Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Надзвычайная рада аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» прыняла заяву адносна падзеяў 19 сьнежня 2010 году:

«Прэзыдэнцкія выбары, якія прайшлі 19 сьнежня 2010 году, нельга лічыць легітымнымі. Ціск на сябраў ініцыятыўнай групы падчас збору подпісаў за вылучэньне Віталя Рымашэўскага кандыдатам у прэзыдэнты і падчас агітацыйнай кампаніі, прымусовае датэрміновае галасаваньне, маштабныя фальсыфікацыі ў часе галасаваньня і падліку галасоў вымушаюць нас канстатаваць: выбары нельга лічыць сумленнымі і празрыстымі. Гэта пацьвярджае і неадэкватная жорсткая рэакцыя ўладаў на мірную дэманстрацыю, што адбылася ў Мінску ў дзень галасаваньня.

На працягу двух тыдняў у краіне адбываюцца масавыя ператрусы і арышты. Пад рэпрэсіі падпадаюць незалежныя СМІ, актывісты партыяў і грамадзкіх арганізацыяў. Супраць сямі кандыдатаў у прэзыдэнты, а таксама іх давераных асобаў, узбуджаныя крымінальныя справы. Быццам бы ў „арганізацыі масавых беспарадкаў“ абвінавачваюцца кандыдат у прэзыдэнты Віталь Рымашэўскі, кіраўнік выбарчага штабу Павал Севярынец, а таксама яшчэ больш за 20 чалавек.

У гэтай сытуацыі мы заяўляем: асноўным накірункам нашай дзейнасьці ёсьць спыненьне крымінальных спраў супраць лідэраў аргкамітэту партыі БХД Віталя Рымашэўскага і Паўла Севярынца, іншых палітычных закладнікаў рэжыму і іх вызваленьне, а таксама змаганьне за свабодныя выбары.

Нягледзячы на затрыманьне супрацоўнікамі КДБ кіраўнікоў партыі, мы працягваем сваю актыўную дзейнасьць. Надзея на рэальныя зьмены ў Беларусі — у нашай еднасьці. Дух, які паўстаў падчас і пасьля Плошчы, паказвае духоўную моц нашага народу. БХД заўсёды выступала і выступае за негвалтоўны супраціў, а любыя заклікі да радыкальных, гвалтоўных дзеяньняў расцэньвае як правакацыю і будзе спыняць усімі сваімі сіламі.

Зьвяртаемся да беларускіх дэмакратычных рухаў і партыяў, а таксама да міжнароднай супольнасьці праявіць яшчэ большую салідарнасьць і падтрымку палітычных вязьняў, адкласьці свае палітычныя амбіцыі і старыя крыўды і прыкласьці ўсе супольныя намаганьні дзеля вызваленьня нашых лідэраў!»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG