Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладыслаў Завальнюк: “Вера ў Бога і нацыянальная ідэя – гарантыя нашай будучыні”


Уладзіслаў Завальнюк

Уладзіслаў Завальнюк

Менскаму касьцёлу святых Сымона і Алены – Чырвонаму касьцёлу – споўнілася 100 гадоў. Збудаваны на сродкі мэцэната Эдварда Вайніловіча, асьвечаны ў далёкім 1910-м, храм перажыў некалькі войнаў, дзесяцігодзьдзі ваяўнічага атэізму. У ім шматлюдна ня толькі падчас багаслужбаў, але і на розных культурніцкіх імпрэзах, якія нястомна арганізоўвае ксёндз Уладыслаў Завальнюк – госьць “Вольнай студыі”.


Міхась Скобла
Міхась Скобла:
“Ойча Ўладыслаў, калі вы ў 1986 годзе атрымалі прызначэньне ў Менск, у Чырвоным касьцёле разьмяшчаўся Дом кіно. Была парафія, быў сьвятар, але не было храма. Ці памятаеце вы той дзень, калі касьцёл быў вернуты вернікам?”

Уладыслаў Завальнюк:
“Хвала Ісусу Хрысту! Вельмі радасна на душы, што такая сьвятыня знаходзіцца ў сталіцы нашай Айчыны. Памятаю, мы атрымалі дабраславеньне ад сьвятой
На другім паверсе касцёла была банкетная заля, рэстаран, танцы, у партэры паказвалі забароненыя фільмы для эліты, а ў алтарнай частцы – туалеты, курылкі ...
памяці кардынала Юльяна Вайвадса, а тады якраз адзначаўся вялікі юбілей – 1000-годзьдзе хрышчэньня Кіеўскай Русі. І ад таго часу пайшла адліга, пайшоў працэс, які, дзякуй Богу, завершыўся пасьпяхова. І сёньня мы маем такое паступовае, разумнае, лягічнае вяртаньне людзей да Бога, вяртаньне сьвятыняў. Мы ўсе патрабуем Божай дапамогі – кожны з нас, кожная сям’я. На ўрачыстасьці 100-годзьдзя касьцёла мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч таксама ўспамінаў, як ён перажываў у 1989 годзе, калі вернікі маліліся ў галерэі, калі вырашылі, асьмеліліся ісьці працэсіяй вакол храма. Ён сапраўды называўся тады Домам кіно, але, як уладыка сказаў, ніхто яго так не называў. Казалі проста – Чырвоны касьцёл. Божа мой, шаноўныя суайчыньнікі, каб было Божае дабраславенства над намі і нашым народам, трэба, каб былі ў нас у пашане храмы. Бо калі сьвятыні будуць у запусьценьні, то і Божага дабраславенства мы ніколі не атрымаем. Гэта было штосьці страшнае, калі касьцёл быў Домам кіно. На другім паверсе касцёла была банкетная заля, рэстаран, танцы, у партэры паказвалі забароненыя фільмы для эліты, а ў алтарнай частцы – туалеты, курылкі. Там, дзе сьвятая сьвятых, людзі хадзілі апраўляцца… Па храмах можна меркаваць пра тую ці іншую мясьціну – вёску, мястэчка, горад. Калі там храм прыгожы, дагледжаны, то ёсьць адчуваньне, што людзі там маюць высакароднасьць духоўную. Дзе храмы апушчаныя, дзе крыжы ледзь ня падаюць, там, як правіла, людзі далёкія ад узьнёсласьці духоўнай і культурнай”.

Скобла:
“Чырвоны касьцёл некалькі разоў улады плянавалі ўзарваць – і ў 30-я, і ў 60-я гады. У такім суседзтве – поруч з Домам савецкага ўраду – як храму ўдалося выстаяць?”

Завальнюк:
“Гэта Божы цуд. Таму што сапраўды тут не жартавалі. Касьцёл не падабаўся многім палітычным дзеячам. Але ўсё ж над намі ёсьць Гасподзь Бог. Калі Эдвард Вайніловіч – будаўнік, мэцэнат, фундатар гэтай сьвятыні – атрымаў ад цара ў Пецярбурзе дазвол на пабудову касьцёла, ён будаваўся за горадам, у кукурузе. А сёньня, глядзіце, – касьцёл стаіць у самым цэнтры, на галоўнай плошчы сталіцы. Вайніловіч прадбачыў, як будзе разьвівацца горад, а сёньня мы ўсе гэтаму сьведкі. А што касьцёл захаваўся, то гэта толькі дзякуючы Богу. І мы дзякуем Богу за такую ласку”.

Скобла:
“Беларуская грамадзкасьць ведае вас як сьвятара, як дасьледчыка гісторыі Касьцёла. І раптам на сьвет зьяўляецца ваша паэма “Так хацеў Бог!”. Як вам столькі гадоў удавалася хаваць у сабе паэта?”

Завальнюк: “Я дзякую Богу і за гэтую магчымасьць. Мне хацелася перадаць у скароце гісторыю гэтай велічнай сьвятыні. А сказаць ёмка і коратка можна толькі скарыстаўшы паэтычную форму. У паэме я суперажываю лёсу сям’і Вайніловічаў, роду якіх больш за 600 гадоў. Род Вайніловічаў вельмі высакародны, вельмі інтэлектуальны. Яго можна параўнаць хіба з родам Радзівілаў. На 100-годзьдзе касьцёлу прадстаўнікі роду Вайніловічаў прыяжджалі ажно з Кемерава, з Навасібірскай вобласьці. Я прасіў мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, каб ён хадайнічаў перад Сьвятым Пасадам, перад Сьвятым Айцом Бэнэдыктам ХVІ, каб мы мелі цэлы юбілейны год касьцёла сьвятых Сымона і Алены. Плянуем у касьцёле праводзіць цягам гэтага году розныя навуковыя, культурныя мерапрыемствы, выставы, фэстывалі”.

Скобла: “Вы служылі ў розных краінах – у Расеі, у Малдове, у Латвіі, у Літве… Ці былі ў вас парафіі і храмы з такой багатай гісторыяй, як касьцёл сьвятых Сымона і Алены?”
Тады яшчэ не было слова “экумэнізм”, але Вайніловіч ужо жыў гэтым, любіў усіх, быў для ўсіх адкрыты, усім дапамагаў” ...

Завальнюк: “Там – велічная архітэктура, вельмі прыгожыя храмы, але душа Чырвонага касьцёла – Эдвард Вайніловіч, і яго лёс непаўторны. Тут усё вельмі зьвязана зь ім, ён вельмі жадаў быць на Бацькаўшчыне. Апошнія восем гадоў ён жыў у Польшчы, у Быдгашчы, марыў вярнуцца дадому. І, слава Богу, у 2006 годзе, 11 чэрвеня, па дамоўленасьці паміж нашымі краінамі і касьцёламі, мы перавезьлі яго астанкі і пахавалі перад храмам. У 2005 годзе я зьвярнуўся таксама ад імя людзей, вернікаў да шаноўнага ксяндза кардынала Казімера Сьвёнтка, каб распачаць інфармацыйна працэс бэатыфікацыі Эдварда Вайніловіча, гэта значыць, вынесьці яго на алтар, як слугу Божага. Бо яго вера, яго жыцьцё, яго інтэлектуальнасьць – усім нам прыклад. Ён жа тройчы выбіраўся ў царскую Думу, ён ішоў з Богам, ён дапамагаў усім, як гаворыць у сваіх успамінах: “Мы будавалі касьцёлы, цэрквы”. Вайніловіч дапамагаў будаваць сынагогу ў Клецку. Стаіць і сёньня, праўда цяпер на рамонце. У Слуцку будаваў мячэць мусульманам, хадайнічаў перад царом. Тады яшчэ не было слова “экумэнізм”, але Вайніловіч ужо жыў гэтым, любіў усіх, быў для ўсіх адкрыты, усім дапамагаў”.

Скобла: “Перад тым, як задаць вам наступнае пытаньне, хачу працытаваць радкі з вашай паэмы: “Бязбожнікі бальшавікі замоўкнуць званам казалі / ды арганам буржуйкі свае палілі, / бо душы іх, бачыш, ад атэістычнаха холаду лядоўнямі ставалі, / карчанелі ды замярзалі. / А з бронзы і срэбра тых званоў за адвагу мэдалі / і перамогу камунізму адлівалі, / свой страх хавалі”. 70 гадоў у душы нашых людзей улады сеялі бязбожжа. Колькі часу трэба, каб выпалаць гэтае пустазельле зь людзкіх душаў?”

Завальнюк:
“Гэта можна зрабіць толькі з Божай дапамогай, калі будзе добрая воля ўсіх нас. Мы часта чуем пра нацыянальную ідэю, пра адраджэньне. Але не забудзьце, што кожная рэвалюцыя, кожны пераварот рухаліся таксама ідэямі, але іх база была матэрыяльнай. Згадайце францускую рэвалюцыю ці наш кастрычніцкі пераварот. Чаму ўсё адышло? Таму што абсалютна на пяску ўсё будавалася, а трэба будаваць на духоўным. Калі мы далучым да Божай ідэі, да веры нашу нацыянальную ідэю, – будзем жыць у вяках, у пакаленьнях, адбудзецца наша адраджэньне! І таму ня трэба саромецца веры. Гэта стане нашым узвышшам духу, і мы будзем разумець адзін другога, дапамагаць адзін другому, бо ўсё, што мы робім, яно для будучыні. Вера ў Бога і нацыянальная ідэя – гарантыя нашай будучыні. Таму ў Чырвоным касьцёле штонядзелі а 19 гадзіне служыцца літургія за Бацькаўшчыну”.

Скобла: “У вашым касьцёле праходзілі літаратурныя сустрэчы з Рыгорам Барадуліным, зь Нілам Гілевічам. Ня кожны сьвятар дазволіць выступаць з амбону паэтам. А чаму вы ідзяце на гэта?”
Сустрэчы з Барадуліным і Гілевічам у касцёле для людзей былі – як казань ...

Завальнюк: “Таму што Рыгора Барадуліна і Ніла Гілевіча я вельмі паважаю. Гэта вельмі сьветлыя і добрыя людзі. Скажам, вершы Барадуліна, нашага славутага паэта, вельмі духоўныя, яны зьвернутыя да народа, да Бацькаўшчыны, да зямлі, да маці. Многія сьвятары цытуюць Рыгора Барадуліна з амбону. У многіх людзей у алтарыку, дзе ружанец, крыжык, ляжаць і гэтыя вершы, бо многія людзі чытаюць іх як духоўную літаратуру, і гэта сапраўды духоўная літаратура. Бо калі мы больш палюбім сваю зямлю, Бацькаўшчыну, калі мы схілім чало перад нашымі матулямі, тым больш мы будзем мець у душы духоўнасьць. Сустрэчы з Барадуліным і Гілевічам у касцёле для людзей былі – як казань. Людзі былі ў захапленьні, як стаялі, так і ішлі, каб Рыгор падпісаў ім кнігу “Ксты”. Ня ўсе маглі атрымаць такую, дык нясьлі проста свае малітоўнікі, каб Рыгор падпісаў на памяць. Гэта сапраўды велічна”.

Скобла:
“Я добра памятаю той час (канец 80-х), калі ішло змаганьне за Чырвоны касьцёл. Вернікі маліліся на вуліцы, нават галадавалі – на знак пратэсту. Сёньня ідзе змаганьне за касьцёл сьвятога Язэпа на Плошчы Свабоды. Якое ваша стаўленьне да моладзевых акцый каля храму, дзе сёньня месьціцца Дзяржаўны архіў-музэй літаратуры і мастацтва?”

Завальнюк: “Прасіць сьвятыні – гэта ніколі ня грэх. Іх вяртаньне – гэта наш абавязак. Пакуль мы не адкрыем, не ачысьцім усіх сьвятыняў, ня будзе Божага дабраславенства над намі. Гэта як арганізм: здаецца – здаровы, але тэмпэратура трымаецца 36,8о – ні то хворы, ні то здаровы. Таксама і тут – калі сярод сотняў ці нават тысячы адчыненых сьвятыняў ёсьць яшчэ 10-15 у запусьценьні – бяда. На 100-годзьдзі касьцёла мітрапаліт Кандрусевіч таксама ўзьнёс малітву аб вяртаньні сьвятыні. Так што дай Божа, каб усе сьвятыні былі вернутыя, а там, дзе трэба будаваць, каб будаваліся. Калі народ будзе з Богам, ён будзе больш паслухмяны, больш цярплівы. Гэта ня тое, што “рабі са мною, што хочаш”. Проста мы будзем разумець, што часам для Бацькаўшчыны трэба дзе сьцярпець, дзе вытрываць і застаццца добрымі людзьмі”.

Скобла:
“Аднойчы я прысутнічаў на багаслужбе і пачуў, як вы сказалі літаральна наступнае: “Той, хто забывае родную мову, чыніць сьмяротны грэх”. Як вы лічыце, ці доўга яшчэ будзе працягвацца гэтае грэхападзеньне нашага грамадзтва?”
Калі не ідзем, паважаныя суайчыньнікі, ні ў царкву, ні ў касьцёл, ні ў малітоўны дом, а дома перад тэлевізарам праседжаваем канапы, – гэта, безумоўна, грэх ...

Завальнюк: “Трэба нам гэтую кропку пераадолець, як на вяршыню гары ідучы. Калі будзем уздымацца, то настане перавага роднай мовы, а пакуль што мы ўсё карабкаемся... Сёньня мы маем беларускамоўныя набажэнствы ў доме Божым, але ў канцылярыі адказваем на той мове, на якой да нас зьвяртаюцца. Ідзе пакуль такое станаўленьне. Я лічу, я перакананы, што ніхто нікому не забараняе карыстацца роднай мовай, але трэба, каб мова заставалася гонарам, тады будзе станоўчы вынік. Калі мы адыходзім ад родных каранёў, мы тады падпарадкоўваемся чужой ідэалёгіі. А потым, на якой мове трэба вучыць дзіця маліцца? Не на латыні ж, не на грэцкай. А калі дзіця ня ведае малітвы на роднай мове, калі зусім ня моліцца, то паўстае пытаньне, які дух, якая сытуацыя ў сям’і? Бо калі няма малітвы – гэта грэх, паколькі малітва ачышчае, малітва аздараўляе. Калі чалавек паўтарае чыстыя і ўзьнёслыя словы малітвы, ён ачышчаецца. Гэта ж тая ж самая чыстая аўра, якая нас асьвячае і ўзвышае. Калі не ідзем, паважаныя суайчыньнікі, ні ў царкву, ні ў касьцёл, ні ў малітоўны дом, а дома перад тэлевізарам праседжаваем канапы, – гэта, безумоўна, грэх. Мы павінны далучыць сябе да духоўных перашакрыніцаў. А родная мова гучыць сёньня ў Божам храме”.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG