Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка рэпрэсій. Ператрусы, затрыманьні, допыты ў КДБ і міліцыі працягваюцца ў розных гарадах Беларусі.

Ператрус у даверанай асобы Саньнікава ў Наваполацку

Віктара Калесьніка супрацоўнікі КДБ засьпелі дома ў яго знаёмай — менавіта гэты адрас чамусьці быў пазначаны ў пастанове на ператрус, хаця сам актывіст жыве ў Полацку. Пасьля ператрусу, які працягваўся больш за дзьве гадзіны, з кватэры забралі два ноўтбукі і некалькі дыскаў. Віктар Калесьнік настойваў, што толькі адзін ноўтбук ягоны, і прасіў пакінуць маёмасьць сяброўкі, але супрацоўнікі КДБ ўзялі абодва.


Ператрусы на кватэрах журналістаў вядуць у адсутнасьць гаспадароў


Прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў паведамляе пра чарговы ператрус у кватэры, дзе прапісана незалежная журналістка, сябра БАЖ Кацярына Ткачэнка. Невядомыя ўвайшлі ў памяшканьне, калі гаспадыні не было дома, узламаўшы замок. 30 снежня ў іншай кватэры, якую здымае Кацярына Ткачэнка, спэцслужбы таксама правялі ператрус, забраўшы ноўтбук.

На кватэры актывіста «Гавары праўду» Ігара Каваленкі адбыўся ператрус

На кватэры магілёўскага актывіста грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Ігара Каваленкі адбыўся ператрус. Паводле жонкі актывіста Алены, яго правядзеньне аргумэнтавалася тым, што яе муж удзельнічаў 19 сьнежня ў несанкцыянаванай акцыі на плошчы Незалежнасьці ў Менску.

Прайшоў ператрус у віцебскай актывісткі Алены Фаміной

У час выбарчай кампаніі яна была даверанай асобай Дзьмітрыя Вуса, 19 сьнежня была назіральніцай на выбарчым участку. Але ператрус у яе праводзілі як у «сьведкі масавых беспарадкаў у Менску». У выніку ператрусу ў яе забралі сыстэмны блёк кампутара, ноўтбук, некалькі «флэшак».

Кастусь Жукоўскі арыштаваны на 8 сутак

Судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомелю Алена Цалкова пакарала грамадзкага актывіста, каардынатара стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Кастуся Жукоўскага 8 суткамі арышту нібыта за лаянку ля абласной управы КДБ. У адказ на вырак Кастусь Жукоўскі абвясьціў галадоўку.

Пачалі саджаць за патрабаваньне позвы на допыт


Менчука Дзьмітрыя Буланава паўторна арыштавалі пасьля таго, як ён ужо адбыў адміністрацыйны арышт за ўдзел у мітынгу 19 сьнежня. Дзьмітрый Буланаў адмовіўся ісьці на допыт без афіцыйнай позвы. Тады да яго прыехалі міліцыянты, паведаміла "Свабодзе" праваабаронца Наста Лойка:

прафсаюзнага актывіста Міхаіла Кавалькова дапыталі ў КДБ

Старшыню Свабоднага прафсаюзу Беларускага Міхаіла Кавалькова дапыталі ў бабруйскім КДБ. Позву актывісту прывезьлі на працу, на завод трактарных дэталяў і агрэгатаў, сёньня на пачатку адзінаццатай гадзіны раніцы. У КДБ яго выклікалі як сьведку. Допыт доўжыўся больш за дзьве гадзіны.

Адбыўся ператрус у Сяргея Парсюкевіча

У віцебскага актывіста кампаніі “Гавары праўду” супрацоўнікі КДБ забралі сыстэмны блёк кампутара і некалькі агітацыйных улётак за Някляева і Саньнікава. Сяргей Парсюкевіч распавёў, што ператрус у ягонай кватэры працягваўся з паўтары гадзіны. Спачатку супрацоўнікі КДБ прапанавалі яму добраахвотна здаць наркотыкі і зброю, а потым – усё, што тычыцца падзеяў 19 сьнежня ў Менску.


Пачобуту далі штраф 1 750 000 рублёў


15.50. Гродзенскі журналіст Андрэй Пачобут атрымаў 1 750 000 рублёў штрафу "за удзел у несанкцыянаваным мітынгу" 19 сьнежня. Пачуўшы прысуд, журналіст гучна прамовіў: «Хай жыве наш савецкі суд — самы гуманны суд у сьвеце!»

Тацяне Севярынец у КДБ вярнулі пашпарт


15:14. Апазыцыянэрку прасілі ануляваць скаргу на незаконныя дзеяньні супрацоўнікаў менскага КДБ, якія 12 студзеня забралі ў яе дакумэнт і перашкодзілі ад'езду ў Варшаву, дзе яна мелася выступіць на пасяджэньні Сойму. Тая адмовілася.

Ператрус у актывіста кампаніі “Гавары праўду” Леаніда Аўтухова


14:58. Актывіст з райцэнтру Гарадок пасьпеў паведаміць толькі тое, што да яго прыйшлі супрацоўнікі КДБ з мэтаю правесьці ператрус.
Спадар Аўтухоў зьбіраў подпісы за вылучэньне Уладзімера Някляева на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах, а потым прысутнічаў на некалькіх сустрэчах з кандыдатам.


Прыйшлі з ператрусам да журналісцкі Ірыны Чарняўкі


14:19 У дзьверы незалежнай журналісткі Ірыны Чарняўкі ломяцца невядомыя, сьцьвярджаючы, што ў іх ёсьць ордэр на ператрус па гэтым адрасе па крымінальнай справе, зьвязанай з падзеямі на Плошчы 19 сьнежня. Ірына заявіла, што кватэра не належыць ёй, таму адчыніць дзьверы толькі гаспадарам. У вынікі дзьверы давялося адчыніць, і зараз там адбываецца ператрус.

Пачаўся суд над Пачобутам


14:09. У Менску ў Кастрычніцкім судзе ў гэты час разглядаецца справа гарадзенскага журналіста Андрэя Пачобута. Яго судзяць за ўдзел у акцыі 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці ў Менску. Іншай інфармацыі аб працэсе пакуль няма. Пасьля ператрусу ўчора ўвечары ў яго кватэры ў Горадні журналіста “Gazety Wyborczej” А.Пачобута даставілі ў абласную ўправу КДБ, а затым — уначы — у Менск у Кастрычніцкае РУУС. 19 сьнежня журналіста затрымалі на плошчы ў Менску, ноч ён правёў ў аўтазаку, а пазьней яго выпусьцілі ў будынку суду. Андрэй сказаў тады, што яго вызвалілі дзякуючы рэдакцыі яго газэты.



За відэаздымкі ля КДБ актывісту "прышылі" дробнае хуліганства


Кастусь Жукоўскі
У Гомелі ля абласной управы КДБ затрыманы грамадзкі актывіст, каардынатар стваранай партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" Кастусь Жукоўскі. Ён прыйшоў да ўправы, каб зьняць на відэа мясцовых актывістаў, студэнтаў, якіх чэкісты й сёньня працягваюць выклікаць на допыты й гутаркі — каго за паездку ў Менск 19 сьнежня, каго за ўдзел у агітацыйнай кампаніі апазыцыйных кандыдатаў.

Пачобута, магчыма, будуць судзіць у Менску


Андрэй Пачобут
11.16
Як паведаміў адвакат Пачобута Аляксандар Галіеў, ён пакуль ня ведае падрабязнасьцяў. Адвакату толькі вядома, што гарадзенскага журналіста Андрэя Пачобута спачатку даставілі ў Кастрычніцкі суд Менску (Дом правасудзтва на Сямашкі, 33), а затым павезьлі, магчыма, у Кастрычніцкі РУУС Менску. Але дакладнай інфармацыі пакуль няма, адвакат спрабуе знайсьці А.Пачобута.


Мін'юст вынес папярэджаньне БХК


Міністэрства юстыцыі вынесла пісьмовае папярэджаньне Беларускаму Хэльсынскаму камітэту за "неаб'ектыўную" інфармацыю, накіраваную ў міжнародныя арганізацыі. Старшыня БХК Алег Гулак заявіў, што яно будзе абскарджана ў Вярхоўным судзе Беларусі.



Мілану Міхалевіч ня выпусьцілі зь Беларусі


Мілана Міхалевіч
Жонку былога кандыдата на прэзыдэнта Алеся Міхалевіча Мілану не выпусьцілі зь Беларусі. Яна мелася браць удзел у абмеркаваньні палітычнай сытуацыі ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня, якое сёньня адбываецца ў Сойме Польшчы.




Пачобут не вярнуўся з КДБ


09.20
Дагэтуль нічога невядома пра гарадзенскага журналіста Андрэя Пачобута, якога нанач забралі на допыт у КДБ. Яго жонка Аксана кажа, што ня мае ніякіх зьвестак пра мужа. Ёй ніхто не патэлефанаваў з КДБ і нічога не патлумачыў, а тэлефоны Андрэя застаюцца адключанымі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG