Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапарлямэнтары заклікаюць прыпыніць выдачу візаў беларускім чыноўнікам


Эўрапарлямэнтары заклікалі Эўразьвяз прыпыніць выдачу віз беларускім чыноўнікам, адказным за парушэньні падчас прэзыдэнцкіх выбараў. Пра гэта гаворыцца ў сумесным заключэньні ўдзельнікаў дыскусіі, што прайшла падчас пасяджэньня камітэту па замежных справах Эўрапарлямэнта ў Бруселі 12 студзеня.

Выкладаючы палажэньні дакумэнту, кіраўнік камітэту па замежных справах Габрыэль Альберціні зазначыў: прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі не адпавядалі міжнародным стандартам. Эўрапарлямэнтары асудзілі рэпрэсіі ў дачыненьні да мірных дэманстрантаў 19 сьнежня ў Менску, а таксама арышты і затрыманьні ў Беларусі. Яны заклікаюць ЭЗ перагледзець адносіны з Беларусьсю.

Удзельнікі дыскусіі прапанавалі прадаўжаць візавыя санкцыі беларускім чыноўнікам да вызваленьня палітычных зьняволеных. Пры гэтым кошт віз для звычайных грамадзян Беларусі прапаноўваецца скараціць.

Эўрапарлямэнтары таксама прапаноўваюць Эўразьвязу аказаць фінансавую падтрымку беларускім СМІ і НДА, падтрымаць грантамі студэнтаў зь Беларусі.

Апрача таго, прапанавана перагледзець парлямэнцкія адносіны зь Беларусьсю ў межах Парлямэнцкай асамблеі “Ўсходняга партнэрства” (Эўранэст).

Эўрапарлямэнтары асудзілі закрыцьцё офіса АБСЭ ў Мінску.
Старшыня Эўрапарлямэнта Ежы Бузэк падчас дыскусіі падкрэсьліў: ЭЗ павінен загаварыць у адзін голас і патрабаваць вызваленьня беларускіх палітзьняволеных. "Варта памятаць словы Евы Някляевай пра тое, што ў нас ёсьць ключы ад турмы, дзе знаходзіцца яе бацька", — сказаў ён.

Сярод прапаноў, якія заслугоўваюць увагі, кіраўнік Эўрапарлямэнту адзначыў заклік да правядзеньня ў Беларусі паўторных выбараў.
Бузэк, у сваю чаргу, прапанаваў выключыць Беларусь зь міжнародных спартыўных мерапрыемстваў — такіх як Алімпіяда і Кубак сьвету.
Ён таксама прапанаваў накіраваць у Беларусь місію, каб расьсьледаваць падзеі, зьвязаныя з прэзыдэнцкімі выбарамі, і абмеркаваць беларускую сытуацыю на сэсіі ў Страсбургу на наступным тыдні. Неабходна абмеркаваць і пытаньні супрацоўніцтва зь Беларусьсю ў межах Эўранэсту, мяркуе Бузэк.

Пра важнасьць падтрымкі грамадзянскай супольнасьці Беларусі казаў у сваім выступленьні эўракамісар па пытаньнях пашырэньня і эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва Штэфан Фюле. Эўразьвяз, паводле яго слоў, павінен "адкрыць каналы наўпроставай дапамогі НДА, СМІ і студэнтам, а таксама аблегчыць для беларусаў магчымасьці паездак у ЭЗ”, паведамляе БелаПАН.

"Улады павінны неадкладна вызваліць затрыманых і спыніць крымінальную справу ў дачыненьні да іх, калі хочуць пазьбегнуць санкцый. Гэта пытаньне некалькіх дзён, а не тыдняў", — падкрэсьліў эўрапейскі палітык.

Чакаецца, што сытуацыя ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў будзе абмяркоўвацца на сэсіі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы ў Страсбургу 24—28 студзеня.

Палітычнае рашэньне ЭЗ па санкцыях у дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў павінна быць прынята 31 студзеня на нарадзе міністраў замежных спраў краін ЭЗ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG