Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Завялі крымінальную справу супраць адваката сьледчай Байковай


Сьвятлана Байкова, архіўнае фота

Сьвятлана Байкова, архіўнае фота

Крымінальная справа за разгалашэньне дадзеных папярэдняга сьледзтва распачата ў дачыненьні да адваката Міхаіла Воўчака, які абараняе старшага сьледчага па асабліва важных справах Генэральнай пракуратуры Беларусі Сьвятлану Байкову.

"У дачыненьні да мяне Генпракуратурай заведзеная крымінальная справа Гаворка ідзе пра нібыта разгалашэньні дадзеных папярэдняга сьледзтва.", -- паведаміў агенцтву "Інтэрфакс" у аўторак Міхаіл Воўчак. "Сёньня я выкліканы на допыт у пракуратуру Менску", -- паведаміў адвакат.

Як паведамляла агенцтва са спасылкай на праваахоўныя органы, летась у канцы лютага Байкова была затрыманая, а затым арыштаваная КДБ. У дачыненьні да яе была заведзеная крымінальная справа, ёй былі прад'яўленыя абвінавачваньні ў перавышэньні службовых паўнамоцтваў.

Да канца жніўня яна зьмяшчалася ў СІЗА КДБ. Генэральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч адмовіў у прадаўжэньні тэрміну утрыманьня пад вартай С. Байковай і яна была зьмешчаная пад хатні арышт.

С. Байкова расьсьледавала шэраг гучных злачынстваў, зьвязаных з незаконным перамяшчэньнем тавараў праз мытню. Яна была адзіным сьледчым жанчынай па асабліва важных справах у Генпракуратуры Беларусі.

У цяперашні час матэрыялы крымінальнай справы ў дачыненьні да Сьвятланы Байковай перададзеныя ў Вярхоўны суд Беларусі, дата пачатку слуханьняў яшчэ не прызначаная. Экспэрты прагназуюць, што справа аднаго з самых вядомых у Беларусі сьледчых будзе слухацца ў закрытым судовым пасяджэньні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG