Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На двух вызваленых — адзін арыштаваны


З ізалятара на Акрэсьціна яшчэ ня выйшлі ўсе арыштаваныя за падзеі 19 сьнежня. Пры гэтым міліцыя працягвае адшукваць новых удзельнікаў мітынгу на плошчы Незалежнасьці, якіх асуджаюць на суткі.

10 студзеня з ізалятара на Акрэсьціна мусяць вызваліць моладзевых актывістаў Франка Вячорку і Андруся Крэчку, якіх асудзілі на 12 сутак за акцыю салідарнасьці з палітвязьнямі каля ізалятара на Акрэсьціна 21 сьнежня. Разам з Франкам і Андрусём быў асуджаны на 10 сутак актывіст Антон Койпіш, які пераконваў суд, што ўвогуле ня браў удзелу ў акцыі. 8 студзеня Койпіш выйшаў на волю. Актывіст шкадуе не таму, што сядзеў за кратамі, а што насамрэч не далучыўся да сяброў падчас той акцыі. А несправядліваму прысуду Антон Койпіш зусім ня дзівіцца.

"У нашай краіне даўно няважна, за што садзяць на суткі. Ёсьць мэта — напужаць насельніцтва абсалютна неабгрунтаванымі рэпрэсіямі".

Сёньня ў Маскоўскім судзе быў асуджаны на 12 сутак арышту яшчэ адзін удзельнік мітынгу на плошчы Незалежнасьці — маладафронтавец Юльян Місюкевіч. Юнака выклікалі на допыт у міліцыю, на праваслаўныя Каляды затрымалі, а 10 студзеня ў першай палове дня ўжо адбыўся працэс. На волю Місюкевіч выйдзе 18-га студзеня. Гэтыя зьвесткі паведамілі ў праваабарончым цэнтры "Вясна", дзе працягваюць зьбіраць інфармацыю пра затрыманых і пацярпелых у выніку падзей 19 сьнежня і наступных дзён.

Паводле Ўладзя Лабковіча, да праваабаронцаў працягваюць зьвяртацца людзі, якія скардзяцца на дзеяньні міліцыі падчас затрыманьняў па плошчы і на парушэньні правоў вязьняў у месцах ізаляцыі. Якраз 10 студзеня да праваабаронцы патрапіла чарговая скарга — ад Сяргея Пякарчыка, распавёў Уладзь Лабковіч.

Уладзімер Лабковіч
"Ён 13 дзён адбыў і зараз скардзіцца ў пракуратуру на катаваньні, якія ўжывала міліцыя. На тое, што суткі ім не давалі спаць і харчавацца, што ўвесь час пагражалі фізычнай расправай, што ў аўтазаку пасьля затрыманьня яго зьбілі дубінкай па галаве, руках і нагах. Апісвае жахлівыя ўмовы на Акрэсьціна".

Ці будзе плён ад падобных скаргаў? Мая Абрамчык, якой 19 сьнежня міліцыянт ударам гумовай палкі паламаў нагу, паскардзілася ў пракуратуру Менску. Пакуль вынік быў толькі адзін: скаргу перадалі з пракуратуры ў гарадзкую міліцыю. Пра гэта дзяўчыне паведамілі з пракуратуры праз тэлефон. Зараз Маю непакоіць найперш тое, ці зажыве нага:

"Адну апэрацыю зрабілі, але кажуць, што, магчыма, будзе патрэбная другая апэрацыя. Яшчэ павінны зрабіць здымкі і вырашыць".

Валянтэр Сяржук Семянюк вядзе ўлік затрыманых, якія зьвяртаюцца па дапамогу ў штаб-кватэру БНФ. Сяржук кажа, што шмат хто казаў пра намер зьвяртацца ў пракуратуру са скаргамі на дзеяньні міліцыі. Валянтэр не падзяляе думкі, што скардзіцца на дзеяньні міліцыі зусім бессэнсоўна:

"Факт масавых скаргаў усё ж нешта значыць. Калі паскардзіўся адзін чалавек, мяркую, з гэтай скаргай сапраўды асабліва разьбірацца ня будуць. Але калі сто чалавек скардзяцца на тое самае, то ўжо можна казаць пра сыстэмныя парушэньні. Гэта быццам "не заўважыць" будзе складаней. І людзі гатовыя скардзіцца. Кажуць — чаго нам баяцца? Мы ўжо сваё адбаяліся".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG