Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
У Магілёве падвялі вынікі конкурсу на прэзэнтацыйны слоган для гораду. Пераможцам журы абвясьціла чатырохрадкоўе на расейскай мове. У ім сьцьвярджаецца, што Магілёў – гэта сэрца Ўсходняй Эўропы. З выбарам такога гарадзкога брэнда не пагадзіўся сябра Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны Міхась Булавацкі. Ён накіраваў у гарвыканкам ліст з крытыкай выбару слогана.

Як заяўляе Міхась Булавацкі, у слогане-пераможцы няма нічога беларускага. У ім зашмат мясцовай пыхі, якая вартая аднаго – высьмейваньня:

“Я хачу жыць у беларускім горадзе. Мне не падабаецца, калі наша беларускае размываюць, называючы, то славянскім, то эўрапейскім, то расейскім. Я прапанаваў свой варыянт. Ня прымуць – значыць, ня прымуць. Ён гучыць прыблізна так: “Шлях твой адметны ў гісторыі – горад-змагар Магілёў. Самае выразнае тут слова – гэта "змагар". Яно сапраўды адпавядае гісторыі Магілёву”.

На конкурс было даслана 105 слоганаў. У пяцёрку лепшых патрапіў толькі адзін беларускамоўны. Як заяўляецца, найбольш арыгінальныя слоганы будуць выкарыстоўвацца на расьцяжках, банэрах ды плякатах.

У гарадзкой бібліятэцы, якая выступіла арганізатарам конкурсу, ня здолелі патлумачыць, чаму журы спыніла свой выбар на расейскамоўным слогане. Параілі зьвярнуцца непасрэдна да чальцоў журы.

Сябра журы, магілёўскі гісторык Ігар Пушкін, пераконвае: слоганаў па-беларуску на конкурс было даслана багата, аднак толькі слоган-пераможца найбольш поўна перадаваў веліч Магілёву ў культурнай і гістарычнай прасторы:

“Ідэя, што Магілёў – цэнтар Усходняй Эўропы й дазволіў нам адзначыць яго. Мы, канечне ж, разглядалі, як бы ён гучаў па-беларуску. Па-беларуску ідэя гучыць вельмі добра. Ён добра перакладаецца на італьянскую мову, нямецкую мову ды ангельскую. Тэрмін “Усходняя Эўропа” паказвае, што Магілёў – эўрапейскі горад”.
Дзяржава не вызначае рамкі, што край будзе беларускім, і першай адметнасьцю гэтага будзе беларуская мова

На гарадзкіх сайтах, дзе зьявілася навіна пра вынікі конкурсу, камэнтары наведнікаў далёка ня ўхвальныя. Рэзкія выказваньні зводзяцца да пытаньня: навошта Магілёву слоган? Гэтага не разумее магілёвец Валадар Цурпанаў. Ён быў сярод найбольш актыўных праціўнікаў усталяваньня ў Магілёве бюста апошняга расейскага самадзержца Мікалая II:

“Да жалю, людзі, якія паводле пасадаў павінны клапаціцца пра пашырэньне патрыятызму, маюць пра гэтыя рэчы ўяўленьні савецкія. Галоўнае – паставіць дручок насупраць мерапрыемства, і паехалі далей. Паколькі дзяржава не вызначае рамкі, што край будзе беларускім, і першай адметнасьцю гэтага будзе беларуская мова, то людзі паводзяцца паводле звычкі: “Мова ж гучыць расейская, а чаму слоган ня можа быць расейскамоўным?”.

Дарэчы, Магілёў з шаснаццатага стагодзьдзя мае свой мянокліч: “Зломіш, але не сагнеш!”. Ён выгравіраваны на плошчы Зорак.

Увогуле, што да стаўленьня ў абласным цэнтры да беларускай мовы, то сёлетнія калядныя й навагоднія аздабленьні гарадзкіх вуліц гэтаксама спрэс расейскамоўныя. Такога не было раней. Паказальна, што акурат гэтымі днямі споўніўся год праграме “Папулярызацыі беларускай мовы ў Магілёўскай вобласьці”. 31 сьнежня 2009 году яе зацьвердзіў кіраўнік абласной вэртыкалі Пётар Руднік.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG