Лінкі ўнівэрсальнага доступу


14 студзеня ў Брусэлі адбудзецца першае пасяджэньне працоўнай групы па стварэньні канцэпцыі Эўранэсту. На ім зьбіраюцца разглядзець дакумэнты, ужо падрыхтаваныя Эўрапарлямэнтам, а таксама вызначыць, якія менавіта дакумэнты павінна распрацаваць група.


На сёньняшні дзень Эўранэст, альбо Парлямэнцкая асамблея 33-х краін, так і не працуе. Хаця ў сакавіку будзе ўжо год, як эўрапейскія палітыкі запусьцілі гэты праект. Стрымлівае яго Беларусь – яе прадстаўніцтва ў новай міжнароднай арганізацыі дагэтуль ня вызначанае.

Зь іншымі 32 дзяржавамі такой праблемы няма: кожная накіравала ў Эўранэст дэпутатаў са свайго нацыянальнага парлямэнту. А вось зь Беларусьсю складанасьці. У Эўранэст уваходзяць парлямэнтары з 27 краін Эўразьвязу, а Эўрапарлямэнт не прызнае легітымнасьць Нацыянальнага Сходу Беларусі.

На кампрамісны варыянт Брусэлю – падзяліць 10 крэслаў, па 5 паміж Нацыянальным сходам і грамадзянскай супольнасьцю – няма згоды афіцыйнага Менску. У Брусэль на сёньняшняе пасяджэньне першапачаткова зьбіраліся ад дэмакратычнай супольнасьці Сяргей Мацкевіч і Алесь Бяляцкі. Але іх паездка не адбылася.

Улад Вялічка
Нацыянальны каардынатар Форуму грамадзянскай супольнасьці праграмы "Ўсходняе партнэрства" Ўлад Вялічка кажа: сытуацыя ў Эўранэсце апошнім часам прынцыпова не зьмянілася:

"Уся сытуацыя, якая ўвайшла ў крызыс з-за сытуацыі зь беларускай дэлегацыяй, застаецца і да сёньняшняга дня. Адзінае, прынцыпова было прынята ў якасьці палітычнага рашэньня, што праблема зь беларускай дэлегацыяй не павінна замарозіць саму ідэю Эўранэсту. Таму, наколькі я разумею, эўрапейскія структуры шукаюць магчымасьць запусьціць Эўранэст безь Беларусі".

А як ставіцца да беларускай праблемы Вугоршчына – краіна, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе? Амбасадар у Беларусі Фэрэнц Контра кажа, што ў гэтым пытаньні ў Эўразьвязу няма адзінай думкі:

"І з-за гэтага буксуе праца Эўранэсту. Канечне, мы хацелі б, каб гэтая структура запрацавала. Аднак, прымусіць удзельнічаць у ёй мы ня можам. Я думаю, усе партнэры разумеюць – для ўдзелу ва "Ўсходнім партнэрстве", у тым ліку, і ў Эўранэсьце, ёсьць вызначаныя ўмовы. Каму яны падабаюцца – той будзе ўдзельнічаць, а каму не – можа, і ня будзе. Гэта ўсё пытаньне найбліжэйшых месяцаў, я думаю".

Фэрэнц Контра
Брутальныя паводзіны беларускіх уладаў выклікалі заявы некаторых эўрапейскіх палітыкаў аб выключэньні Беларусі з праграмы "Ўсходняе партнэрства". Улад Вялічка кажа: Нацыянальная плятформа форуму Грамадзянскай супольнасьці выказала сваё стаўленьне да гэтага:

"Канечне, адпаведныя санкцыі з боку Эўропы павінны быць. Найперш, гэта тычыцца замарожваньня наўпроставых стасункаў зь дзяржаўнымі структурамі. І ня толькі ў межах "Усходняга партнэрства". Гэта – у межах і ьтэхнічнай дапамогі, і прамежкавага пляну, які апошні год актыўна Эўропа абмяркоўвала з Беларусьсю.

Але трэба адзначыць, што "Ўсходняе партнэрства" было магчымасьцю ўваходу Беларусі ў Эўропу. І я думаю, што "Ўсходняе партнэрства" павінна застацца каналам уваходу беларускай грамадзянскай супольнасьці ў эўрапейскія працэсы".

Формула Эўранэсту – "27+6". Гэта азначае – у Парлямэнцкую Асамблею ўваходзяць прадстаўнікі 27 краін Эўразьвязу і яшчэ шасьці краін з праграмы "Ўсходняе партнэрства". У гэтай шасьцёрцы – Азэрбайджан, Армэнія, Беларусь, Грузія, Малдова ды Ўкраіна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG