Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Freedom House: Далей няма свабоды на постсавецкай прасторы



Амэрыканская няўрадавая арганізацыя "Freedom House" сёньня апублікавала штогадовы агляд стану палітычных і грамадзянскіх свабодаў у сьвеце — "Freedom in the World 2011". Беларусь, як і ў папярэднія гады, зноў залічаная да несвабодных краінаў.

Разам зь Беларусьсю ў катэгорыю несвабодных краінаў патрапілі Расея, Казахстан, Туркмэністан, Узбэкістан, Таджыкістан, Азэрбайджан.

Украіна, Малдова, Армэнія, Грузія, Кіргізстан – у катэгорыі "часткова свабодных". Сытуацыя са свабодай у постсавецкім рэгіёне, адзначаецца ў дакладзе, безупынна пагаршаецца цягам апошніх 10 гадоў.

Даклад "Freedom House" аналізуе стан свабоды ў 194-х краінах. Паводле "Freedom House", у 2010 годзе 87 краінаў можна было аднесьці да катэгорыі свабодных (43 адсоткі сусьветнага насельніцтва). У катэгорыю "часткова свабодных" трапілі 60 краінаў (22 адсоткі сусьветнага насельніцтва). Да несвабодных залічана 47 краінаў (у іх жыве 35 адсоткаў жыхароў сьвету, або 2,5 мільярда людзей).

Беларусь, як і ў леташнім аглядзе "Freedom House", атрымала найгоршую ацэнку ў катэгорыі "палітычныя правы" — 7 балаў, а ў катэгорыі "грамадзянскія свабоды" — 6 балаў.
XS
SM
MD
LG