Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Шушкевіч да Эўропы – ніякіх перамоваў з Лукашэнкам і яго эмісарамі


Сёньня ў Беларусі працягваліся ператрусы ў дамах дэмакратычных актывістаў. У жывым эфіры Радыё Свабода сытуацыю ў краіне камэнтуе экс-старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня Станіслаў Шушкевіч.

Інтэрвію: Станіслаў Шушкевіч
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:15 0:00
Наўпроставы лінк


Навумчык: Станіслаў Станіслававіч, У мяне да Вас пытаньне не як да палітыка, а як да сына рэпрэсаванага. Ваш бацька, паэт Станіслаў Шушкевіч, шмат гадоў правёў у ГУЛагу. У Вашага бацькі ператрусы праводзілі, калі яго арыштоўвалі?

Шушкевіч: Так, праводзілі. Але мне было два гады, таму я ня надта добра памятаю як гэта было. Памятаю толькі, што сядзеў нейкі дзядзька з рэвальвэрам, а я, малы, дакрануўся да гэтага рэвальвэра, і той падскочыў, думаючы, што ў яго гэты рэвальвэр адбіраюць. Але я вам хачу сказаць наконт ператрусу. Я думаю, што хеўра, якая гэта робіць, кіруецца не законамі, а загадам навесьці страх і адпомсьціць тым, хто атрымаў перамогу на гэтых выбарах. А перамогу на гэтых выбарах атрымала беларуская дэмакратычная апазыцыя, яна знайшла падыход, як гэтыя выбары выйграць, выйграла іх, таму тая хеўра, якая цяпер, фактычна, ажыцьцяўляе дзяржаўны тэрарызм, стараецца запалохаць усіх, каб яны не маглі рыпацца. Таму яны білі на Плошчы дзяцей, старых, жанчын, яны ні на кога не зьвярталі ўвагі, іх сабралі з усёй Беларусі, яны самі арганізавалі правакацыю зь біцьцём вокнаў, а мірнае шэсьце ад адной плошчы да другой ніякага непарадку не ўчыніла. І цяпер яны робяць ператрусы, шукаюць, хто гаварыў зь сябрамі па тэлефонах і г.д., каб раскручваць гэтую справу наконт дзяржаўнага перавароту і асудзіць арыштаваных на 15 гадоў, а можа некага і расстраляць. Гэта жудасна. што ў нас адбываецца, і жудасна, што на гэта нехта абыякава глядзіць.

Навумчык:
Станіслаў Станіслававіч, давайце паслухаем фрагмэнт аўдыёзапісу сёньняшняга ператрусу ў сям’і Андрэя Шарэнды і Паліны Шарэнды-Панасюк у Берасьці:

Паліна: Маладыя людзі, каб вы ведалі, гэта ўсё зьвязана з фальсыфікацыяй выбараў, якую Лукашэнка зьдзейсьніў 19 сьнежня. Вось гэта яго ланцуговыя сабакі, якія забясьпечваюць гэтыя фальсыфікацыі.

Сьледчы: Я папрашу не абражаць...

Паліна: Яны махаюць дубінкамі на плошчы, а пасьля ходзяць па дамах людзей, якія пратэстуюць супраць гэтых фальсыфікацыяў, і рыюцца ў іх рэчах. Беларусь называюць апошняй дыктатурай у Эўропе, і вось, калі ласка, паглядзіце, як дзейнічае гэтая дыктатура. Ператрусы ідуць па ўсёй Беларусі. Калі вам будуць казаць, што Беларусь – гэта дэмакратычная прававая дзяржава, тады, калі ласка, успомніце гэты эпізод з вашага жыцьця. Перад вамі яркі прадстаўнік машыны Лукашэнкі. А пасьля на судзе ён будзе казаць, што выконваў толькі загад, нічога ня ведае, маўляў, зусім не пры чым. Бачыце, як ён пачырванеў... Відаць, яму ўсё ж троху сорамна...

Сьледчы: Калі ласка, ня трэба абражаць...

Паліна: Ня трэба нас абражаць, народ Беларусі, падтрымліваючы ўзурпатара. Ясна? Абразіўся ён...

Сьледчы: Ня трэба абражаць...

Паліна: Паліна: Ня трэба абражаць народ Беларусі. Усе ведаюць, як Лука 80% набраў. У тым ліку і вы вдатна ведаеце, вы забясьпечвалі ўсё, вашы таварышы бюлетэні ўкідваюць...


Станіслаў Станіслававіч, як бы Вы пракамэнтавалі гэты фрагмэнт запісу, а таксама адкажыце, якія, на Ваш погляд, магчымасьці грамадзянскай супольнасьці Беларусі процістаяць гэта наступу таталітарнага рэжыму?

Шушкевіч: Глядзіце, звычайная жанчына, жонка чалавека, які ня мае ніякага дачыненьня да таго, што адбывалася ў Менску, усё разумее. Як кажуць – дастаў. Цяпер той, які "дастаў", арганізуе дзяржаўны тэрор. Трэба ўсіх застрашыць, да ўсіх дабрацца, усіх кінуць у турму. Усіх ня кінеш! Мне здаецца, што процістаяньне тут вельмі магутнае.

Што можна проціпаставіць? Я б хацеў, каб Эўропа перастала падтрымліваць гэты агідны рэжым, бо калі Эўропа будзе доўга раіцца, што рабіць, нам будзе вельмі цяжка. Я вось бачу, што Літва і Польшча займаюць дастойную пазыцыю і разумеюць, што трэба процістаяць гэтаму дзяржаўнаму тэрарызму, але ёсьць пэўныя краіны (я не хацеў бы іх тут называць – апрача Італіі нікога не назаву), якія пачынаюць раіцца, што ў гэтым выпадку рабіць. З тэрарыстамі трэба абыходзіцца так як і належыць – ніякіх перамоваў, ніякіх размоваў зь іх эмісарамі, пакуль ня будуць вызваленыя закладнікі. Гэта закладнікі там сядзяць, гэта – палітычныя зьняволеныя. І ня можа быць кантакту, ня трэба даваць выкупу, трэба паступаць так, як зь іншымі тэрарыстамі. І з тым, хто на чале іх.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG