Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі не трасуць, дык дапытваюць


Дэмакратычных актывістаў у рэгіёнах выклікаюць у мясцовыя аддзяленьні міліцыі і КДБ. Супрацоўнікі спэцслужбаў патрабуюць падпіскі аб неразгалошваньні дэталяў допыту, спасылаючыся на таямніцу сьледзтва. Аднак вядома, што актывістаў у КДБ запалохваюць і спрабуюць прымусіць да супрацоўніцтва.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


КДБ дапытвае актывістаў

12 студзеня позвай у Гомельскую ўправу КДБ быў выкліканы кіраўнік рэгіянальнай арганізацыі АГП Васіль Палякоў. Чым цікавіліся супрацоўнікі спэцслужбы?

Палякоў: «Пачалі пытацца, да якой партыі й якіх іншых арганізацыяў я належу, ці ведаю лідэраў? Хто зь іх заклікаў на Плошчу? Ці быў я сам у Менску? На пытаньне: „А які мой тут статус?“ супрацоўнік КДБ Сяргей Валнянка адказаў, што ніякага статусу ў мяне няма, таму што выклік гэты ня ў межах крымінальнай справы. Гэта толькі ў межах закону пра апэратыўна-вышуковую дзейнасьць. Я тады ўдакладніў: якія ў мяне ёсьць правы й абавязкі? Ён зачытаў 27 артыкул Канстытуцыі. Пасьля гэтага я й сказаў, што на падставе згаданага артыкула я ня буду даваць ніякіх паказаньняў».

Палітык лічыць, што павальныя ператрусы й канфіскацыя аргтэхнікі ў офісах апазыцыйных партый і грамадзкіх арганізацый, а таксама ў кватэрах актывістаў і журналістаў маюць на мэце спаралізаваць іх працу, запалохаць найбольш актыўных людзей:

«Некалькі мэтаў перасьледуецца і вырашаецца некалькі задач, у тым ліку й запалохаць актыў, запалохаць і трымаць у напружаньні грамадзтва, якое больш ці менш цікавіцца тым, што адбываецца ў краіне. У пэўнай ступені — спаралізаваць працу грамадзкіх аб’яднаньняў, палітычных партый, журналістаў».

У Гомельскую ўправу КДБ выкліканы таксама рэгіянальны каардынатар кампаніі «За справядлівыя выбары» Ўладзімер Кацора, старшыня абласной арганізацыі руху «За свабоду» Пятро Кузьняцоў, сябра БАЖ Ларыса Шчыракова. У спадарыні Шчыраковай учора ўвечары чэкісты зрабілі ператрус і забралі кампутары, відэакамэру, дыктафон ды іншую журналісцкую тэхніку.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Пасьля выкліку ў КДБ — ператрусы й канфіскацыя ў партыйных офісах

12 студзеня ў Горадні адбыліся ператрусы ў трох офісах на вуліцы Будзённага, 48а, дзе маюць сядзібу грамадзкія і партыйныя арганізацыі. Супрацоўнікі КДБ прыехалі дахаты і забралі кіраўнікоў абласных структураў БСДГ — Віктара Сазонава і АГП — Юрыя Істоміна, а таксама старшыню гарадзкой суполкі партыі БНФ Вадзіма Саранчукова. Іх даставілі ў партыйныя офісы, дзе пачаўся ператрус, як было патлумачана, у зьвязку з падзеямі 19 сьнежня ў Менску.

Як паведаміў кіраўнік абласной арганізацыі партыі БНФ Сяргей Мальчык, супрацоўнікаў КДБ цікавілі носьбіты інфармацыі ў былых штабах удзельнікаў прэзыдэнцкіх выбараў. У партыйных офісах былі сканфіскаваныя кампутарныя дыскі, сыстэмныя блёкі.

Віктар Сазонаў сказаў, што да яго прыйшлі і ўручылі позву:

«І прапанавалі паехаць зь імі ў КДБ. Я паехаў, нейкі час там сядзеў у кабінэце, чакаў, што будзе. А пасьля прыйшлі, паказалі мне санкцыю на вобшук у партыйным офісе. Пытаньні былі звычайныя, пратакольныя: ці знаходзяцца там забароненыя рэчы ў офісе — калі ёсьць, то выдайце добраахвотна, якое я маю дачыненьне да кампаніі Саньнікава. Забралі два кампутары, дыскі, друкаваную прадукцыю, кніжкі».

І ў гэтыя дні таксама гвалтоўна даставілі ў КДБ журналіста польскай «Gazety Wyborczej» Андрэя Пачобута. Ён распавядае:

«Сам факт такога затрыманьня, як гэта было абстаўлена, што я адчуваў сябе вельмі небясьпечным злачынцам: мяне пад рукі цягнулі ў машыну, пасьля з машыны ў КДБ пад рукі выводзілі. Пасьля яны спрабавалі размаўляць пра падзеі ў Менску, выкарыстоўваючы фізычны і псыхалягічны ціск. Гэта ёсьць ацэнка Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі маёй журналісцкай працы. Калі КДБ так дзейнічае, значыцца, я добра працую».

Андрэй Пачобут напісаў скаргу на дзеяньні супрацоўнікаў КДБ, адзін зь якіх біў яго падчас допыту. Скаргу разглядае вайсковая пракуратура ў Горадні.

Пачобут: «Мяне ж некалькі разоў ударылі і, акрамя таго, абяцалі, што пасадзяць на восем гадоў у турму, што я выйду ўжо старым чалавекам, што ў турме згвалцяць і гэтак далей. Такі дастаткова клясычны набор пагрозаў. Я проста думаў, у КДБ больш вытанчаныя мэтады, а аказалася ўсё вельмі банальна. Я не спалохаўся абсалютна. Гэта непрыемна, канечне, што вось такіх людзей трэба было слухаць больш за дзьве гадзіны… Але каб спалохаць, то яны мяне не спалохалі».

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Паўтара дзясятка допытаў у КДБ

На Магілёўшчыне ўжо вядома пра паўтара дзясятка допытаў актывістаў у КДБ. Магчыма, што было і больш, але некаторыя з тых, хто наведаў камітэт, адмаўляюцца паведамляць пра гэта.

Некаторыя з апазыцыянэраў выклікаліся ў КДБ нават не адзін раз. Сярод такіх — жыхарка Бабруйску Ірына. Яе спрабавалі зьвінаваціць ва ўдзеле ў акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці. Дамагаліся, каб яна падпісала паперу аб няўдзеле ў несанкцыянаваных акцыях апазыцыі:

«Яны матывавалі гэта тым, што Менск патрабуе ад іх правядзеньня прафіляктычнай гутаркі. Яны дужа нэрваваліся. Зрываліся. Асабліва сьледчы Кавальчук. Я яму сказала: «Чаму вы пачынаеце крычаць на мяне? Я ж з вамі спакойна гавару. Падпісваць усё адно я нічога ня буду. Калі вы ведаеце дакладна, што я ўдзельнічала, то прад’явіце».

Бабруйскі журналіст Яўген Васьковіч адседзеў за ўдзел у акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці 12 сутак адміністрацыйнага арышту. Але і яго не абмінуў допыт у КДБ. Паводле хлопца, сьледчы нібыта між іншым заявіў, што за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве яго маглі пазбавіць волі на тэрмін да васьмі гадоў. Пры канцы допыту папрасіў падпісаць паперу наступнага зьместу:

«Што яны правялі гутарку й папярэдзілі мяне, што нядобра быць у апазыцыі й што я ўсьвядоміў сваю віну й больш ня буду ўдзельнічаць у падобнага роду мерапрыемствах. Я папрасіў зьмяніць фармулёўку: «Што я буду й надалей браць удзел з-за сваіх палітычных перакананьняў у масавых мірных мерапрыемствах».

«Зразумела, асудзіць мяне няма за што, то яны спрабуюць зьвязаць рукі»

Сёньня магілёўскую ўправу КДБ наведаў кіраўнік абласной арганізацыі Партыі БНФ Зьміцер Салаўёў. Паводле актывіста, супрацоўнік КДБ Андрэй Міхуноў азнаёміў яго з папярэджаньнем аб недапушчальнасьці супрацьпраўных дзеяньняў.

«Мяне паставілі 5 студзеня на прафіляктычны ўлік за неаднаразовыя спробы арганізацыі і правядзеньня ў рэгіёне масавых несанкцыянаваных мерапрыемстваў. Зразумела, асудзіць мяне няма за што, то яны спрабуюць зьвязаць рукі. Гэта ўзмацненьне ціску на актывістаў у сувязі з падзеямі 19 сьнежня».

Зьміцер Салаўёў будзе абскарджваць папярэджаньне ў судовым парадку.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Распавядаць пра допыт забараняюць

У Берасьці падпіску аб неразгалошваньні ня даў толькі Юрка Бакур.

Юрку Бакура затрымалі на мяжы, калі ён вяртаўся ў Беларусь з Польшчы. Памежнікі аддалі сябра БХД супрацоўнікам КДБ, якія прыехалі зь Берасьця на памежны пераход Пясчатка-Полаўцы, дзе яго і дапыталі:

«Дапытвалі мяне як сьведку. Пыталіся, чым я займаўся вечарам 19 сьнежня. Я распавёў, што ў гэты час знаходзіўся на Плошчы ў Менску, дзе прымаў ўдзел у акцыі пратэсту. Акрамя гэтага, цікавіліся, каго са знаёмых я бачыў на плошчы Незалежнасьці. На гэта я адмовіўся адказваць. Асабліва яны на мяне ня ціснулі».

Юрка Бакур адзначае, што гэта, магчыма, не апошні допыт у КДБ:

«Мяне дапытвалі як сьведку, з матэрыяламі справы не знаёмілі. Таму не патрабавалі ад мяне падпісаць неразгалошваньне зьвестак пра допыт. Паколькі я сьведка, то мне падаецца, што гэта не апошні допыт».

Допыты і ператрусы дапаўняюцца ціскам на студэнтаў у ВНУ, якім пагражаюць адлічэньнем за ўдзел на Плошчы, кажа баранавіцкі актывіст Яраслаў Грышчэня:

«Улады стараюцца запалохаць. Так, напрыклад, вядомы выпадак з Тацьцянай Суславай. Студэнтцы мясцовага ўнівэрсытэту паведамілі ў дэканаце, што яна будзе адлічана з ВНУ. Тым ня менш легітымна паводле дакумэнтаў яе немагчыма адлічыць, яна даволі добра навучаецца. Але невядома, як будзе падчас гэтай сэсіі».

У кватэры сябры берасьцейскага АГП Уладзімера Вуека падчас ператрусу быў канфіскаваны ноўтбук. Актывіста дапыталі супрацоўнікі КДБ. Уладзімер кажа, што допыт у КДБ тычыўся непасрэдна падзей у Менску 19 сьнежня. Падрабязнасьці допыту актывіст партыі агучыць ня можа:

«Мяне дапытвалі ў межах крымінальнай справы, заведзенай аб падрыхтоўцы і арганізацыі масавых беспарадкаў. Зь мяне быў узяты подпіс аб неразгалошваньні. Пыталіся ў асноўным, ці прымаў удзел у акцыі, што бачыў, што рабіў. Прыкладна такога кшталту пытаньні».

ВІЦЕБШЧЫНА


КДБ спрабуе запалохваць і вербаваць

Былы кіраўнік выбарчага штабу Андрэя Саньнікава ў Віцебску, актывіст Уладзіслаў Варанецкі размаўляў з двума супрацоўнікамі КДБ у дэканаце тэхналягічнага ўнівэрсытэту, куды ён спрабуе аднавіцца на вучобу.

Згадваючы гэтую гутарку, актывіст расцэньвае яе як спробу вярбоўкі:

«У прынцыпе, так. Бо яны казалі, што мы табе дапаможам, калі ты ня будзеш больш у апазыцыі. Я ня ведаю, на што яны разьлічвалі. Можа, на тое, што я скажу: „Ой, канечне, дапамажыце мне толькі аднавіцца!“ Але тут яны памыляюцца. Я цяпер сам вырашаю праблемы з аднаўленьнем. Цяпер гэта прынцыпова. А яны калі думаюць, што могуць купіць, то гэта наіўна!»

Уладзіслаў Варанецкі кажа, што пасьля няўдалай спробы прапанаваць дапамогу ў навучаньні супрацоўнікі КДБ распытвалі яго пра іншых аднадумцаў — верагодна, каб нейкім чынам паўплываць і на іх:

«Яны спрабавалі распытваць, хто быў з намі — ці ведаю я ці таго, ці другога… Я ім амаль нічога не адказваў. Калі трэба — дык няхай самі і даведваюцца.Чаму я мушу ім нешта гаварыць?»

Актывіста «Маладой Беларусі» Алеся Галаваня, які адбыў у Жодзінскай турме 10 сутак арышту за ўдзел у акцыі 19 сьнежня, таксама змушалі распавядаць пра сяброў і знаёмых. Гутарка з супрацоўнікамі КДБ адбылася ў Першамайскім РАУС, куды хлопца прывезьлі міліцыянты, затрымаўшы яго каля дому:

«Цікавіла іх, хто езьдзіў, хто заклікаў ехаць у Менск, хто адпраўляў дэлегацыі зь Віцебску ў Менск на акцыю, ці была нейкая масавая адпраўка. Вось такія пытаньні. Яны нічога ня ведаюць — толькі хіба крыху, толькі тое, што было ў сродках масавай інфармацыі».

Алесь Галавань кажа, што спробаў схіліць яго да супрацоўніцтва гэтым разам не было:

«Спробаў вярбоўкі не было. Казалі: маўляў, мы ж вас ведаем, вы такі „адмарозак“, што і размаўляць няма пра што. У мяне дагэтуль было дзьве-тры размовы зь імі па справе вярбоўкі. Вось у 2004-м мне дасылалі позву ў ваенкамат, я прыходжу, а там два чалавекі сядзяць і мне кажуць: „Мы табе грошы заплацім, толькі заяву напішы“. Прапанавалі 20 тысяч „за вывучэньне сродкаў масавай інфармацыі“. Але я на гэта не іду, таму цяпер яны так кажуць».

Актывіст згадвае, што супрацоўнікі КДБ спрабавалі зь ім дамовіцца пра супрацоўніцтва ў 2001-м, 2004-м і 2008-м гадах, абяцаючы розныя выгоды. Гэтым разам толькі пагражалі: паабяцалі, што падрыхтуюць дакумэнты і вынесуць папярэджаньне за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. У якой менавіта — у «Маладой Беларусі» ці ў БХД — Алесь Галавань не ўдакладняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG