Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня на волю павінен выйсьці дэмакратычны актывіст Міхась Пашкевіч, якога асудзілі за ўдзел у мітынгу на плошчы Незалежнасьці болей як праз тыдзень пасьля падзей. Вызваленьні і новыя "пасадкі" ў сувязі з падзеямі 19 сьнежня кожны дзень ідуць фактычна паралельна.

11 студзеня каля Акрэсьціна будуць сустракаць Міхася Пашкевіча. Зьбіраецца прыйсьці да варот турмы і Андрусь Крэчка, які выйшаў зь яе толькі ўчора, 10 студзеня, пасьля 12 дзён арышту. Вось запіс размовы з актывістам літаральна праз паўгадзіны пасьля вызваленьня:

"Мае пляны? Ніхто не адмяняў змаганьня з гэтым рэжымам, які зараз пасадзіў ужо каля тысячы чалавек. Паўсюль адбываюцца ператрусы, людзей прыцягваюць ня толькі да адміністрацыйнай, але і да крымінальнай адказнасьці. Але, як сказаў Сяржук Сокалаў-Воюш, "з турмы на волю – гэта не пра нас, за сьценамі турмы таксама зона".
Ніхто не адмяняў змаганьня з гэтым рэжымам

Карэспандэнт: "Як з вамі там абыходзіліся?"

"У параўнаньні з тым, як абыходзіліся з людзьмі, якіх затрымалі 19 ці 20 сьнежня, усё было больш-менш бяз жорсткасьці. Але з намі забаранялі размаўляць, нават не казалі, колькі часу. Не перадавалі ежу. Проста сядзелі, і ўсё. Адзінае, што выратоўвала – газэты, якія да нас прыходзілі. "Наша Ніва" і "Народная воля".

У апошнія дні тэрміну Андрусю Крэчку давялося пабыць пэўны час у адной камэры з актывістам Юльянам Місюкевічам. Юльяна затрымалі 6 студзеня і судзілі таксама за ўдзел у мітынгу на Плошчы. Назіральнікі мяркуюць, што спэцслужбы адсочваюць усе фота- і відэаматэрыялы адносна падзей 19 сьнежня, найперш, выбіраюць сярод удзельнікаў мітынгу актывістаў моладзевых дэмакратычных арганізацый і мэтанакіравана іх затрымліваюць.
На ўсе сьвяты ў абедзеннае мэню дадаюць агурок, а ў астатнім гэтыя дні нічым не адрозьніваюцца.

8 студзеня з Акрэсьціна пасьля 10 сутак арышту выйшаў на волю актывіст Антон Койпіш. Антон сядзеў у адной камэры з Міхасём Пашкевічам, які вызваляецца сёньня:

"Ён цалкам добра трымаецца, гэта для яго ня першы тэрмін. Ад раніцы мінулага аўторка мы знаходзіліся ўпяцёх у адной камэры. Гэта вельмі малая камэра, на жаль. Прычым Пашкевіч паведаміў, што ён там ад пачатку, і што пэўны час яны там былі нават ушасьцёх. Пакуль ён там сядзеў, у гэтай камэры пабывалі Дубскі, Вінярскі, а таксама чатыры расейскія грамадзяне, у тым ліку затрыманыя, якія зараз на Валадарцы".

Карэспандэнт:
"Вы ж там і Новы год сустракалі? І як там было на сьвяты?"

"На ўсе сьвяты ў абедзеннае мэню дадаюць агурок, а ў астатнім гэтыя дні нічым не адрозьніваюцца. Вось і ўсё сьвята".

Актывіст Міхась Пашкевіч, які выйдзе з-за кратаў сёньня, быў асуджаны на 15 сутак. Юльян Місюкевіч, які днём раней быў асуджаны да адміністрацыйнага арышту на 12 сутак, вызваліцца 18 студзеня. Вызваленьні і новыя "пасадкі" ў сувязі з падзеямі 19 сьнежня кожны дзень ідуць фактычна паралельна.
XS
SM
MD
LG