Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Частка 1.

“Я завсегда с народом!” Отправляйтесь на главную площадь города слушать бой курантов. И воздухом подышите, и разомнётесь, и знакомых встретите.


Калі, цягнучы свае 15 сутак у камэры жодзінскае турмы №8 пасьля “галоўнае плошчы гораду”, я прачытаў гэтыя радкі навагодняга гараскопу для свайго знаку з зборніку сканвордаў “Вясёлы дачнік”, які невядомыя добрыя людзі перадалі сярод мноства іншых рэчаў з волі – засталося толькі заліцца вясёлым з прысмакам горычы сьмехам. Не падманулі, шэльмы! І паветрам на Плошчы падыхаў, і разьмяўся, і знаёмых сустрэў. А што замест бою курантаў здарыўся бой ураднага шкла і мянтоўскіх дубінак, дык тое ня іх – астролягаў – віна: такі ўжо, атрымліваецца, у нашай “сацыяльна-арыентаванай” нацыянальны калярыт.

Зараз, на волі, мяне часам пытаюць, чаму я туды пайшоў. Бо мноства і куды больш палкіх ненавісьнікаў дзейнага рэжыму не пабачылі ў гэтым сэнсу, паасьцерагліся рызыкаваць вучобай, працай і здароўем, “падумалі” пра сваіх блізкіх і не пайшлі.

“Навошта табе гэта трэба?” – пытаецца і сябар, які ўжо уцёк за мяжу, і мусарок зь Ленінскага РАУС, якому, відавочна, і тут някепска. “А чаго ты туды папёрся?”, – адказваюць пытаньнем на пытаньне мае бацькі-лукашысты, калі пацікавіўся, ці зварухнуўся б у іхным стройным сьветапоглядзе хоць нейкі вінцік, калі б іхнага сына раптам на Плошчы забілі…

Чамусьці заўжды складана тлумачыць менавіта відавочныя рэчы. І здаецца, што самым правільным адказам на ўсе гэтыя “чаму?” будзе “таму што!”. Так ужо атрымалася, што ўлады зачысьцілі ўсё палітычнае поле – нашыя галасы не прадстаўленыя ані ў парлямэнце, ані ў дзяржаўных СМІ, а нешматлікія альтэрнатыўныя крыніцы інфармацыі знаходзяцца ў падкантрольным і паўпрыдушаным стане – і цяпер робяць выгляд, што нас як быццам і няма. А калі і ёсьць, то гэта – невялічкая купка экзальтаваных адмарожаных адшчапенцаў, чые правы можна і надалей ігнараваць. Выхад на масавую вулічную акцыю – у нашых умовах адзіны магчымы шлях заявіць пра сябе. Інакш – ты для ўлады ніхто, і зваць цябе ніяк.

У мяне сапраўды хапала ўласных прыватных клопатаў, каб дзеля Плошчы ехаць з свайго Наваполацку ў Менск. І вялікія натоўпы ніколі не любіў. Але тыя людзі, якія пад страхам рэпрэсіяў не баяцца выйсьці і нагадаць уладам аб сваім існаваньні, заўжды выклікалі ў мяне сымпатыю і шчырую павагу. І 19-га сьнежня я проста мусіў быць разам зь імі. Таму, што вулічная акцыя – гэта, па сутнасьці, той самы страйк: чым большая сярод нязгодных салідарнасьць, чым больш яны будуць рашучымі і пасьлядоўнымі ў сваіх дзеяньнях – тым большая верагоднасьць, што кіраўніцтва пойдзе такі на нейкія саступкі і не абрыне хвалю рэпрэсіяў на галовы парушальнікаў спакою. І наадварот: чым меней адзінства сярод бяспраўных, чым больш сярод іх здраднікаў-штрэйкбрэхераў – тым меней шанцаў на посьпех і тым больш цяжкія наступствы для тых, хто ўсё ж такі наважыўся на адкрыты пратэст. Болей пабояў, болей крыві, болей зьняволеных, болей адлічэньняў, звальненьняў, перасьледу…

Таму выдатна разумею пачуцьці ўдзельнікаў мітынгу (пагатоў, патрапіўшых за краты), якія зараз адчуваюць нянавісьць і пагарду да “штрэйкбрэхераў” – тых нібыта аднадумцаў, хто мог, але не прыйшоў. Абрыдла рабіць паблажку на слабасьць чалавечае натуры, на тое, што “ўсяго толькі людзі”. Цяжка дараваць гэтае “ўсяго толькі” там, дзе мусіць быць “усё ж такі”.

Але сам на нянавісьць зараз ня здольны. Бо, як ні дзіўна, самае моцнае маё ўражаньне ад Плошчы-2010 – не сама акцыя і ейны брутальны разгон, не знаёмства зь беларускім “правасудзьдзем”, і нават не турэмны досьвед. А тыя зрухі, што пачаліся ў грамадзтве пасьля 19-га – нябачная дагэтуль хваля салідарнасьці і ўзаемадапамогі, якая так падтрымлівала маральны дух зьняволеных.
Калі з выхадам апошняга вязьня Плошчы-2010 на волю яна не спадзе – значыць, усё было не дарэмна.

працяг будзе

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG