Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працягваюцца звальненьні людзей, якія выявілі актыўнасьць падчас выбараў альбо былі затрыманыя ў выніку падзей 19 сьнежня і наступных дзён.

Юрась Шпак-Рыжкоў падчас мінулых выбараў быў сябрам выбарчай камісіі № 4 Ленінскага раёну Менску, куды патрапіў ад Партыі БНФ. Якраз на ўчастак № 4 прыяжджалі назіральнікі АБСЭ, каб агледзець шчыліну ў скрыні для галасаваньня, празь якую можна ўкідаць фальшывыя бюлетэні. Менавіта Юрась Шпак-Рыжкоў знайшоў на ўчастку 50 бюлетэняў, якія рыхтаваліся, як думае актывіст, да ўкіданьня. І вось былога сябра камісіі звольнілі з працы з унітарнага прадпрыемства «Менгарсьвятло», дзе ён працаваў маляром. Згоду на звальненьне нібыта за прагулы даў прафсаюз. Між тым спадар Шпак-Рыжкоў кажа, што ў тыя 3 дні, якія яму не залічылі як працоўныя, ён выконваў свае абавязкі сябра выбарчай камісіі. Але пасьля скандалу зь бюлетэнямі і незаконнага рашэньня аб ягоным адлічэньні са складу камісіі яе старшыня Натальля Вяроўка выдала адпаведную даведку:

«Звольнілі рашэньнем ад 10 студзеня. Зранку прафсаюз вырашыў амаль што аднагалосна. Адзіны толькі чалавек, рабочы, за мяне заступіўся, сказаў, што нельга звальняць чалавека, калі ён не прагуляў, ня піў, а быў у камісіі. Але астатнія… а там большая частка — адміністрацыя. Гэта ж дзяржаўнае прадпрыемства, тым больш менгарвыканкамаўскае. Мяркую, ім далі такі загад. Бо было і КДБ у нас, як майстар казаў, усяго было. Яны мне яшчэ 16-га тэлефанавалі і пагражалі, што ў цябе будуць вялікія непрыемнасьці. А гэта якраз як знайшлі тую скрыню незачыненую і выклікалі АБСЭ, а пасьля абеду я знайшоў тыя бюлетэні, што былі лішнімі на ўчастку».
Яны мне яшчэ 16-га тэлефанавалі і пагражалі, што ў цябе будуць вялікія непрыемнасьці.


Юрась Шпак-Рыжкоў будзе зьвяртацца па дапамогу да праваабаронцаў і ў незалежны прафсаюз радыёпрамысловасьці. Кажа, што, акрамя як на салідарнасьць дэмакратычнай супольнасьці, яму няма на што спадзявацца, бо ў беларускі суд ён амаль ня верыць.

Пра яшчэ адзін прыклад звальненьня паведаміла «Свабодзе» праваабаронца Наста Лойка. Паводле яе, такі лёс напаткаў жыхарку Гомельскай вобласьці Людвісю Атакулаву, якая працавала эканамістам у нацыянальным парку «Прыпяцкі».

«Яна па разьмеркаваньні там працавала. Ёй далі штраф за падзеі 19 сьнежня, але залічылі прагул за 20 сьнежня і звольнілі. І ёй зараз пагражае, акрамя штрафу, тое, што трэба будзе кампэнсаваць кошт вучобы».

Людвіся Атакулава ўжо зьвярнулася па юрыдычную дапамогу ў грамадзкі камітэт «Салідарнасьць», паведаміла актывістка Эніра Браніцкая.

Раніцай 11 студзеня выйшаў на волю актывіст Міхась Пашкевіч, які адбыў 15 сутак на Акрэсьціна за акцыю салідарнасьці каля ізалятара. У мітынгу 19 сьнежня Міхась Пашкевіч ня ўдзельнічаў, бо яго затрымалі яшчэ раніцай і вызвалілі ноччу 20-га. На Акрэсьціна Пашкевічу давялося сядзець у адной камэры з Арцёмам Дубскім, Антосем Койпішам, Андрусём Крэчкам, Франкам Вячоркам ды іншымі актывістамі дэмакратычных арганізацый, сярод якіх таксама былі тыя, хто ня браў удзелу ў мітынгу 19 сьнежня. Лёгікі ў такіх затрыманьнях Міхась Пашкевіч не шукае:

«Калі літаральна ўчора да нас у камэру прывялі апошняга, Юльяна Місюкевіча, я зразумеў, што спыняцца яны не зьбіраюцца, махавік там запушчаны даволі сур’ёзна. Гэта як у 2008 годзе пасьля выбуху на праспэкце Пераможцаў, калі Варфаламееўская ноч расьцягнулася на тыдні: чысткі, чысткі, чысткі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG