Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя прапануе Эўропе новую палітыку


Заходні друк працягвае пісаць пра сытуацыю вакол Беларусі, пра сёньняшняе пасяджэньне камітэту Эўрапарлямэнту па пытаньні санкцый адносна Беларусі, пра выступы беларускіх апазыцыянэраў у Эўропе. Прапануем вашай увазе публікацыі ў сёньняшніх нумарах The Washington Рost і The New York Times.

Беларуская апазыцыя заклікае Эўразьвяз прыняць новую стратэгію

The New York Times

Беларуская апазыцыя заклікае Эўразьвяз прыняць новую стратэгію: рэзка скараціць кантакты з беларускай уладай пры адначасным умацаваньні падтрымкі грамадзянскай супольнасьці. Пра гэта было заяўлена ў Бэрліне ад імя 16-ці дэмакратычных арганізацыяў, чые прадстаўнікі пачалі дыпляматычны наступ у эўрапейскіх сталіцах, уключаючы Бэрлін, Брусэль, Прагу, Вільню і Варшаву.

Ева Някляева, дачка аднаго з кандыдатаў у прэзыдэнты, выступіла на прэсавай канфэрэнцыі, наладжанай Фондам Маршала і нямецка-
Realpolitik ня мусіць пераважаць над каштоўнасьцямі правоў чалавека і свабоды.
беларускім таварыствам. “Эўропа павінна прыняць канкрэтныя меры, не павінна быць ніякага дыялёгу з уладамі, пакуль людзі ў турме. Realpolitik ня мусіць пераважаць над каштоўнасьцямі правоў чалавека і свабоды”, – сказала яна.

Сяргей Калякін, лідэр беларускіх левых, заявіў, што Эўропа павінна прыняць палітыку ціску на рэжым і спрыяньня звычайным беларусам: "Шмат што можа быць зроблена за кошт зьніжэньня платы за візы для беларусаў, якія жадаюць паехаць на Захад, падтрымкі студэнтаў, якія з-за палітычнай дзейнасьці, ня могуць працягваць вучобу і вымушаныя зьехаць за мяжу, а таксама падтрымкі незалежнага радыё і тэлебачаньня", сказаў ён.

Гэта першы выпадак, калі буйныя няўрадавыя арганізацыі і рухі аб'ядналіся, каб супрацьстаяць таму, што яны называюць "ростам тэрору і рэпрэсій з боку ўладаў".

Да прэзыдэнцкіх выбараў у мінулым месяцы, якія Арганізацыя па бясьпецы і супрацоўніцтву ў Эўропе прызнала недэмакратычнымі, апазыцыя ня здолела дамовіцца аб адзіным кандыдаце, які б супрацьстаяў Аляксандру Лукашэнку, які знаходзіцца ва ўладзе з 1994 году. Ён быў пераабраны на чацьверты тэрмін. Але на гэтым тыдні, апазыцыя стварыла Нацыянальную каардынацыйную раду, каб гаварыць адным голасам і ў Беларусі, і ў Эўропе, каб аказаць ціск на ўлады ў Менску.

Асноўнымі мэтамі рады зьяўляюцца кампанія за вызваленьне ўсіх актывістаў, якія трапілі ў турмы па палітычных матывах, арганізацыя дапамогі іх сем'яў, а таксама распаўсюд інфармацыі аб гэтым для беларускіх грамадзян і міжнароднай супольнасьці.

Польскі ўрад ужо праводзіць такую стратэгію, павялічваючы сваю падтрымку грамадзянскай супольнасьці і няўрадавым арганізацыям пры ізаляцыі вышэйшага кіраўніцтва ў Менску. Польшча пашырае сваё вяшчаньне на Беларусь на беларускай мове, адкрывае свае ўнівэрсытэты для беларускіх студэнтаў, якія ўжо не могуць завяршыць сваю адукацыю дома з-за іх палітычнай дзейнасьці, у Варшаве ствараецца цэнтар для беларускай апазыцыі.

У сераду беларускі міністар замежных спраў Сяргей Мартынаў плянуе правесьці 30-хвілінную сустрэчу ў Брусэлі з Кэтрын Эштан, прадстаўніком ЭЗ у пытаньнях зьнешняй палітыкі. Спадарыня Эштан "будзе паўтараць тое, што Эўрапейскі зьвяз казаў увесь час, і закліча да вызваленьня ўсіх палітычных вязьняў", паведаміла прэсавы сакратар сп-ні Эштан. Яна падкрэсьліла, што сустрэча адбудзецца па ініцыятыве беларускага боку.

Арышты апазыцыі ў Расеі і ў Беларусі

The Washington Рost

Лідэры апазыцыі ў Беларусі і ў Расеі знаходзяцца у турме. Гэта ставіць пытаньне аб тым, што гэта значыць для Расеі, для Захаду і для амэрыканскай палітыкі “перазагрузкі”.

У Беларусі рэпрэсіі сьведчаць пра жорсткі, рэпрэсіўны характар улады прэзыдэнта Лукашэнкі. У Расеі прымушаюць задаваць пытаньне, наколькі шчыры прэзыдэнт Мядзьведзеў зь яго заявамі пра вяршэнства закона, наколькі ён кантралюе сытуацыю, і што павінен рабіць Захад.

Лукашэнка арыштаваў 7 з 9 сваіх канкурэнтаў на сьнежаньскіх прэзыдэнцкіх выбарах, а таксама прыкладна 600 чалавек з 10 тысячаў удзельнікаў масавай акцыі, якія ставілі пад сумнеў абвешчаныя вынікі выбараў. 16 чалавек з тых, каму прад’яўленыя крымінальныя абвінавачваньні, Amnesty International абвясьціла вязьнямі сумленьня.
У Маскве толькі чатыры лідэры апазыцыі былі арыштаваныя – а прэзыдэнцкія выбары адбудуцца не раней 2012 году. Барыс Нямцоў, былы намесьнік прэм'ер-міністра і губэрнатар у эпоху Ельцына, адбывае 15-дзённы тэрмін пасьля таго, як ён быў затрыманы падчас дэманстрацыі напярэдадні новага году.

"Мы бачым адну і тую ж траекторыю ў абедзьвюх сыстэмах", – кажа Лілія Шаўцова, старшы навуковы супрацоўнік у Маскоўскім Цэнтры Карнэгі. – Але Расея прапануе больш рыторыкі, якой Захад хоча верыць".

Мядзьведзеў, у прыватнасьці, запэўнівае Захад, што Расея спрабуе лібэралізавацца, у адрозьненьне ад прэм'ер-міністра Ўладзімера Пуціна, які выказваецца ў больш рэпрэсіўным ключы.

Амэрыканская палітыка перазагрузкі адносінаў з Расеяй дасягнула кароткатэрміновых мэтаў, – кажа Лілія Шаўцова. – Прынятае новае пагадненьне аб скарачэньні стратэгічных узбраеньняў, ёсьць дамоўленасьці наконт Ірану і Аўганістану.

"Але гэта кароткатэрміновы падыход, пазбаўлены стратэгічнага бачаньня, – сказала яна. – Рэальная палітыка, якую Захад праводзіць у дачыненьні да Беларусі, ёсьць прыкладам таго, якая палітыка можа праводзіцца ў дачыненьні да Расеі”.

Паводле Шаўцовай падобны аўтарытарны кірунак Расеі і Беларусі зьяўляецца выклікам ЗША і Эўропе, які вымагае распрацоўкі скаардынаванай палітыкі для працы з рэпрэсіўнымі рэжымамі. Хоць Злучаныя Штаты і Эўропа ў розныя часы ўжывалі санкцыі адносна Беларусі, яны, мяркуе Шаўцова, ня здолелі дамагчыся рэальных зьменаў.

На прэсавай канфэрэнцыі, якая прайшла на гэтым тыдні на радыё Свабода, Ева Някляева, дачка зьняволенага беларускага кандыдата ў прэзыдэнты, заявіла, што Лукашэнка пасьпяхова маніпуляваў Расеяй і Эўропай, абяцаючы Эўропе, што ён стане менш рэпрэсіўным, і
Да д’ябла рэальную палітыку. Стаўка – чалавечае жыцьцё.
ўпэўніваючы Расею, што ён зьяўляецца яе надзейным саюзьнікам.

"Я не хачу быць дыпляматам, – кажа Някляева. – Я стамілася, пры ўсёй павазе да іх, ад аналітыкаў, якія кажуць, што ў гэтай сытуацыі Эўропе і Захаду вельмі цяжка зрабіць сур'ёзныя крокі з-за эканамічнай сытуацыі. Да д’ябла рэальную палітыку. Стаўка – чалавечае жыцьцё".

Лукашэнка праігнараваў скаргі Захаду наконт жорсткага абыходжаньня з дэманстрантамі. Ён адказаў на крытыку наконт падліку галасоў, выкінуўшы з краіны офіс АБСЭ.

Арышты ў абедзьвюх краінах ствараюць цяжкую праблему для Захаду, каб прыдумаць эфэктыўную палітыку ў адносінах да іх, кажа Аляксей Макаркін, аналітык Цэнтру палітычных тэхналёгій у Маскве, таму што рэпрэсіі могуць аслабілі “перазагрузку”.

"Я думаю, што яны могуць пашкодзіць “перазагрузцы”, – сказаў ён, – таму што “перазагрузка” заснаваная на ідэі, што існуюць прынамсі некаторыя агульныя каштоўнасьці і прынцыпы. Сёньня ёсьць шмат сумневаў адносна гэтых прынцыпаў і каштоўнасьцяў. Ніхто не хоча ізаляваць Расею, але ў выніку рэпрэсій да яе будзе менш даверу, а таму і “перазагрузка” можа стаць менш эфэктыўнай".

Арышт Нямцова, безумоўна, удар па Мядзьведзеву і яго пазыцыі – хоць Мядзьведзеў адстойвае вяршэнства закона, арышт быў відавочным парушэньнем прававых гарантый. Судзьдзя выслухаў паказаньні двух супрацоўнікаў міліцыі і адмовіўся прыняць відэа ў якасьці доказаў, якія апраўдваюць Нямцова.
Адносна мяккі адказ ЗША на падзеі ў Беларусі толькі заахвочвае рэпрэсіі ў Маскве.

Маскоўскі аналітык Георгі Сатараў мяркуе, што адносна мяккі адказ ЗША на падзеі ў Беларусі толькі заахвочвае рэпрэсіі ў Маскве. Паводле яго нечаканае відовішча 10 тысячаў дэманстрантаў у Менску спалохала расейскія ўлады. Яны арыштавалі Нямцова, каб напалохаць тых, хто мог бы далучыцца да яго.

Лідэры Расеі дагэтуль памятаюць часы перабудовы, мяркуе Макаркін, прыгадваючы, як слабая дэмакратычная апазыцыя вырасла да грознай сілы.

І невыпадкова, што ўлады перасьледуюць Барыса Нямцова, які стаў палітыкам менавіта ў часы перабудовы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG