Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шэраг дэмакратычных палітыкаў, а таксама сваякі арыштаваных за акцыю ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня, прынялі зварот да дэпутатаў Эўрапейскага Парлямэнту пра сытуацыю ў Беларусі.

«Ужо 16 гадоў як у Беларусі пануе дыктатарскі рэжым. 19 сьнежня 2010 году ў Беларусі адбываліся гэтак званыя выбары прэзыдэнта. Колькасьць прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў, якім дазволілі ўвайсьці ў склад участковых выбарчых камісіяў, склала 0,25% ад агульнай колькасьці сяброў камісіяў. Незалежных назіральнікаў не дапусьцілі да маніторынгу падліку галасоў. На нешматлікіх участках для галасаваньня, дзе незалежным назіральнікам удалося прадухіліць падмену або ўкід бюлетэняў, аддадзеных у дзень галасаваньня, і дамагчыся іх публічнага падліку, Аляксандар Лукашэнка меў ад 32 да 45% падтрымкі ў дзень галасаваньня 19 сьнежня. Падобныя вынікі далі таксама незалежныя экзыт-полы. Такім чынам, ёсьць абгрунтаваныя сумневы ў тым, што Лукашэнка набраў неабходную для перамогі ў першым туры большую за 50% колькасьць галасоў.

Яшчэ да завяршэньня галасаваньня і падліку галасоў сілавыя структуры ўлады пачалі фізычна распраўляцца з палітычнымі апанэнтамі Лукашэнкі.

19 сьнежня мірныя пратэсты дзясяткаў тысячаў грамадзянаў супраць фальшаваньня вынікаў выбараў у Менску былі жорстка падаўленыя спэцыяльнымі сіламі міліцыі. Сотні людзей зьбітыя да крыві, пакалечаныя. Сямёра кандыдатаў у прэзыдэнты былі кінутыя ў турму КГБ яшчэ да афіцыйнага абвешчаньня вынікаў выбараў. Больш за 600 мірных дэманстрантаў былі адміністрацыйна арыштаваныя. У адказ на мірныя пратэсты супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў улады пачалі масавыя акцыі запалохваньня.
Дыктатарская ўлада у Беларусі — пагроза незалежнасьці Беларусі і стабільнасьці ў Эўропе.


Людзей выкідаюць з працы і вучобы. Штодня КГБ праводзіць допыты палітычных і грамадзкіх актывістаў, журналістаў, праваабаронцаў, ператрусы і канфіскацыі тэхнікі ў офісах і прыватных кватэрах. У краіне адбываецца палітычны тэрор. Лукашэнка і гэтым разам сілай імкнецца утрымацца пры ўладзе, на якую страціў як юрыдычнае, так і маральнае права. Паводле зьвестак цалкам падкантрольнай Лукашэнку ЦВК, ён нібыта атрымаў 79,65% галасоў выбарнікаў. Але ў завяршальным Пратаколе назіральнай місіі АБСЭ зафіксаваная неадпаведнасьць працэсу выбараў дэмакратычным прынцыпам і нормам, выбары прызнаныя несвабоднымі і недэмакратычнымі. Да такіх самых высноваў прыйшлі і ўнутраныя незалежныя назіральнікі.

Мы — выбаршчыкі, што вылучалі дэмакратычных кандыдатаў, сябры іхных ініцыятыўных групаў, назіральнікі на выбарах, палітычныя вязьні ды іхныя родзічы — заклікаем Эўрапейскі Парлямэнт, усе нацыянальныя і міжнародныя інстытуты дэмакратычных краінаў Эўропы праявіць волю ў адстойваньні каштоўнасьцяў, на якіх заснаваная эўрапейская супольнасьць, уступіцца за неад’емныя дэмакратычныя правы і свабоды беларусаў як аднаго з эўрапейскіх народаў. Мы ўсе пераканаліся чарговы раз: антыдэмакратычны рэжым у Беларусі ня здольны перавыхавацца, эвалюцыянаваць, зьмяніць сутнасьць. Дыктатарская ўлада у Беларусі — пагроза незалежнасьці Беларусі і стабільнасьці ў Эўропе.

Мы прапануем:


1. Не лічыць прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі свабоднымі, справядлівымі, дэмакратычнымі, адпаведнымі стандартам АБСЭ і, адпаведна, не прызнаваць абвешчаных вынікаў легітымным выразам волі беларускага народу. Падтрымліваем заклік Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (гістарычнай пераемніцы дэмакратычнай беларускай дзяржаўнасьці ў вольным сьвеце) і арганізацыяў беларускай дыяспары да дэмакратычных урадаў не ўжываць азначэньне «прэзыдэнт Беларусі» ў дачыненьні да ініцыятара рэпрэсіяў Лукашэнкі.

2. Рашуча запатрабаваць неадкладна вызваліць усіх палітычных вязьняў і спыніць хвалю палітычнага тэрору ў краіне. Не дапусьціць магчымасьці для Лукашэнкі выкарыстоўваць вязьняў як палітычных закладнікаў для гандлю ў вырашэньні сваіх праблемаў у міжнародных дачыненьнях.

3. Ініцыяваць стварэньне міжнароднай камісіі з дэпутатаў Эўрапейскага Парлямэнту і нацыянальных парлямэнтаў краінаў Эўразьвязу для расьсьледаваньня фактаў масавага зьбіцьця і рэпрэсіяў у Беларусі 19 сьнежня 2010 г. і ў наступны пэрыяд.

4. Спыніць любыя палітычныя кантакты з уладамі ў Менску да вызваленьня ўсіх палітычных вязьняў і поўнага спыненьня перасьледу па палітычных матывах.

5. Абмежаваць мінімальна неабходныя кантакты з уладамі тэхнічным узроўнем. Спыніць кантакты зь міністэрствамі і сілавымі структурамі, прадстаўнікі якіх непасрэдна ўдзельнічалі і ўдзельнічаюць у выбарчых фальсыфікацыях і палітычных рэпрэсіях.

6. Аднавіць і пашырыць практыку забароны на ўезд у дэмакратычныя краіны Эўропы для ўсіх службовых асобаў, непасрэдна ці апасродкавана далучаных да выбарчых фальсыфікацыяў і палітычных рэпрэсіяў. З улікам папярэдняга досьведу вызваленьня палітычных вязьняў скарыстаць усе магчымасьці адрасных санкцыяў, скіраваных на такіх асобаў і падкантрольныя ім структуры.

7. Вярнуцца да пытаньня ўдзелу Беларусі ў міжпарлямэнцкай праграме «Эўранэст» пасьля правядзеньня справядлівых выбараў.

8. Спыніць удзел Беларусі ў міжурадавых праграмах, падтрыманых у рамках «Усходняга партнэрства», да выкананьня чатырох умоваў Эўразьвязу ў галіне дэмакратызацыі ў Беларусі.

9. Кампэнсаваць абмежаваньне кантактаў з антыдэмакратычнай уладай істотным пашырэньнем дапамогі беларускаму народу і грамадзянскай супольнасьці краіны:

— скасаваць плату за шэнгенскія візы для грамадзянаў Беларусі;

— інстытуцыянальна падтрымаць незалежныя мас-мэдыя Беларусі ды мас-мэдыя для беларускай аўдыторыі зь іншых краінаў Эўропы (ТВ Белсат, Радыё Рацыя, Эўрапейскае радыё для Беларусі і г.д.), а таксама дзейнасьць дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў, у тым ліку ў рамках Усходняга партнэрства;

— палітычна падтрымліваць партыі, рухі ды грамадзянскія ініцыятывы, якія стаяць на грунце дэмакратыі ды правоў чалавека і знаходзяцца ў апазыцыі да рэжыму;

— распаўсюдзіць на беларускіх грамадзянаў праграмы падтрымкі вышэйшай адукацыі ў ЭЗ;

— выпрацаваць схему падтрымкі малога бізнэсу ў Беларусі, якая выключыць удзел і ўзьдзеяньне ўладаў;

— актывізаваць усе іншыя формы дапамогі непасрэдна беларускаму грамадзтву ды ахвярам палітычных рэпрэсіяў у краіне.

Пасьля 19 сьнежня Беларусь стала іншай. Перамога дэмакратыі ў Беларусі — справа саміх беларусаў, ніхто нам не прынясе свабоду, акрамя нас саміх. Ваша салідарнасьць і падтрымка у гэтыя цяжкія дні дапаможа нашаму народу дайсьці хутчэй да дэмакратыі і свабоды.

Багданава Ірына, сястра палітычнага вязьня Андрэя Саньнікава
Бакур Юрка, сябра ініцыятыўнай групы, удзельнік Плошчы, рэпрэсаваны
Бандарэнка Зінаіда, Народная артыстка Беларусі
Бародка Зьміцер, давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты А. Саньнікава
Бяляцкі Алесь, праваабаронца
Вольскі Лявон, рок-музыкант, назіральнік
Вячорка Вінцук, сустаршыня Палітычнай рады Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, назіральнік
Дабравольскі Аляксандар, дэпутат ВС 12-га скліканьня, сябра Нацыянальнай рады Аб’яднанай грамадзянскай партыі
Івашкевіч Віктар, старшыня Менскай арганізацыі Партыі БНФ
Каляда Натальля, дырэктар «Свабоднага тэатру», рэпрэсаваная
Канюс Ганна, давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты Ў. Някляева
Лаўроўская Ірына, доктар архітэктуры
Марголін Леў, намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі
Маслоўскі Ігар, старшыня Берасьцейскай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі
Мех Алесь, кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў 2008 г.
Міхнюк Зінаіда, кіраўнік Берасьцейскага аддзяленьня прафсаюзу работнікаў РЭП
Панасюк-Шарэнда Паліна, сябра ініцыятыўнай групы кандыдата ў прэзыдэнты А. Саньнікава
Петрусевіч Фёдар, сябра ініцыятыўнай групы кандыдата ў прэзыдэнты Саньнікава
Плячко Зьміцер, давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты В. Рымашэўскага, удзельнік Плошчы
Пук Валянцін. бацька палітычнага вязьня Натальлі Радзінай
Пук Надзея, маці палітычнага вязьня Натальлі Радзінай
Садоўскі Пётра, дэпутат ВС 12-га скліканьня, Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар
Сьвяцкая Валянціна, назіральнік у Менскай гарадзкой выбарчай камісіі
Сямдзянава Галіна, дэпутат ВС 12-га скліканьня, сябра Менскай гарадзкой выбарчай камісіі
Хадыка Юры, прафэсар, доктар ф.-м. навук
Халезін Мікалай, арт-дырэктар «Свабоднага тэатру»
Халіп Уладзімір, беларускі кінарэжысэр, бацька палітычнага вязьня журналісткі Ірыны Халіп
Шарэнда Андрэй, сябра ініцыятыўнай групы кандыдата ў прэзыдэнты В. Рымашэўскага, рэпрэсаваны
Шурхай Зьміцер, сябра ініцыятыўнай групы кандыдата ў прэзыдэнты В. Рымашэўскага, удзельнік Плошчы, рэпрэсаваны

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG