Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Financial Times: "Лукашэнка – дыктатар нон грата"



Прапануем вашай увазе пераклад рэдакцыйнага артыкулу, які зьявіўся ў сёньняшнім выданьні Financial Times.

На працягу свайго 20-гадовага існаваньня ў якасьці незалежнай пост-савецкай дзяржавы, Беларусь большасьць часу патраціла на здабываньне рэпутацыі апошняй дыктатуры Эўропы. Прэзыдэнцкія выбары ў мінулым месяцы яшчэ раз гэта пацьвердзілі. Азмрочаныя фальсыфікацыямі, арыштамі кандыдатаў ад апазыцыі, запалохваньнем СМІ і моташлівым паказам міліцыйнага гвалту ў дачыненьні да апазыцыйных дэманстрантаў, гэтыя выбары ня мелі нічога супольнага са свабодным і справядлівым спаборніцтвам. Як і чакалася, Аляксандар Лукашэнка, аўтарытарны прэзыдэнт Беларусі з 1994 году, заявіў аб сваёй пераканаўчай перамозе. Пасьля чаго ягоны ўрад загадаў закрыць менскі офіс Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе, чые назіральнікі ў сваёй справаздачы апісалі вартыя жалю недахопы выбарчага працэсу.

Абуральныя дзеяньні рэжыму патрабуюць рашучага адказу, перш за ўсё з боку Эўразьвязу і ЗША, якія махалі пернікам перад носам Лукашэнкі на працягу больш чым двух гадоў, каб заахвоціць яго да цяплейшых адносінаў і палітычнай лібэралізацыі ў Беларусі. Гэтыя намаганьні прынесьлі мінімальныя вынікі, і цяпер яны павінны быць замарожаныя. У 2008 годзе вызваленьне апошніх палітычных вязьняў рэжыму схіліла ЭЗ і ЗША прыпыніць візавыя і фінансавыя санкцыі, уведзеныя ў 2006 годзе пасьля папярэдніх моцна сумнеўных прэзыдэнцкіх выбараў. Гэтыя санкцыі павінны быць уведзеныя зноў і нацэленыя на тых, хто быў датычны да фальсыфікацыі галасаваньня 19 сьнежня і да арганізацыі падаўленьня апазыцыі пасьля выбараў. Важна, каб спадар Лукашэнка асабіста ня меў магчымасьці падарожнічаць у краіны ЕС, як ён зрабіў у 2009 годзе, калі ў Рыме быў прыняты прэм'ер-міністрам Італіі Сыльвіё Бэрлюсконі і папам Бэнэдыктам XVI.

На кон пастаўлена ня што іншае, як давер да "Ўсходняга партнэрства" Эўразьвязу, ініцыятывы двухгадовай даўнасьці, накіраванай на ўмацаваньне адносін з шасьцю постсавецкімі дзяржавамі – Армэніяй, Азэрбайджанам, Беларусьсю, Грузіяй, Малдовай і Ўкраінай. Ніхто не чакае, што ўсе шэсьць зь іх ператворацца ў беззаганныя дэмакратыі за адну ноч. Але калі ЭЗ не пашле яснага сыгналу, што больш цесныя сувязі залежаць ад забесьпячэньня мінімальных стандартаў свабоды і прыстойнасьці ў грамадзкім жыцьці, "Усходняе партнэрства" можна будзе закрываць хоць заўтра.

Гэтыя крокі не павінны азначаць ізаляваньня Беларусі, якое толькі мацней падапхнула б краіну ў абдымкі Расеі. Візавыя санкцыі супраць чыноўнікаў рэжыму можна спалучыць з больш простай і менш дарагой працэдурай выдачы візаў для звычайных беларусаў, якія жадаюць наведаць Эўразьвяз. Але да часу, пакуль спадар Лукашэнка не перастане прыгнятаць свой народ, пра нармальныя адносіны ня можа быць і гаворкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG