Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Некалькі дзён запар доўжацца ператрусы ў рэгіянальных грамадзкіх арганізацыях, СМІ і ў кватэрах актывістаў апазыцыі. У Гомелі, Берасьці, Салігорску, Маладэчне ды іншых гарадах супрацоўнікі міліцыі і КДБ забралі дзясяткі кампутараў і іншых носьбітаў інфармацыі. Якія наступствы гэтых ператрусаў? Як грамадзкія арганізацыі будуць дзейнічаць без оргтэхнікі? Адказы на гэтыя пытаньні шукалі карэспандэнты «Свабоды».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Праца бяз тэхнікі марудная, але не паралізаваная

У берасьцейскіх сябраў дэмакратычных арганізацый спэцслужбы забралі некалькі кампутараў. Але грамадзкая праца не спыняецца.

У берасьцейскага актывіста АГП Уладзімера Вуека супрацоўнікі КДБ зьнесьлі працоўны ноўтбук, у якім знаходзілася значная колькасьць партыйнай дакумэнтацыі, макеты выданьняў, пляны. Страта нэгатыўна ўплывае на дзейнасьць структуры, але не паралізуе яе, кажа Ўладзімер:

«Праца бяз тэхнікі вельмі замаруджаная. У канфіскаваным кампутары было шмат інфармацыі па нашых выданьнях, якія мы зараз павінны выдаць. Цяпер займаемся ўзнаўленьнем. Шмат што памятаем, штосьці занава зробім, каб пасьпець у тэрміны, якія паставілі перад сабою».

Падзеі 19 сьнежня на Плошчы не пакінулі абыякавымі вельмі шмат людзей. З таго часу па сёньняшні дзень у Берасьці на далучэньне да АГП напісана 18 заяваў, кажа Ўладзімер Вуек, шмат хто прапануе дапамагаць:

«Людзі гатовыя аказаць дапамогу. Акрамя гэтага, мы супрацоўнічаем зь мясцовай партыяй БСДПГ, незалежным прафсаюзам. Вядзем перамовы і зь іншымі арганізацыямі».

Сябра БХД Зьміцер Шурхай, у чыёй кватэры таксама праходзіў ператрус, перакананы: такія захады спэцслужбаў накіраваны ў першую чаргу не на тое, каб паралізаваць дзейнасьць арганізацый, а на тое, каб запалохаць грамадзтва:

«На дзейнасьць нашай структуры ў Берасьці нават гэты ператрус не зрабіў пэўнага ўплыву. Як працавалі, так і далей будзем працаваць. А адбываецца гэта для таго, каб пасеяць паніку ў шэрагах апазыцыі».

Самы галоўны наш козыр і інструмэнт — гэта людзі. А іх немагчыма канфіскаваць.
Сустаршыня БХД з Кобрыня Георгій Дзьмітрук, у якога супрацоўнікі спэцслужбаў забралі кампутар, кажа, што праца ягонай арганізацыі не спыняецца:

«Самы галоўны наш козыр і інструмэнт — гэта людзі. А іх немагчыма канфіскаваць. Таму праца працягваецца. Мы гэтак жа падаем інфармацыю, вядзем усю сваю працу. Канечне, працаваць стала даволі складана».

ВІЦЕБШЧЫНА


У сям’і Севярынцаў забралі ноўтбук, сыстэмны блёк, касэты й паперы з запісамі

Пасьля ператрусу ў віцебскай кватэры палітыка Паўла Севярынца супрацоўнікі КДБ забралі ноўтбук, сыстэмны блёк ад другога кампутара, касэты й паперы з запісамі.

Ператрус адбыўся 28 сьнежня, яго праводзілі маёр КДБ Дзьмітры Бохан, падпалкоўнікі Ігар Андрон, Дзьмітры Навумаў. У кватэры быў толькі бацька палітыка — Кастусь Севярынец. Як ён кажа, супрацоўнікі віцебскай абласной управы КДБ заявілі, што дзейнічаюць на загад зь Менску:

«Хачу сказаць, што рабілі яны гэта пад прымусам. Я гэта бачыў. Ну — забралі і забралі. Пачытаюць цяпер мае там вершыкі ды ўсё іншае…»

Кампутар Кастусю Севярынцу патрэбны для працы, бо ён супрацоўнічае з «Детективной газетой» і яшчэ шэрагам выданьняў:

«Мне кампутар патрэбны, бо я на ім набіраю матэрыялы, вычытваю, адпраўляю ў рэдакцыю. Я супрацоўнічаю яшчэ зь дзіцячымі газэтамі… І таму хачу сказаць вялікі дзякуй тым людзям, якія адгукнуліся на тое, што ў мяне забралі кампутар. Не хачу іх называць, каб не падстаўляць… Але адно магу сказаць: я не застаўся з гэтай бядой сам-насам!»

Праз інтэрнэт да бацькоў Паўла Севярынца даходзяць словы салідарнасьці і падтрымкі. Спаткацца з сынам Тацяне Севярынец, маці зьняволенага ў СІЗА КДБ палітыка, пакуль не дазваляюць:

«Я атрымала пісьмовы адказ са сьледчага камітэту — ад кіраўніка гэтай сьледчай групы Анатоля Сукалы, што яны маюць права, але не абавязаныя дазваляць сустрэчы са зьняволенымі. Так што сустрэчы мне не відаць… Але ёсьць зьвесткі пра Паўла ад тых людзей, якія ўжо выйшлі на волю. Яны былі зь ім у адной камэры ў першы тыдзень. Кажуць, трымаецца добра, настрой у яго баявы. Ён тлумачыць людзям Біблію і працуе над кнігай. Можа, гэта тая самая кніга, над якой ён працуе ўжо доўгі час, а можа, і нейкая новая задума ў яго нарадзілася… У яго ёсьць асадкі, папера, гэта для Паўла самае галоўнае, і дзякуй Богу!»

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Лёс канфіскаванай тэхнікі застаецца няпэўным

Магілёўшчыну пакуль мінаюць ператрусы з канфіскацыяй аргтэхнікі. Актывісты апазыцыі лічаць, што зацішша часовае, і не выключаюць, што спакой можа быць парушаны адным днём. Як тое было летась у траўні.

18 траўня ў шэрагу арганізацыяў і на кватэрах актывістаў прайшлі вобшукі. Забіралі літаратуру, электронныя носьбіты інфармацыі ды кампутары.

Аднаўляць працу офісу бяз тэхнікі было складана, кажа актывіст няўрадавай арганізацыі «Рух наперад» Сяргей Лапуцін:

«Тэхніка, якую канфіскавалі, яна ж мае свой кошт. А рэсурсаў у грамадзкіх арганізацыяў мала. Таму давялося сваю ўласную аддаваць. Вось цяпер у нас на офісе прыватны кампутар стаіць, каб працу арганізацыі падтрымліваць. Яны кажуць, што тэхніку канфіскавалі ў сувязі з крымінальнай справай, якая прыпыненая, але ўсё адно застаецца ў вытворчасьці, то тэхніку вярнуць нам ня могуць».
Я ў іх запытала — а дзе мае пяцьсот даляраў? Яны мне адказалі, што не хвалюйцеся — грошы ляжаць у іх.


Няўрадавая арганізацыя «Рух наперад» — фігурант крымінальнай справы, заведзенай Ленінскім аддзелам міліцыі Менску, аб распаўсюджваньні несапраўднай інфармацыі.

Два кампутары ад траўня ня вернутыя і актывістцы «Гавары праўду» Алене Мядзьведзевай. Яна пісала скаргі, якія, аднак, не далі плёну. Лёс кампутараў застаецца няпэўны:

«Дзіцячы кампутар забралі й мой. У маім кампутары, можа, і хацелі чаго знайсьці, але дзіцячы кампутар навошта было забіраць? Незразумела. Дыскі мне вярнулі. Літаратуру нейкую нязначную. І ўсё. Я ў іх запытала — а дзе мае пяцьсот даляраў? Яны мне адказалі, што не хвалюйцеся — грошы ляжаць у іх».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Мяркую, што міліцыянты трымалі нашу тэхніку, бо карысталіся ёю»

Кіраўнік Гарадзенскай абласной арганізацыі АГП Юры Істомін апавядае пра тое, як міліцыянты забралі партыйную аргтэхніку, а праз пэўны час вярнулі:

«У нас былі праблемы з выняцьцём аргтэхнікі, калі мы рыхтавалі акцыю па гарадзенскіх прадпрымальніках. Тады нам сказалі, што мы нібыта рабілі на гэтай тэхніцы ўлёткі, і канфіскавалі нашыя прынтэр і ксэракс. Тады мы ў пастарунку з Уладзімірам Ларыным, нашым актывістам, сядзелі трое сутак, адбывалі адміністрацыйны арышт за падрыхтоўку да гэтага, нібыта масавага, мерапрыемства».

Актывістам АГП патлумачылі, што яны павінны былі зьвярнуцца па дазвол у гарвыканкам. Чым партыйцы хацелі дапамагчы гарадзенскім прадпрымальнікам?

Істомін: «На Цэнтральным рынку мы распаўсюджвалі ўлёткі. Там была праблема: вельмі сур’ёзныя праверкі прадпрымальнікаў. Рыхтаваліся захады з боку абласных уладаў, каб падняць стаўкі арэнды, стаўкі падатку на некаторыя віды дзейнасьці. І да нас зьвярнуліся прадпрымальнікі з просьбай арганізаваць такую акцыю».

Юры Істомін зазначае, што арыштаваны разам зь ім Уладзімір Ларын быў вельмі актыўны тады, некалькі разоў атрымліваў адміністрацыйнае пакараньне і зрабіў пасьля гэтага такі крок:

«Валодзя Ларын зьехаў зь Беларусі. Цяпер ён жыве ў Галяндыі, і вяртацца назад у бліжэйшы час ён не зьбіраецца. Падаў дакумэнты на палітычны прытулак. Наколькі валодаю інфармацыяй, усё нармальна ў яго і ён жыве зь сям’ёю нават».

Калі і ў якім стане вярнулі гарадзенскім актывістам АГП забраную тады аргтэхніку міліцыянты?

Істомін: «Праз паўгода вярнулі гэтую тэхніку напярэдадні кампаніі Яраслава Раманчука. „Бамбавалі“ наш РАУС мы лістамі некалькі разоў. Потым аказалася, што яна месяц ці два стаяла ўжо без усякіх „экспэрымэнтаў“ над ёй. Я думаю, што проста міліцыянты не валодаюць сваёй аргтэхнікай, таму карысталіся нашай. Вярнулі ў нармальным больш-менш стане, таму ніякіх прэтэнзій да РАУС у нас няма».
XS
SM
MD
LG