Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што рабіць, калі выклікаюць па тэлефоне за Плошчу?


Абанэнтаў мабільных апэратараў МТС і VELCOM масава выклікаюць на допыты ў міліцыю Фрунзенскага раёну Менску. Падставай сталася знаходжаньне уладальнікаў мабільных тэлефонаў паблізу ад месцаў правядзеньня акцыі пратэсту 19 сьнежня.

У Фрунзенскім РУУС зараз наплыў наведнікаў. Людзей выклікаюць у пераважнай бальшыні праз тэлефон. Гэткае запрашэньне днямі атрымаў праваабаронца Алег Воўчак. Прыняць яго ён, аднак, адмовіўся, і вось чаму:

Алег Воўчак
«Тэлефануюць і кажуць, што мы зь міліцыі і вы павінны да нас прыйсьці даць тлумачэньні. Я кажу, што высылайце позву, я прыйду з адвакатам і будзем высьвятляць усе пытаньні. Тады ён кажа, што я праз тэлефон абавязваю вас зьявіцца. Тады я папярэдзіў яго пра недапушчальнасьць пагрозаў і пра незаконнасьць іх дзеяньняў адносна праслухоўваньня тэлефонаў і выкліку людзей. Кажу, што спачатку выконвайце вы закон, а пасьля я прыйду і дам тлумачэньні, калі палічу гэта патрэбным. Так мы і разьвіталіся».

Як гэта робіцца, давялося пабачыць непасрэдна на месцы — у кабінэце 411, куды вашу карэспандэнтку таксама выклікалі ў якасьці, нібыта, сьведкі паводле крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Менску 19 сьнежня. У кабінэце — чатыры супрацоўнікі ў цывільным, перад кожным — сьпісы імёнаў з тэлефоннымі нумарамі. Яны тэлефануюць абанэнтам і запрашаюць у міліцыю ў перапынках паміж допытамі-размовамі з тымі, хто ўжо прыйшоў. Адначасна са мной такія ж допыты праводзіліся яшчэ з двума людзьмі — мужчынамі гадоў 35 і 50.
Калі надышоў момант падпісваць «тлумачальную», так званы «сьледчы»-участковы раптам заявіў, што зараз я мушу таксама прайсьці працэдуру зьняцьця адбіткаў пальцаў і фота-відэаздымкаў.


Супрацоўнік міліцыі, які падчас тэлефоннага запрашэньня назваўся сьледчым крымінальнага вышуку УУС Менгарвыканкаму, насамрэч выявіўся ўчастковым міліцыянэрам, але пра гэта стала вядома пазьней. Мой статус ён вызначыў як сьведкі, але адначасна на чыстым аркушы паперы, дзе меўся запісваць нашу гаворку, пазначыў «Тлумачальная». Мае пярэчаньні, што на плошчы я выконвала свае прафэсійныя абавязкі і ня мушу тлумачыцца за гэта перад супрацоўнікамі міліцыі, выніку ня мелі. А паміж пытаньнямі пра «масавыя беспарадкі» міліцыянт час ад часу цікавіўся маёй магчымай прыналежнасьцю да палітычных партый, а таксама маім стаўленьнем да палітычнага ладу ў краіне.

Калі надышоў момант падпісваць «тлумачальную», так званы «сьледчы»-участковы раптам заявіў, што зараз я мушу таксама прайсьці працэдуру зьняцьця адбіткаў пальцаў і фота-відэаздымкаў. Пасьля маёй адмовы ў гаворку раптам уступілі два іншыя прысутныя ў пакоі супрацоўнікі, якія заявілі, што я, нібыта, магла хлусіць пра выкананьне журналісцкіх абавязкаў, што невядома, які мой сапраўдны ўдзел у падзеях 19 сьнежня. Таксама пагражалі, што калі я адмоўлюся ад названых працэдур, то буду хадзіць яшчэ не аднойчы і ня толькі ў міліцыю. «Пальчыкаў» і «фотасэсіі» ад мяне ўсё ж не дачакаліся, хоць участковы настойліва дамагаўся гэтага і пасьля складаньня сапраўднага пратаколу допыту, які адбываўся ў прысутнасьці ўсё тых жа супрацоўнікаў у цывільным.

Гары Паганяйла
Сытуацыю камэнтуе праваабаронца Гары Паганяйла:

«Калі вас выклікаюць у якасьці сьведкі, то вам павінны прыслаць позву, дзе павінна быць пазначана, у якасьці каго вы былі выкліканыя, і патлумачаныя вашыя правы і абавязкі. Што тычыцца дактыляскапіі, то сьведку можна прапанаваць такую працэдуру, але толькі зь ягонай згоды. Калі ён ня згодны, то правесьці дактыляскапаваньне нельга. Тое ж тычыцца і фатаграфаваньня. Бо ўсе гэтыя дзеяньні бяз згоды чалавека могуць быць расцэненыя так, што чалавек зьяўляецца ня сьведкам, а падазраваным, а гэта ўжо іншы працэсуальны статус і правы. Таму органам крымінальнага перасьледу варта дакладна вызначыць статус чалавека. Зразумела, што пад маркай дасьледаваньня крымінальнай справы па факце падзеяў у ноч на 20 сьнежня ўлады спрабуюць такімі дзеяньнямі проста запалохаць грамадзян».

Як паведамляюць праваабаронцы, допыт выкліканых сьведак у справе падзей 19 сьнежня мусіць адбывацца без прысутнасьці пабочных асобаў або імёны іх павінны быць зафіксаваныя ў пратаколе. Сьведкі таксама не абавязаныя даваць падпіску аб неразгалошваньні ўмоваў і зьместу правядзеньня допыту. Сьведкі таксама маюць права зьвяртацца ў пракуратуру з скаргай на незаконныя дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG