Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра “ваеннае становішча ў Беларусі” гаварылі ў польскім сэйме



У Сэйме Польшчы адбылася канфэрэнцыя “Ваеннае становішча ў Беларусі? Як гэта здарылася і што далей”. У ёй узялі ўдзел дэпутаты польскага парлямэнту, прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў. Зь Беларусі прыехалі сваякі палітвязьняў, прадстаўнікі штабоў незалежных кандыдатаў на прэзыдэнта, грамадзкія актывісты, праваабаронцы ды палітыкі.

Удзельнікаў канфэрэнцыі павітаў сьпікер польскага Сэйму Гжэгаж Схэтына.

Гжэгаж Схэтына: "Жадаю вам ніколі не здавацца. Гэта самае важнае ў барацьбе за свабодную і незалежную Беларусь, за тое, каб Беларусь магла жыць нармальна і быць часткаю агульнай Эўропы. Жадаю вам ўсяго найлепшага і перамогі!"

Спадар Схэтына паабяцаў дэмакратычным сілам Беларусі ўсемагчымую дапамогу і падтрымку.

Надзвычай важную ролю Польшчы ў спрыяньні дэмакратыі ў Беларусі падкрэсьліў лідэр руху “За Свабоду” Аляксандар Мілінкевіч.

Аляксандар Мілінкевіч: "Гэта вельмі важная канфэрэнцыя, бо Польшча была заўсёды найбольш актыўнай у падтрымцы дэмакратыі пасьля 2006 году. Усе ведаюць, што палякі зрабілі і праграму Каліноўскага, і Белсат, і Радыё Рацыя, і праграмы для НДА. І тое, што яны і цяпер спрабуюць найбольш дапамагчы з усіх эўрапейскіх краінаў і максымальна апэратыўна – гэта вельмі каштоўна. Тут сабраліся прадстаўнікі Беларусі, прадстаўнікі сем'яў рэпрэсаваных. Вельмі важна, што польскія і беларускія экспэрты сустрэліся разам, і гэта ўсё будзе спрыяць больш эфэктыўнай палітыцы Польшчы адносна Беларусі".

На канфэрэнцыю ў Варшаву ня здолелі прыехаць кандыдат у прэзыдэнты Рыгор Кастусёў, Мілана Міхалевіч і Тацяна Севярынец. Машыну, у якой ехала жонка вязьня КДБ Алеся Міхалевіча, перахапілі каля Баранавічаў ды эскартавалі назад у Менск, а ў маці вязьня “амэрыканкі” Паўла Севярынца ўлады адабралі пашпарт.

Выступ Міланы Міхалевіч зачытала кіраўніца арганізацыі "Салідарнасьць" Іна Кулей.

Таксама прамаўлялі дырэктар беларускага ліцэю Ўладзімір Колас, праваабаронца Алесь Бяляцкі і дачка палітвязьня Зьмітра Бандарэнкі Юлія Бандарэнка.

Юлія Бандарэнка: "Усе ўжо ведаюць пра сытуацыю ў Беларусі. Я расказала пра канкрэтныя гісторыі сем’яў, чые блізкія цяпер знаходзяцца ў турме КДБ. Таксама выступала жонка Аляксандра Атрошчанкава Дар'я Корсак".

Канфэрэнцыя была арганізаваная тэлеканалам Белсат, радыё Рацыя, фундацыяй “Свабода і дэмакратыя”, а таксама Цэнтрам усходніх дасьледаваньняў варшаўскага унівэрсытэту, дзе навучаюцца беларускія студэнты па праграме Каліноўскага.
XS
SM
MD
LG