Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня кожны той пісьменьнік, хто так сябе называе


Сёньня на прэсавай канфэрэнцыі старшыня праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец зьняважліва выказаўся на адрас Уладзімера Някляева і паведаміў, што ня будзе хадайнічаць перад уладай за яго вызваленьне з турмы КДБ. У той жа час міжнародная пісьменьніцкая супольнасьць выказвае словы падтрымкі зьняволеным у Беларусі літаратарам і журналістам і патрабуе іх вызваленьня. Ці існуе карпаратыўная салідарнасьць, ці патрэбная яна?

Алесь Пашкевіч
Старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч узгадаў, што творчыя саюзы, асацыяцыі яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі ствараліся дзеля агульнай братэрскай падтрымкі сваіх калегаў:

«Дакумэнтальна засьведчана, і гэта факт — Максім Горкі стварыў асацыяцыю, саюз, таварыства, калі сам адседзеў, калі пачалі садзіць пісьменьнікаў у 1907 годзе, ён грашыма дапамагаў жонкам вязьняў і самім вязьням. І асноўная, нават статутная задача — аказваць маральную, матэрыяльную дапамогу сваім сябрам.

Усясьветная, эўрапейская пісьменьніцкая супольнасьць, пісьменьніцкія саюзы Польшчы, Літвы, Украіны, іншых краінаў, як і Саюз беларускіх пісьменьнікаў, занепакоеныя абставінамі зьняволеньня Ўладзімера Някляева і Аляксандра Фядуты».

Мікалай Чаргінец
А вось былы сябра Ўладзімера Някляева, старшыня праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец наконт карпаратыўнай салідарнасьці выказаўся так:

«Што тычыцца Валодзі Някляева, ён мне проста нагадваў кацяня, якое нарадзілася ў стайні, але патрабуе пашпарт каня. Ён стварыў праблему сам сабе і стварыў праблему для грамадзтва. Але мы за яго ня будзем змагацца, ня будзем патрабаваць: „дайце яму свабоду“. Ён парушыў закон Рэспублікі Беларусь, і ня трэба тут дэманстраваць ілжывую карпаратыўнасьць… Гэта трэба дакладна разумець, інакш, калі мы будзем яго маральна падтрымліваць, гэта азначае — падштурхоўваем: маўляў, давай і далей зьдзяйсьняй злачынства».

Што да карпаратыўнай салідарнасьці, старшыня Саюзу пісьменьнікаў Літвы Ёнас Ліняўскас кажа:

«Я думаю, яна проста неабходная. Я ведаю пра заяву нашага ПЭН-цэнтру, што і Фядуту, і Някляева прынялі ў Літоўскі ПЭН-цэнтар і патрабуюць іх вызваленьня як сябраў Літоўскага ПЭН-цэнтру. Я напісаў адкрыты ліст зьняволеным. У нашай газэце „Літаратура“, якая выйдзе ў пятніцу, будуць апублікаваныя мае пераклады твораў Уладзімера Някляева зь ягонай фатаграфіяй».

Чэслаў Сэнюх
Чэслаў Сэнюх, вядомы польскі літаратар, перакладчык беларускіх клясыкаў, а таксама і Уладзімера Някляева, распавёў:

«Я якраз учора запісаў сваю чарговую перадачу беларуска-польскую — пра трох непакорных паэтаў, зь перакладамі вершаў, у тым ліку Ларысы Геніюш. Ну, страшна ўсё гэта. Бяда ў тым, што мы, нармальныя людзі, цалкам бясьсільныя супраць такога фэномэна, якім зьяўляецца беларускі прэзыдэнт, гэты дыктатар Беларусі. І ўсё ж я спадзяюся, што выпусьцяць Валодзю на свабоду. Самае галоўнае — не маўчаць, маўчаць нельга. Таму што гэта тое самае, што сказаць — так, так трэба».

У абарону беларускіх літаратараў, якія знаходзяцца за кратамі, выступілі многія ўсясьветна вядомыя асобы, міжнародны ПЭН-клюб. Камітэт «Пісьменьнікі ў зьняволеньні» заклікаў асудзіць арышты і жорсткае абыходжаньне з Уладзімерам Някляевым, Аляксандрам Фядутам, Ірынай Халіп ды іншымі палітвязьнямі. Створаны сайт у абарону Аляксандра Фядуты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG