшы, што перадаць яго вязьням ня зможа. У нашай кароткай гаворцы, ён рабіў ціск на дыялёг улады з грамадзтвам, а таксама заклікаў беларусаў Вашынгтону браць удзел у акцыях амбасады, і наадварот – каб мы запрашалі прадстаўнікоў амбасады на нашы імпрэзы. Наша пазыцыя была вельмі сьцісла і дакладна выказана у лісьце і на словах: дыялёгу з турэмшчыкамі быць ня можа. Аніякага супрацоўніцтва паміж амбасадай, якая прадстаўляе нелегітымную ўладу, і беларускай дыяспарай быць ня можа.

Радкевіч: Удакладню, у чым сымбалічны сэнс гэтага хлеба? Гэта своеасаблівы дадатак да той турэмнай пайкі, якая зараз належыцца тым вязьням, якія сядзяць у турмах?

Сёмуха:
Менавіта. І мы спадзяемся, што такая акцыя пройдзе таксама ў іншых краінах.

Радкевіч: Наколькі палітыка цяперашняй адміністрацыі Белага Дому адрозьніваецца ад папярэдняй? Нагадаю, што пры Бушы быў прыняты Акт аб дэмакратыі ў Беларусі, уведзеныя санкцыі супраць Белнафтахіму. Наколькі сытуацыяй у Беларусі зацікаўленая цяперашняя адміністрацыя?

Сёмуха: Нагадаю, што Акт аб Дэмакратыі быў прыняты Кангрэсам ЗША фактычна аднагалосна, без падзелу па партыйнай лініі. Што да цяперашняй адміністрацыі, яе палітычная рыторыка трохі адрозьніваецца: большы націск робіцца на дыпляматыю і канструктыўныя ўзаемаадносіны. Але палітычная практыка падобная да тае, што была і за Прэзыдэнтам Бушам. Бальшыня рашэньняў па Беларусі прымаецца на ўзроўні Дзярждэпартамэнту. Я не сумняваюся, што адміністрацыя Абамы будзе гэтак жа рашучая ў аднаўленьні, а нават і пашырэньні эканамічных санкцый супраць фінансавых інтарэсаў рэжыму. Амэрыка трактуе Беларусь як эўрапейскую краіну, а таму і стандарты да яе выстаўляюцца эўрапейскія.

Радкевіч: Ці закраналася тэма скансалідаванай амэрыканска-эўрапейскай пазыцыі ў часе сустрэчы беларускай дыяспары зь Дзяржсакратаром ЗША Хілары Клінтан?

Беларуская дыяспара сустракаецца з Хілары Клінтан 5 студзеня 2011 г.

Сёмуха:
Тэма каардынацыі з Эўропай закраналася. Дзярждэпартамэнт імкнецца мець скаардынаваную палітыку з Эўразьвязам і спадзяецца, што цяпер Эўропа падцягнецца да амэрыканскага падыходу ў дачыненьні да Беларусі. Амэрыканцы лічаць, што Эўропа мае болей магчымасьцяў ціску на рэжым. І таму гэтым разам яны спадзяюцца, што Эўропа гэты ціск ужыве, а Амэрыка падтрымае.

Радкевіч: ЗША ад 2006 году працягваюць візавыя абмежаваньні для беларускіх чыноўнікаў, застаюцца ў сіле і эканамічныя санкцыі да “Белнафтахіму”, хаця ад 2008 дзейнічае мараторый на іх. Якімі маглі б быць цяперашнія санкцыі ЗША і якіх санкцыяў патрабавала беларуская дыяспара пасьля падзеяў 19 сьнежня ў часу сустрэчаў у Белым Доме?
Алеся Сёмуха

Сёмуха: Мы прапаноўвалі ўжыць больш жорсткія эканамічныя санкцыі супраць фінансавых інтарэсаў Лукашэнкі і яго атачэньня. Мы прапанавалі пашырыць абмежаваньні на візы на сыноў Лукашэнкі, якія працуюць на рэжым, а таксама паніжэньня ўзроўню дыпляматычнага прадстаўніцтва Беларусі ў Эўропе. Увогуле, візавыя абмежаваньні мусяць быць паглыбленыя да тых, хто праводзіў і плянаваў карныя акцыі. І наадварот, для звычайных грамадзян умовы і кошт выезду за мяжу мусіць быць спрошчаны і таньнейшы. Мы таксама гаварылі пра больш шырокую падтрымку грамадзянскай супольнасьці і незалежнай прэсы, асабліва у рэгіёнах.

Радкевіч: Можна дапусьціць, што зараз павялічыцца плынь палітычных уцекачоў у ЗША. Якую беларускую дыяспару знойдуць яны за акіянам? Не сакрэт, што асяродак амэрыканскіх беларусаў расколаты.

Сёмуха:
У Вашынгтоне і многіх іншых месцах беларусы аб'яднаныя. Што да Нью-Ёрка і Нью-Джэрзі, дык падзеі ў Беларусі суцішылі баталіі, прынамсі, часова. Незалежна ад таго, як сябры розных аддзелаў БАЗА ставяцца да ўнутранай арганізацыі і кіраўніцтва, іхныя спадзяваньні і ідэалы адносна Беларусі аднолькавыя. І стаўленьне да рэжыму Лукашэнкі аднолькавае. Незалежна, да якога аддзелу новапрыбылыя далучацца, яны далучацца да беларусаў.
  • 16x9 Image

    Алена Радкевіч

    Журналістка. Працавала вядучай радыёстанцыі «Беларуская Маладзёжная», карэспандэнткай Бі-Бі-Сі, расейскай незалежнай прэсы, удзельнічала ў самвыдаце. З Радыё Свабода ад 1991.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG