Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Пераклад прэс-рэлізу, які ўчора амбасада Беларусі ў Вялікабрытаніі распаўсюдзіла на ангельскай мове пра ўмовы ўтрыманьня вязьняў Плошчы.

Па стане на 3 студзеня 2011 году, 19 асобаў знаходзяцца ў сьледчым ізалятары КДБ у сувязі з падзеямі 19 сьнежня 2010 году. Яны былі абвінавачаныя ва ўчыненьні злачынства па артыкуле 293, часткі 1, 2 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь – наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на арганізацыю масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам у дачыненьні да людзей, разбурэньнем і апаганьваньнем маёмасьці ды ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады, а таксама ў непасрэдным удзеле ў масавых беспарадках.

Абвінавачаныя, сумесна зь іншымі асобамі, знаходзяцца ў агульных камэрах, якія адпавядаюць санітарным правілам і патрабаваньням пажарнай бясьпекі. Усе асобы, якія ўтрымліваюцца пад вартай, забясьпечаныя асабістымі спальнымі месцамі, пасьцельнымі прыналежнасьцямі, посудам і сталовымі прыборамі. У адпаведнасьці з заканадаўствам, зьняволеных сьледчага ізалятару кормяць тры разы на дзень. Якасьць прыгатаваньня ежы да гэтага часу не выклікала скаргаў.

Асобы, якiя ўтрымлiваюцца пад вартай, карыстаюцца юрыдычнымі паслугамі для забесьпячэньня таго, каб іх правы на абарону былі ў поўнай меры рэалізаваныя.

На штодзённай аснове зьняволеныя карыстаюцца дзьвюхгадзінным шпацырам і васьмігадзінным начным сном. Амаль кожная камэра мае тэлевізар.

Усе затрыманыя асобы могуць атрымліваць неабмежаваную колькасьць перадач з прадуктамі харчаваньня і асабістымі рэчамі, агульная вага якіх не перавышае трыццаці кіляграмаў на месяц.

Мэдычная дапамога ў сьледчым ізалятары ажыцьцяўляецца ў адпаведнасьці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь: мэдычныя агляды праводзяцца штодня, уключна з тымі, якія выконваюцца мэдычнымі спэцыялістамі вузкага профілю. Калі ёсьць дзеля гэтага мэдычныя паказаньні, неадкладна праводзіцца неабходнае лячэньне і робяцца прафіляктычныя захады. Калі затрыманыя асобы ня маюць асабістых лекаў, яны забясьпечваюцца неабходнымі лекамі бясплатна.

Адзін з абвінавачаных, які хварэе на дыябэт, атрымлівае дарагія лякарствы «мэтфармін» і «дыябэтон» з моманту свайго затрыманьня.

Няма ніякіх пагрозаў жыцьцю або здароўю затрыманых асобаў. Паводле дадзеных, усе затрыманыя асобы зьяўляюцца здаровымі.

Адвакаты і сваякі маюць доступ да затрыманых; затрыманыя таксама атрымліваць перадачы ў адпаведнасьці з устаноўленай працэдурай. Дадатковая група лекараў была выдзеленая для кругласутачнага дзяжурства, каб аказваць неабходную мэдычную дапамогу.

Такім чынам, умовы ўтрыманьня асобаў, абвінавачаных у арганізацыі масавых беспарадкаў 19 сьнежня 2010 г., цалкам адпавядаюць нацыянальнаму і міжнароднаму заканадаўству.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG