Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі: Заява Рады Эўропы пацьвярджае неабходнасьць ўзаемадзеяньня з нашымі партнэрамі

  • БелаПАН

Заява Камітэту міністраў Рады Эўропы пацьвярджае "неабходнасьць далейшага ўзаемадзеяньня з нашымі партнэрамі для фармаваньня дасьведчанага пункту гледжаньня на падзеі, якія адбыліся ў Менску". Пра гэта заявіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных, камэнтуючы прынятую 12 студзеня заяву.

Ён таксама падкрэсьліў, што пазыцыя і дзеяньні беларускага боку "цалкам вызначаюцца патрабаваньнямі закону і прававымі нормамі, якія адпавядаюць агульнапрынятай сусьветнай практыцы".

У той жа час Савіных ня стаў камэнтаваць дэбаты па Беларусі, якія прайшлі 12 студзеня ў Эўрапарлямэнце і прынятую па іх выніках рэзалюцыю. "Мы ўважліва сочым за гэтым працэсам. Пазыцыя Рэспублікі Беларусь будзе агучана пасьля прыняцьця канчатковага рашэньня нашымі партнэрамі", – сказаў прэс-сакратар МЗС.

Як раней паведамлялася, Камітэт міністраў Рады Эўропы 12 студзеня заклікаў беларускія ўлады неадкладна вызваліць арыштаваных кандыдатаў у прэзыдэнты на выбарах-2010, журналістаў і праваабаронцаў.

"Камітэт міністраў просіць беларускія ўлады прадаставіць дадатковую інфармацыю аб тым, на якой падставе кандыдаты ў прэзыдэнты, журналісты і праваабаронцы былі арыштаваныя ўсьлед за выбарамі. Яны павінны быць неадкладна вызваленыя, а захаваньне іх чалавечых правоў павінна быць гарантавана, – гаворыцца ў заяве.– Палітычныя свабоды павінны паважацца ў поўнай меры".

Камітэт міністраў заявіў, што "працягне падтрымліваць усталяваньне больш цесных адносін паміж Рады Эўропы і Беларусьсю толькі на падставе павагі да эўрапейскіх каштоўнасьцяў і прынцыпаў".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG