Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты выбарчай кампаніі губляюць працу


На фота: чарга ў цэнтар занятасьці
На фота: чарга ў цэнтар занятасьці

У Асіповічах застаўся бяз працы сябра ініцыятыўнай групы Ўладзімера Някляева Ігар Трэшчаў. Актывіст сьцьвярджае, што звольнілі яго з-за ўдзелу ў перадвыбарчай кампаніі апазыцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты. Кіраўніцтва прадпрыемства прычынай спыненьня працоўных адносінаў называе вытворчую неабходнасьць.


Ігар Трэшчаў
пасьпеў адпрацаваць у перасоўнай мэханізаванай калёне № 95 райцэнтру паўгода. Абслугоўваў аргтэхніку. Нараканьняў на ягоную працу не было. Паводле актывіста, праблемы пачаліся адразу пасьля выбараў:

"Супрацоўнікі пачалі гаварыць, што ты ўжо ў нас ня будзеш працаваць. У дырэктара нейкія пытаньні ўзьніклі ў райвыканкаме. Яго туды выклікалі. Я падышоў да дырэктара й канкрэтнае задаў пытаньне. Ён ня стаў мне нічога тлумачыць. Сказаў, што мы з вамі больш ня будзем працаваць".

Карэспандэнт: "З чым зьвязваеце вы тое, што з вамі не працягнулі працоўных адносін?"

Трэшчаў:
"Ім не спадабалася, што мы задужа актыўна працавалі ў камандзе Някляева. Агітацыяй займаліся. Подпісы зьбіралі. Буду цяпер нешта шукаць, думаць. Можа, нехта й возьме куды-небудзь".
Дырэктар ня стаў мне нічога тлумачыць. Сказаў, што мы з вамі больш ня будзем працаваць

У адміністрацыі прадпрыемства адмаўляюць палітычную матывацыю звальненьня актывіста. Сьцьвярджаюць, што яно часовае. У прадпрыемства няма сродкаў, каб аплаціць яго працу, тлумачыць прадстаўнік адміністрацыі:

"На сёньня я нават ня ведаю, як пагасіць крэдыт. Няма грошай. Ён у нас працаваў паводле дамовы. Калі ён спатрэбіцца, будзем яго выклікаць і па факце будзем аплачваць ягоную працу. Як спэцыяліст ён выдатны чалавек".

На Магілёўшчыне Ігар Трэшчаў стаў другім актывістам ініцыятыўнай групы Ўладзімера Някляева, якога звольнілі з працы. Першым папоўніў шэрагі беспрацоўных актывіст з райцэнтру Кіраўск Аляксандар Баран. Яго змусілі звольніцца з кацельнай жыльлёва-камунальнай гаспадаркі райцэнтру.

Тым часам у рэгіёне працягваюць выклікаць людзей у КДБ. Ад 29 сьнежня вядомыя больш за пятнаццаць фактаў іх допытаў. Дакладней вызначыць колькасьць дапытаных праваабаронцам не ўдаецца:

"Спэцслужбы стараюцца дзейнічаць патаемна, каб ніхто, акрамя таго чалавека, на якога гэты ціск чыніцца, ня ведаў пра гэта. Людзей запалохваюць. Настройваюць іх, каб яны не давалі розгаласу, бо ў іх надалей нібыта могуць быць нейкія праблемы. Такім чынам людзі трапляюць у непрыемнае становішча. Такім фактам трэба абавязкова даваць розгалас — гэта адзіная зброя грамадзяніна супраць ціску з боку спэцслужбаў", – зазначае магілёўскі праваабаронца Аляксей Колчын.

Сёньня ў КДБ выкліканы кіраўнік абласной арганізацыі партыі БНФ Зьміцер Салаўёў. У позьве пазначана — "для правядзеньня індывідуальнай прафіляктыкі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG