Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіста таемна даставілі з Горадні ў Менск, каб судзіць


Андрэй Пачобут

Андрэй Пачобут

На 1 мільён 750 тысяч рублёў быў сёньня аштрафаваны гарадзенскі журналіст Андрэй Пачобут. Яго пакараў Кастрычніцкі суд сталіцы за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу апазыцыі 19 сьнежня ў Менску.

Пра журналіста не было нічога вядома паўсутак. Учора яго забралі з дому супрацоўнікі КДБ. Толькі сёньня высьветлілася, што Пачобута з Горадні даставілі ў Менск, каб судзіць за падзеі 19 сьнежня. У сталіцу ў той дзень ён прыехаў, каб асьвятляць пратэст апазыцыі ў якасьці карэспандэнта польскай «Gazety Wyborczej».

Аксана Пачобут апошні раз бачыла мужа ўвечары 12 студзеня, калі супрацоўнікі КДБ праводзілі ў кватэры ператрус. Яна кажа:

«Невядома, што шукалі. Прасілі не перашкаджаць, нас прасілі сысьці з дачкой, таму што яны нібыта будуць праводзіць дадатковы вобшук яшчэ раз у пакоі вялікім, дзе правялі, і ў кухні. Але больш яны туды не заходзілі».

Ці ўдалося паразмаўляць з мужам перад яго арыштам?

Аксана Пачобут
: «Ён толькі зайшоў, сказаў: „Мяне забіраюць“. Я кажу: на колькі? Ён кажа: ня ведаю».

Пасьля гэтага тэлефон Андрэя Пачобута быў адключаны. Ніхто ня ведаў, што з абласной управы КДБ уначы яго павязуць у Менск і зьмесьцяць у пастарунку, каб потым судзіць.

Анджэй Пісальнік
Калега Пачобута Анджэй Пісальнік жыве ў Горадні і працуе на ўплывовую польскую газэту «Rzeczpospolita». Ён не выключае, што Пачобуту могуць помсьціць:

«Быў жа гэты эпізод з допытам у КДБ, дзе ён адмовіўся адказваць. Можа, сапраўды гэта помста нейкая за гэта?»

Як вядома, Андрэй Пачобут падаў скаргу ў пракуратуру на дзеяньні супрацоўнікаў КДБ, якія дапытвалі яго 8 студзеня.

Я папрасіў Анджэя Пісальніка параўнаць працу журналіста ў Беларусі і ў іншых краінах.

Пісальнік: «Ні Пачобут, ні я, напрыклад, ня маем афіцыйнай акрэдытацыі. Таму, з пункту гледжаньня беларускага заканадаўства, мы не зусім зьяўляемся журналістамі. Але якія паралелі? Зразумела, што ў Эўропе журналіст — асоба недатыкальная. Гэта абумоўлена законам і тым, што ён выконвае місію грамадзянскую. Калі ў Эўропе, у той жа Польшчы журналіста затрымліваюць без дастатковых падставаў, гэта заўсёды скандал палітычны: чаму так адбылося, ці гэта ня ёсьць перасьлед свабоды слова, свабоды прэсы?»

Анджэй Пісальнік дадае:

«У Беларусі журналіст, калі ён яшчэ незалежны, то наадварот, ён трапляе пад першы агонь».

Анджэй Пісальнік падкрэсьлівае, што за асьвятленьне пратэсту апазыцыі 19 сьнежня ў Менску пацярпела багата журналістаў, Андрэй Пачобут — адзін зь іх.
XS
SM
MD
LG