Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Östgruppen: "Беларускую палітыку Швэцыі і ЭЗ трэба рэфармаваць"


Марцін Угла

Марцін Угла

Пра гэта на старонках штодзённага швэдзкага інтэрнэт-выданьня unt.se піша кіраўнік праваабарончай ініцыятывы Östgruppen Марцін Угла.

У сваім артыкуле аўтар падкрэсьлівае, што "Лукашэнка ня можа разглядацца ў якасьці законнага прэзыдэнта". Кіраўнік праваабарончай ініцыятывы Östgruppen падтрымлівае намер швэдзкага ўраду процідзейнічаць ізаляцыі Беларусі і засяродзіцца на актыўнай падтрымкі дэмакратыі ў краіне. Аднак, заўважае Марцін Угла, такія дзеяньні павінны быць пасьлядоўнымі і сканцэнтраванымі выключна на эфэктыўных намаганьнях дзеля спрыяньня дэмакратыі.

"На жаль", адзначае аўтар, "паміж палітыкай Стакгольму і Брусэлю ў дачыненьні да Менску існуе шэраг неадпаведнасьцяў, і гэта галоўны недахоп эўрапейскай беларускай палітыкі".

Марцін Угла прапануе некалькі канкрэтных захадаў, каб паспрыяць дэмакратыі і захаваньню правоў чалавека ў Беларусі.

"Правы чалавека не павінны быць прадметам кампрамісу. Гэта азначае, што далейшы дыялёг зь беларускім рэжымам павінен грунтавацца на выразных патрабаваньнях адносна павагі да дэмакратыі і правоў чалавека. Акрамя таго, кантакты павінны ажыцьцяўляцца ў першую чаргу з прадстаўнікамі дэмакратычнага руху краіны", піша Угла.

Кіраўнік швэдзкай праваабарончай ініцыятывы таксама лічыць неабходным зьніжэньне консульскага збору для ўсіх тых звычайных грамадзян Беларусі, якія жадаюць паехаць у ЭЗ. Адначасна ён заклікае аднавіць візавыя санкцыі супраць адказных за рэпрэсіі вышэйшых чыноўнікаў на чале з Аляксандрам Лукашэнкам.

Праваабаронцы з Östgruppen настойваюць на тым, каб Швэцыя і ЭЗ давялі да расейскага кіраўніцтва сваю рэзка крытычную пазыцыю наконт палітычнай і эканамічнай падтрымкі Масквою рэжыму Лукашэнкі.

Як піша Марцін Угла. Стакгольм і Брусэль павінны даць Аляксандру Лукашэнку ясна зразумець, што ня бачаць у ім законнага прэзыдэнта, і ў сваіх дачыненьнях зь Беларусьсю надаваць прыярытэтнае значэньне беларускаму прадстаўніцтву ў праграме ЭЗ "Усходняе партнэрства".
XS
SM
MD
LG