Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З "Пінскдрэва" звальняюць нязгодных


Пінскдрэў 25 кастрычніка 2010

Пінскдрэў 25 кастрычніка 2010


На ЗАТ "Пінскдрэў" звальняюцца спэцыялісты. Тым, хто нязгодныя з загадам канцэрну "Беллесбумпрам" пра прызначэньне новага кіраўніцтва і зьняцьце назіральнага савету, прапанавана або звольніцца па асабістаму жаданьню, або ў аднабаковым парадку.

Цяпер былы генэральны дырэктар "Пінскдрэва" Лоран Арыніч знаходзіцца ў шпіталі. Камэнтаваць сваё звальненьне і сытуацыю на прадпрыемстве ён не пажадаў:

"Вы, журналісты, мяне і зьнішчылі. Тады столькі давалі нэгатыўнай інфармацыі, каб зьнялі Арыніча. Калі б не было гэтай пісаніны паўсюль і ўсюды, то магчыма і не было б такога становішча, што мяне выгналі, як сабаку, па артыкуле. Мой стан цяпер надзвычай прыгнечаны. Дадаліся хваробы дадатковыя, я ледзь жывы".

Дырэктара па кадрах "Пінскдрэва", які таксама ў шпіталі, дзе і Лоран Арыніч, кіраўніцтва прадпрыемства звальняе ў аднабаковым парадку. Прэсавы сакратар "Пінскдрэва" адпраўлены ў адпачынак. Некаторым мэнэджэрам і адміністратарам прапануецца напісаць заяву аб звальненьні, паведаміў Радыё Свабода супрацоўнік канцэрну, якому таксама новае кіраўніцтва прапанавала звольніцца:

"На заводзе з боку, як гэта цяпер лічыцца, новага кіраўніцтва, было сказана, што забараняецца даваць нейкія камэнтары для СМІ. Пасьля ж маіх намаганьняў прадставіць СМІ праўду пра падзеі на прадпрыемстве, мяне ўвогуле абавязалі напісаць заяву аб звальненьні па асабістаму жаданьню".

Мэнэджэр прадпрыемства не пагаджаецца з рашэньнямі, якія ўведзеныя ў адносінах да холдынгу:
Забараняецца даваць нейкія камэнтары для СМІ

"Збор акцыянэраў, якія арганізаваў канцэрн "Беллесбумпрам" – гэта зусім ня збор акцыянэраў, бо на самой справе акцыянэраў ў нас паўтары тысячы чалавек. На зборы ж прысутнічалі зацікаўленыя асобы ў колькасьці 15-20 чалавек. Таму гэта нельга назваць зборам акцыянэраў".

Многія дырэктары і адміністратары прадпрыемства адмаўляюцца ад камэнтароў. Дырэктар жа заводу ДВП, дзе 25 кастрычніка мінулага году адбыўся выбух, Леанід Логвін наагул параіў ня "ўлазіць у гэтыя справы".

Былы дэпутат пінскага гарсавету Яўген Шатохін кажа, што справы робяцца на прадпрыемстве літаральна “праз калена”:

"Яшчэ адным важным момантам зьяўляецца тое, што Арыніч, цяпер былы дырэктар "Пінскдрэва", зьяўляецца ганаровым жыхаром Пінску. Таму гэта толькі разагравае сытуацыю. Такога ў гісторыі яшчэ не было раней, каб ганаровага жыхара звальнялі".

Паводле Яўгена Шатохіна, жыхарам Пінску невядома, што на самой справе адбываецца на прадпрыемстве.
XS
SM
MD
LG