Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра стан Статкевіча на 22-гі дзень галадоўкі нічога не вядома


Мікола Статкевіч

Мікола Статкевіч

Да экс-кандыдатаў у прэзыдэнты, зьняволеных 19–20 сьнежня ў СІЗА КДБ, а таксама да шэрагу іх паплечнікаў зноў не дапускаюць адвакатаў.

Вязень «амэрыканкі», экс-кандыдат у прэзыдэнты Мікола Статкевіч, паводле яго сяброў па партыі, 22-гі дзень трымае галадоўку ў зьняволеньні. Ён патрабуе прызнаць несапраўднымі вынікі галасаваньня 19 сьнежня і настойвае на правядзеньні новых прэзыдэнцкіх выбараў. Высьветліць стан яго здароўя не ўдалося ні адвакату, ні сваякам.

Спадарыня Марына добра ведае Статкевіча і носіць яму перадачы, ніякіх харчоў яна яму не перадае — толькі ваду. Яна лічыць, што сам Мікола ня спыніць галадоўку пратэсту.

«Ведаючы яго шмат гадоў, няма ў мяне спадзяваньняў, што ён сам спыніць галадоўку. Я ведаю Міколу, я ведаю яго характар. Я вельмі б хацела, каб ён яе спыніў, бо чалавек павінен жыць. І гэты чалавек павінен жыць абавязкова. Яго жыцьцё вельмі каштоўнае, але я думаю, што ён ня спыніць галадоўку сам. Мы ня ведаем, дзе ён. Мажліва, яго шпіталізавалі. Мы ня ведаем пра яго стан, мы сёньня нічога пра яго ня ведаем. Нічога».

Паводле Марыны, адзіная крыніца інфармацыі — гэта адвакат, але і яе сёньня зноў не пусьцілі да вязьня.

«Яго ніхто ня бачыў. Адвакатка спрабавала сёньня чарговым разам атрымаць спатканьне ці хаця б высьветліць, дзе ён і ў якім стане. Нічога не вядома. Ні спатканьня, ніякай інфармацыі не давалі. Я зьвярталася да сьледчага з просьбай аб спатканьні, але мне было адмоўлена таксама».

Сябра па партыі Аляксей Гаўруцікаў не выключае, што Міколу Статкевіча ў «амэрыканцы» могуць карміць прымусова:
Хаця ён і моцны мужык, але разам з тым усё ідзе да таго, што яны маглі пасадзіць яго на прымусовае харчаваньне.

«Мяркуючы па тэрміне, яны маглі ўжо прыняць рашэньне аб прымусовым харчаваньні. Бо пагроза здароўю рэальная. А ён у нас максымаліст у гэтым пытаньні. Добраахвотна ён ня спыніць галадаваньне. Гэта адназначна. Па мэтодыцы галадаваньня я ведаю, як гэта адбываецца. І ў гэтым выпадку ўсе тэрміны выйшлі. Хаця ён і моцны мужык, але разам з тым усё ідзе да таго, што яны маглі пасадзіць яго на прымусовае харчаваньне».

Не дапусьцілі адвакатаў і да іншых экс-кандыдатаў — вязьняў СІЗА КДБ. Адвакатка Тамара Сідарэнка адзначыла, што бачыла свайго падабароннага Ўладзімера Някляева яшчэ ў сьнежні толькі падчас допытаў і, паводле апошняй інфармацыі, у яго быў гіпэртанічны крыз. Што зь ім адбываецца далей, невядома.

«Мы ня можам ажыцьцяўляць свае адвакацкія функцыі. То бок рэальна парушаюцца нашы правы — ва ўсякім разе, мы рэалізаваць іх ня можам. На бесьперашкодныя, канфідэнцыйныя зносіны. Мы павінны высьвятляць пазыцыю сваю, падабароннага. Самая вялікая занепакоенасьць цяпер у тым, што мы рэальна ня можам мець зносіны з падабаронным тады, калі мы лічым неабходным».

Двойчы адвакаты былі на допытах. Паводле Тамары Сідарэнкі, калі іх не выклікаюць сьледчыя, то цяпер Някляева нават не дапытваюць.

Сёньня Менскі гарадзкі суд не задаволіў скаргу адваката Ўладзімера Букштынава і пакінуў у сіле рашэньне суду першай інстанцыі, які адмовіўся памяняць Някляеву меру стрыманьня. Экс-кандыдаты Някляеў, Статкевіч,Саньнікаў і Міхалевіч, а таксама шэраг іхніх паплечнікаў знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Учора месцазнаходжаньне Алеся Міхалевіча было невядомае нават адвакату. Сёньня жонцы вязьня Мілане Міхалевіч паведамілі, што яе муж зноў знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Яна не выключае, што такія дзеяньні робяцца з мэтай псыхалягічнага ціску на сваякоў:

Ну, і не прайшло і трох зь лішнім гадзін, як яны чалавека знайшлі. У сябе ж, у сьледчым ізалятары КДБ.
«Я зранку аднесла заяву ў сьледчы ізалятар № 1 з просьбай паведаміць, дзе знаходзіцца мой муж. Але мне ніякай інфармацыі не далі. Сказалі, што мы павінны зьвяртацца да сьледзтва. Тыя двое сьледчых, чые кантакты нам удалося знайсьці, нічога не маглі паведаміць. Адзін зь іх параіў усе пытаньні вырашаць праз адваката і сказаў. што мы зьвяртаемся не па адрасе. Другі сказаў, што будзем шукаць. Ну, і не прайшло і трох зь лішнім гадзін, як яны чалавека знайшлі. У сябе ж, у сьледчым ізалятары КДБ. Як і чаму ён там апынуўся, я ня ведаю, і чаму на гэта спатрэбілася столькі часу. Калі тое, што нам паведамілі ў вакенцы сьледчага ізалятара на Валадарцы, праўда, то атрымліваецца, што трэція суткі пайшлі, як не было вядома, дзе чалавек знаходзіцца».

Паводле інфармацыі ГУУС Менгарвыканкаму, у рамках расьсьледаваньня па крымінальнай справе аб масавых беспарадках вызначана звыш 120 чалавек, якія актыўна бралі ўдзел у гэтых самых масавых беспарадках. 31-му зь іх прад’яўлена абвінавачаньне. Ніякай іншай інфармацыі ў прэс-службе гарадзкой міліцыі не падаюць. Таксама друкуюцца фотаздымкі пяцёх абвінавачаных, датычнасьць якіх пацьверджана «шматлікімі відэаматэрыяламі тых падзей». Сярод іх — 20-гадовы Мікіта Ліхавід зь Менску. Яго адвакатка Дар’я Ліпкіна падала хадайніцтва аб зьмене меры стрыманьня хлопцу.

«Лічу, што ён не зьяўляецца небясьпечным элемэнтам для грамадзтва. Гэта зусім яшчэ малады чалавек. І можа вучыцца, працаваць і зьяўляцца па неабходных выкліках і адказваць на пытаньні ў рамках сьледзтва, нікому не пагражаючы і не ўплываючы на сьледзтва».

Паводле адвакаткі, пасьля «сутак» Мікіту пакінулі ў жодзінскай турме, дзе яна зь ім раней бачылася.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG