Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ежы Бузэк: Нашыя госьці зь Беларусі – гэта насамрэч пераможцы апошніх прэзыдэнцкіх выбараў


У Брусэлі прайшло пасяджэньне камітэту міжнародных спраў Эўрапарлямэнту – на ім разглядалі сытуацыю ў Беларусі. У дыскусіі бралі удзел сябры дэлегацыі па сувязях зь Беларусьсю і падкамітэту правоў чалавека ў Эўрапарлямэнце, а таксама прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў.

Вялася наўпроставая інтэрнэт-трансьляцыя. У канцы паседжаньня беларуская дэлегацыя раздала эўрадэпутатам бел-чырвона-белыя шалікі. Як патлумачыла ў сваім выступе Ева Някляева, яна, як дачка паэта, верыць у моц сымбалічных крокаў, але найперш Эўропе трэба рабіць канкрэтныя жорсткія крокі для вызваленьня палітвязьняў.

ТЭЗІСЫ НЕКАТОРЫХ ВЫСТУПАЎ


15.55. Выступае старшыня Эўрапарлямэнту Ежы Бузэк. Зь яго выступу:

У Эўразьвязу павінен быць адзіны голас у размове зь Беларусьсю. Шмат прапановаў зь беларускага боку, зь якімі варта пагадзіцца: візавыя забароны для чыноўнікаў і бясплатныя візы для некаторых катэгорый беларусаў – напрыклад, студэнтаў. Падтрымка няўрадавых арганізацый. Можна разглядаць і іншыя крокі – напрыклад, забарону для Беларусі ўдзельнічаць у міжнародных спартовых спаборніцтвах.

Нашыя госьці зь Беларусі – гэта насамрэч пераможцы апошніх прэзыдэнцкіх выбараў. Мы ўпэўненыя, што вы пераможаце.

15.45. Выступае дэпутат Эўрапарламэнту ад Нямеччыны Элізабэт Шродтэр. Зь яе выступу:

Найперш трэба дапамога тым, хто цяпер цярпіць ад рэпрэсіяў, у тым ліку адвакатам, якія абараняюць зьняволеных і якіх могуць пазбавіць ліцэнзіяў.

15.40. Выступае дэпутат Эўрапарламэнту ад Польшчы Яцак Сарыюш-Вольскі. Зь ягонага выступу:

Адных прамоваў і сымбалічных жэстаў мала. Трэба спытацца, каму былі выгадныя апошнія падзеі ў Беларусі. Расея атрымала большы ўплыў, Беларусь аддалілася ад Эўропы.

Трэба ізаляваць беларускія ўлады і адчыняць дзьверы для звычайных беларусаў.

15.35. Выступае старшыня камітэту сэйму Літвы па замежных справах Эмануэліс Зінгерыс. Зь яго выступу:

У Беларусі адбываюцца шакуючыя рэчы. Трэба не забывацца, што дагэтуль не расьсьледаваныя справы аб зьнікненьні апанэнтаў рэжыму.

Трэба таксама паглядзець, як адносіны з Расеяй адбіваюцца на ўнутраным палітычным становішчы ў Беларусі.

Дагэтуль існуе "жалезная заслона", якую стварылі ўлады ў Менску.

15.31. Выступае Баст'ян Бэльдэр, эўрадэпутат ад Нідэрляндаў. Зь яго выступу:

Паводле сур'ёзных крыніцаў, прадстаўнікі чынавенства ў Менску таксама шакаваныя тым, што адбылося.

15.28. Выступае Чарлз Тэнак, брытанскі дэпутат-кансэрватар.

Ён выказваецца ў падтрымку прапановы расьсьледаваць фальсыфікацыі на выбарах у Беларусі і патрабаваць перавыбараў.

15.25.
Выступае Вэрнэр Шульц, нямецкі дэпутат ад "зялёных". Зь яго выступу:

Трэба расьсьледаваць фальсыфікацыі на выбарах у Беларусі і патрабаваць перавыбараў.

15.20.
Выступае Адрыян Сэвэрын, былы адмысловы дакладчык ААН па Беларусі. Зь яго выступу:

Цяперашнія падзеі ў Беларусі выклікаюць дэжавю. Трэба зрабіць усё, што магчыма, для вызваленьня палітвязьняў, захоўваць спакой, калі нечага зрабіць немагчыма, і мець розум, каб адрозьніць адно ад другога.

15.10.
Выступае дэпутат Эўрапарламэнту ад Польшчы Яцак Пратасевіч. Зь ягонага выступу:

Нельга працягваць ранейшых адноснаў зь беларускімі ўладамі пасьля таго, што здарылася. Пры гэтым трэба пашыраць кантакты зь незалежным беларускім грамадзтвам.

15.05.
Выступае кіраўніца камітэту Эўрапарламэнту па правах чалавека Хайдзі Хаўтала. Зь яе выступу:

Неабходна, каб прадстаўнікі эўрапейскіх арганізацыяў правялі расьсьледаваньне таго, што здарылася ў Беларусі. Трэба стварыць для такога расьсьледаваньня незалежны міжнародны камітэт.

14.55. Выступае эўракамісар Штэфан Фюле. Некаторыя моманты зь ягонага выступу:

Адказ на дзеняьні беларускіх уладаў павінен быць неадкладны, прапарцыйны і збалянсаваны. Нельга вяртацца да становішча, якое было да 2008 году – да ізаляцыі беларусаў.

Беларусь неадкладна павінна вызваліць затрыманых і спыніць перасьлед демакратычных актывістаў, каб пазьбегчы санкцыяў. Гэта пытаньне гадзінаў і дзён, а ня тыдняў і месяцаў. Такое пасланьне ўжо перададзенае міністру замежных справаў Беларусі Сяргею Мартынаву.

Важна, каб Беларусь працягвала ўдзел у праграме "Ўсходняе партнэрства".

14.49. Выступае віцэ-міністр замежных спраў Літвы Эвалдас Ігнатавічус. Некаторыя моманты зь ягонага выступу:

Трэба, каб АБСЭ працягвала дзейнасьць у Беларусі. Беларускі бок заявіў, што рашэньне аб закрыцьці офісу АБСЭ ў Менску незваротнае, але трэба намагацца гэта зьмяніць.

Падтрымка праектаў у Беларусі, паінна быць перанакіраваная на грамадзянскую супольнасьць. Трэба падтрымаць беларускіх студэнтаў, выключаных з унівэрсытэтаў паводле палітычных матываў.
Трэба зьменшыць цану эўрапейскіх візаў для беларусаў.

14.42. Выступае Аляксандар Аляксандраў, намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў. Некаторыя моманты зь ягонага выступу:

Хваля рэпрэсіяў працягваецца, рэпрэсіі не спыніліся 19-20 сьнежня. Мэдыі ў Беларусі працуюць ва ўмовах усё большага ціску.

Трэба спыніць праграмы супрацоўніцтва з урадам Беларусі, пакуль ня будуць вызваленыя палітвязьні. Адказныя за рэпрэсіі павінны быць пакараныя санкцыямі. Пры гэтым варта было б палегчыць магчымасьці атрыманьня візаў у краіны Эўропы для звычайных беларусаў.

14.37. Выступае Ева Някляева, дачка Ўладзімера Някляева. Некаторыя моманты зь яе выступу:

На маім месцы павінен быў бы быць мой бацька і іншыя мужныя людзі, якія цяпер у зьняволеньні. Зьняволеным не аказваюць неабходнай мэдычнай дапамогі.

Трэба рабіць канкрэтныя жорсткія крокі для вызваленьня палітвязьняў – у Эўропы ёсьць ключы для вызвальненьня. Павінна быць эфэктыўная палітыка, а не realpolitik.

14.30. Выступае лідэр руху "За Свабоду" Аляксандар Мілінкевіч. Некаторыя моманты зь ягонага выступу:

Цяперашнія рэпрэсіі ў Беларусі выкліканыя тым, што Аляксандар Лукашэнка зразумеў – ён не набраў 50 працэнтаў на выбарах.

Эўропа павінна гаварыць адным голасам і чыніць ціск на беларускую ўладу, каб вызвалілі зьняволеных. Адначасова трэба падтрымліваць дыялёг з грамадзянскай супольнасьцю.

За апошнія гады ў Беларусі значна вырасла колькасьць прыхільнікаў эўраінтэграцыі. Падтрымка Эўропы вельмі важная для беларускага грамадзтва і асабліва для палітвязьняў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG