Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня – 20 гадоў, як Літва абараніла незалежнасьць


13 студзеня Літоўская Рэспубліка адзначае Дзень абаронцаў свабоды. 20 гадоў таму, пасьля прыняцьця парлямэнтам Літвы Дэклярацыі пра дзяржаўную незалежнасьць, кіраўніцтва СССР вырашыла ўтрымаць гэту савецкую рэспубліку пры дапамозе сілы. Уначы з 12 на 13 студзеня савецкія вайскоўцы захапілі парлямэнт, тэлевежу, будынкі радыё і тэлевізіі, Дом друку. Тысячы людзей бяззбройнымі выйшлі супраць савецкіх танкаў. Незалежнасьць Літвы была абароненая менавіта 13 студзеня 1991 году.

У студзеньскіх падзеях 1991 году літоўцаў падтрымала і шмат беларусаў. Дзевяць беларусаў былі узнагароджаныя літоўскім мэдалём "За адвагу ў памяць пра 13 студзеня", сярод іх і наш калега Сяргей Дубавец. У 1970-80-я гады радыёжурналіст Ёнас Лаўрынавічус вучыўся і працаваў у Беларусі, на пачатку 1990-х пераехаў на гістарычную радзіму і жыве ў Вільні. Вось што ён узгадвае:

"Тады ж былі страшэнныя маразы – да мінус 20 градусаў і больш. Тым ня менш, людзі стаялі ночы напралёт, вытрымлівалі з самаадданасьцю. Ніхто не разьлічваў ні на славу, ні на мэдалі – простыя хлопцы прыяжджалі з усёй Літвы. Дзяжурылі тут і масквічы, і армяне, украінцы, беларусы. Афіцыйная вэрсія была – што пачаўся "парад сувэрэнітэтаў", а па сутнасьці ж пачалося вызваленьне народаў. На тым месцы, дзе былі бяспраўныя рэспублікі савецкія, цяпер мы маем сувэрэнныя дзяржавы. Той момант, крызісны момант ужо прайшоў, калі вырашалася, ці нас патопяць у крыві, ці будзем жыць далей. Выходзіць, што будзем жыць далей".
На тым месцы, дзе былі бяспраўныя рэспублікі савецкія, цяпер мы маем сувэрэнныя дзяржавы

Увечары 12 студзеня 1991 году ў Вільню выехалі дзьве парлямэнцкія дэлегацыі зь Беларусі. У складзе афіцыйнай былі дэпутаты Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Генадзь Карпенка, народны пісьменьнік Беларусі Ніл Гілевіч, гісторык Валянцін Голубеў, першы сакратар Віцебскага абкаму партыі Сяргей Шабашоў і Аляксандар Лукашэнка. Ад дэпутацкай фракцыі БНФ у Вільню паехалі Сяргей Навумчык, Барыс Гюнтэр і Ігар Пырх. Па сутнасьці, беларусы тады былі першай замежнай дэлегацыяй, што падтрымала братні народ. Надзвычайны і паўнамоцны пасол Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі Эдмінас Багдонас расказаў:

"Мяне больш за ўсё ўразіў расповед, што адзін шчыры камуніст, беларус, калі дэлегацыі вярнуліся зь Вільні, ён у парлямэнце кінуў свой партыйны білет з трыбуны – маўляў, ня маюць рацыі тыя людзі, якія на танках езьдзяць па Вільні. Кінуў білет на знак салідарнасьці з тымі людзьмі і падзеямі, якія адбываліся тады ў Вільні. Напэўна, гэта адна з самых вялікіх перамог. Я шчыра ўдзячны тым людзям".
Плацім за газ больш за ўсіх у сьвеце. Але свабода гэтага вартая

У студзеньскіх падзеях удзельнічаў і іншы беларус і камуніст – генэрал Усхопчык, які кіраваў тады войскамі Віленскага гарнізону, і якога беларускі бок не выдае на шматлікія запыты пракуратуры Літвы.

Літоўскі радыёжурналіст Ёнас Лаўрынавічус, які вядзе на віленскім радыё праграмы на беларускай мове, дзеліцца ўражаньнямі пра сучаснае жыцьцё ў Літве:

"Гэта такая магчымасьць сабрацца і разам падыхаць адным паветрам свабоды. У такія дні забываеш, што не хапае часам грошай на аплату камунальных паслугаў, таму што свабода дорага каштуе. Плацім за газ больш за ўсіх у сьвеце – расейскі "Газпрам" нам гэта зрабіў. Бэнзін, паліва таксама па касьмічных цэнах. Нам яшчэ Гарбачоў абяцаў, што, маўляў, вы будзеце жыць інакш, чым у Савецкім Саюзе. Але свабода гэтага вартая. Зь цягам часу будзем жыць лепш".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG