Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кастусь Жукоўскі арыштаваны на 8 сутак


Кастусь Жукоўскі

Кастусь Жукоўскі

Судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомелю Алена Цалкова пакарала грамадзкага актывіста, каардынатара стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Кастуся Жукоўскага 8 суткамі арышту нібыта за лаянку ля абласной управы КДБ.

Судзьдзя адхіліла хадайніцтва актывіста пра выклік у суд сьведак — супрацоўнікаў УКДБ Аляксандара Літвінчука й Аляксея Шагінава, на падставе чыіх паказаньняў Жукоўскі і пакараны арыштам.

Адхілена было й хадайніцтва пра выклік у суд перакладчыка з расейскай мовы на беларускую.

Як паведамлялася, у першай палове дня Жукоўскі прыйшоў да ўправы КДБ, каб зьняць на відэа мясцовых актывістаў, студэнтаў, якіх чэкісты й сёньня працягвалі выклікаць на допыты й гутаркі — каго за паездку ў Менск 19 сьнежня, каго за ўдзел у агітацыйнай кампаніі апазыцыйных кандыдатаў.

Спадар Жукоўскі здымаў будынак УКДБ, помнік Фэліксу Дзяржынскаму, калі з управы выйшлі чэкісты і пачалі перашкаджаць ягонаму руху. Жукоўскі адкрыта выказаў сваю пазыцыю наконт крывавай гісторыі КДБ й «жалезнага Фэлікса». Гэта й сталася падставай, каб абвінаваціць актывіста ў «лаянцы» і «здымках ля рэжымнага аб’екта».

Паколькі чэкісты перашкаджалі Жукоўскаму сыходзіць зь месца, то актывіст палічыў гэта абмежаваньнем сваёй свабоды на перамяшчэньне і выклікаў праз тэлефон міліцыю.

Аднак двое амапаўцаў забралі Кастуся Жукоўскага ў бліжэйшы пункт аховы грамадзкага парадку на вуліцы Білецкага. Тут супраць актывіста маёр міліцыі Шукель склаў пратакол паводле артыкула 17.1 КаАП — нібыта за дробнае хуліганства.

Жукоўскага апэратыўна даставілі ў суд, які й пакараў яго арыштам.

У адказ на вырак Кастусь Жукоўскі абвясьціў галадоўку.
XS
SM
MD
LG