Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў знаходзіцца з працоўным візытам у Брусэлі. Ніякіх падрабязнасьцяў пра сустрэчы міністра ягонае ведамства не падае.

Як высьветлілася, міністар замежных спраў Сяргей Мартынаў пакінуў Менск яшчэ на мінулым тыдні. На выходных у Празе ў яго была сустрэча з эўрапейскім камісарам у справе пашырэньня і палітыкі суседзтва Штэфанам Фюле. У МЗС Беларусі пра яе нічога ня кажуць, затое ў прэсавай службе спадара Фюле паведамілі:
Камісар Фюле перадаў ранейшы зварот да беларускіх уладаў, які зрабіла Кэтрын Эштан ...

"Перш за ўсё трэба сказаць, што гэта была нефармальная сустрэча, ніякага афіцыйнага парадку дня яна ня мела. Камісар Фюле перадаў ранейшы зварот да беларускіх уладаў, які зрабіла Кэтрын Эштан з нагоды прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, што прайшлі ў канцы сьнежня. Камісар Фюле проста яшчэ раз паўтарыў спадару Мартынаву той жа зварот".

Кэтрын Эштан разам зь дзяржсакратаром ЗША Гілары Клінтан пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі рашуча асудзіла "непрапарцыйнае прымяненьне сілы ў дачыненьні да кандыдатаў у прэзыдэнты, палітычных актывістаў", назвала выбары і падзеі, якія адбыліся за імі, "крокам назад у разьвіцьці дэмакратыі і захаваньня правоў чалавека ў Беларусі". Эштан і Клінтан заклікалі ўрад Беларусі выконваць узятыя на сябе абавязаньні ў рамках АБСЭ па рэфармаваньні выбарчага працэсу і забесьпячэньні поля дзейнасьці для палітычных актывістаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці і незалежных журналістаў. Ад выкананьня гэтых абавязаньняў залежыць лёс далейшага супрацоўніцтва Беларусі і Эўразьвязу.

Кэтрын Эштан можа сустрэцца з Мартынавым 12 студзеня, пра гэта ў інтэрвію агенцтву БелаПАН паведаміла прэсавая сакратарка Эштан Мая Кацыянчыч. "Сустрэча заплянаваная, але пакуль не зацьверджаная", — паведаміла яна.

Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных нічога канкрэтнага сказаць пра сустрэчы міністра Мартынава ў Брусэлі ня змог, спасылаючыся на тое, што гэта працоўны візыт:

Андрэй Савіных
"Хутчэй за ўсё, было шмат сустрэч. Думаю, што многія зь іх былі прадуктыўнымі, нейкія меней, нейкія болей… Гэта ўсё канва сталага дыпляматычнага працэсу. Гэта такі дастаткова складаны, шматступеньчаты, шматканальны працэс дыпляматычнай працы, асьвятліць усе аспэкты якога ў рэжыме рэаліці-шоў ня толькі немагчыма, але і контрапрадуктыўна".

Андрэй Савіных запэўніў, што калі ў часе візыту Мартынава ў Брусэль будуць дасягнутыя нейкія фармалізаваныя дамоўленасьці, то пра гэта будзе паведамлена прэсе, а не — то не.

Аналітык-міжнароднік Андрэй Фёдараў мяркуе: такая таямнічасьць візыту Мартынава ў Брусэль сьведчыць, што ніякага патрэбнага афіцыйнаму Менску выніку дасягнуць не ўдаецца. Падставай для тэрміновага візыту Мартынава ў Брусэль стала жорсткая рэакцыя Эўразьвязу на беларускія выбары і здушэньне апазыцыі, мяркуе спадар Фёдараў:

Андрэй Фёдараў
"Шмат заяваў гучыць наконт таго, што трэба ўводзіць санкцыі і нават іх узмацняць, а тут з Масквою, як мне падаецца, зноў нейкія праблемы пачаліся — з коштам нафты, нібыта бязмытнай… Дык у Менску адчулі, што застануцца сам-насам з Крамлём, і будуць зараз шукаць усё ж нейкіх магчымасьцяў атрымаць нейкую падтрымку з Захаду".

Аднак санкцыяў Эўразьвязу афіцыйнаму Менску пазьбегнуць ня ўдасца, — мяркуе Андрэй Фёдараў:

"Візавыя санкцыі могуць быць і пашыраныя, эканамічныя — наўрад ці. Гэта вельмі малаверагодна. Магчыма, будзе таксама нейкае абмежаваньне ці замарожваньне ўдзелу Беларусі ва "Ўсходнім партнэрстве".

Рашэньне аб санкцыях ЭЗ адносна беларускіх уладаў чакаецца 31 студзеня на паседжаньні Рады Эўрапейскага Зьвязу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG