Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейская Народная Партыя заклікае ўнівэрсытэты ЭЗ прыняць беларускіх студэнтаў


Старшыня Эўрапейскай народнай партыі (ЭНП) Вільфрэд Мартэнс заклікае ўнівэрсытэты краінаў ЭЗ прыняць беларускіх студэнтаў у выпадку іх выключэньня за удзел у мітынгах апазыцыі.

Пра гэта Мартэнс заявіў пасьля сустрэчы зь лідэрам руху "За Свабоду" Аляксандрам Мілінкевічам у Бруселі 11 студзеня, паведамляе прэс-служба партыі.

"Я вітаю ініцыятыву польскіх і літоўскіх унівэрсытэтаў адчыніць свае дзьверы для беларускіх студэнтаў (удзельнікаў дэманстрацыі апазіцыі) ў выпадку іх выключэньня і заклікаю ўнівэрсытэты ўсіх краін — чальцоў ЭЗ падхапіць гэтую ініцыятыву, а Эўракамісію — аказаць дапамогу", — заявіў Мартэнс.

Лідар ЭНП выказаў меркаваньне, што калі Эўропа жадае ўбачыць Беларусь дэмакратычнай у будучыні, то яна павінна ўсімі магчымымі спосабамі падтрымліваць грамадзянскую супольнасьць у краіне, як паведамляе БелаПАН.

Мартэнс паведаміў таксама, што абмеркаваў зь Мілінкевічам беларускую сытуацыю, а таксама магчымую рэакцыю на яе з боку ЭЗ. "Жахлівыя інцыдэнты мінулага месяцу нагадалі Эўропе, што Беларусьсю кіруе ўрад-ізгой, які выказвае поўную непавагу да дэмакратычных каштоўнасьцяў і вяршэнства закону", — сказаў Мартэнс.

ЭНП зьяўляецца самай буйной эўрапейскай палітычнай партыяй. Яна аб'ядноўвае дзясяткі партый з 39 краін і ўтварае найбуйнейшую фракцыю ў Эўрапарлямэнце.
XS
SM
MD
LG