Лінкі ўнівэрсальнага доступу

К. Эштан: У беларускай ўлады засталіся лічаныя дні і гадзіны


Вярхоўная прадстаўніца Эўразьвязу па замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан сустрэлася ў Брусэлі зь міністрам замежных справаў Беларусі Сяргеем Мартынавым.

Паводле прэсавай службы Кэтрын Эштан, “высокая прадстаўніца ЭЗ нагадала Сяргею Мартынаву, што Эўрапейскі Зьвяз разглядае адпаведныя захады ў адказ на пасьлявыбарныя падзеі ў Беларусі з тым, каб ўхваліць іх на паседжаньні Рады замежных справаў 31 студзеня”.

Эштан заклікала да “неадкладнага вызваленьня асобаў, затрыманых з палітычных матываў, і неадкладнага спыненьня перасьледу апазыцыі, дэмакратычных сілаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці”.

Перад сустрэчаю з Мартынавым Эштан сустрэлася з прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сілаў і роднымі абвінавачаных па справе аб масавых непарадках 19 сьнежня 2010 году.

Падчас гэтай сустрэчы яна сказала суразмоўцам, што хоча “сустрэцца зь міністрам замежных справаў Беларусі толькі для таго, каб, гледзячы яму ў вочы, папярэдзіць, што ў беларускай улады засталіся лічаныя дні і гадзіны, каб адпусьціць усіх арыштаваных і паспрабаваць наладзіць адносіны з Эўразьвязам”.

“У адваротным выпадку будуць уведзеныя самыя жорсткія санкцыі”, – дадала яна. Пра гэта сайту charter97.org паведаміла сястра арыштаванага экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава Ірына Багданава.

Кэтрын Эштан запэўніла, што Эўразьвяз прыкладзе ўсе намаганьні для вызваленьня беларускіх лідэраў і ўсіх палітвязьняў. “Мы не чакалі, што беларускія ўлады праігнаруюць ўсе папярэднія дамоўленасьці і распачнуць рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці. Мы рашуча настроеныя пакласьці гэтаму канец”, – сказала Кэтрын Эштан.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG