Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крысьціну Шацікаву за Плошчу пакаралі мільённым штрафам


Крысьціна Шацікава

Крысьціна Шацікава

Партызанскі суд Менску пакараў праваабаронцу з грамадзянскай кампаніі "Наш дом" Крысьціну Шацікаву штрафам у памеры аднаго мільёна пяцідзесяці тысяч рублёў. Актывістку прызналі вінаватай у тым, што яна брала актыўны ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня.

Суд адбыўся без Крысьціны Шацікавай, яшчэ 31 сьнежня. Пра гэта паведамілі з суду афіцыйным лістом. У пастанове пазначана, што актывістка на мітынгу выкрыквала лёзунгі "Жыве Беларусь", "Сыходзь", на неаднаразовыя патрабаваньні міліцыі прыпыніць супрацьпраўныя дзеяньні не рэагавала.

Шацікава: "Пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні ўнікальны. У ім мяне зрабілі мужчынам і толькі пры канцы згадалі, што я жанчына. Упершыню я пабачыла, што пратакол допыту падпісаны ня мной. Самі супрацоўнікі падпісваліся. У нас заўжды сьмешныя пратаколы, аднак каб такія… Гэта сьведчыць пра тое, што ім усё роўна. Ніякай экспэртызы праводзіць ніхто ня зможа. Судзьдзя ў мяне была нейкая Пабедзіна. Пратакол затрыманьня падпісаў міліцыянт з прозьвішчам Макась".

Рашэньне суду Крысьціна Шацікава будзе абскарджваць, бо вінаватай сябе ня лічыць.

Крысьціну Шацікаву затрымалі на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня. Жорстка зьбілі. З ізалятара часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна яе з моцным крывацёкам даставілі ў бальніцу. Там яна прабыла тры дні. Пасьля таго як даведалася, што зь лякарняў людзей вязуць назад у турму, настаяла, каб яе заўчасна выпісалі. У спадарыні Крысьціны двое малалетніх сыноў.
XS
SM
MD
LG