Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады пакуль не далі дазволу адвакатам на чарговыя сустрэчы са зьняволенымі кандыдатамі ў прэзыдэнты. Такой сустрэчы не адбылося і ў дыпляматаў краінаў Эўразьвязу. Пра стан здароўя Міколы Статкевіча, які аб'явіў аб пачатку галадоўкі ў СІЗА КДБ, адвакатам таксама нічога не вядома.

Па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Менску 19—20 сьнежня ў якасьці абвінавачаных праходзяць 25 чалавек, а колькасьць падазраваных павялічылася да 14. Пра гэта паведамілі ў праваабарончым цэнтры "Вясна". Сярод абвінавачаных — 3 экс-кандыдаты ў прэзыдэнты, якія знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Гэта Андрэй Саньнікаў, Уладзімер Някляеў і Мікалай Статкевіч. Месцазнаходжаньне Алеся Міхалевіча, якога перавялі зь СІЗА КДБ у сьледчы ізалятар МУС на вуліцы Валадарскага, пакуль невядомае. Пра гэта паведаміў яго адвакат Алег Агееў:
У СІЗА сказалі, што толькі заўтра змогуць паведаміць, дзе ён знаходзіцца ...

"Я сустрэўся са сваім падабаронным 6 студзеня, калі ён знаходзіўся ў СІЗА на Валадарскага. На сёньняшні дзень ён там ня ўтрымліваецца. Інфармацыі пра тое, дзе ён, мы пакуль ня маем. У СІЗА сказалі, што толькі заўтра змогуць паведаміць, дзе ён знаходзіцца".

Суды, якія разглядалі скаргі адносна меры стрыманьня, адмовілі ў вызваленьні з-пад варты Алеся Міхалевіча, Андрэя Саньнікава, Уладзімера Някляева і Анатоля Лябедзькі. Запыты адвакатаў на сустрэчы пакуль не задавальняюцца.

Адвакатка экс-кандыдата ў прэзыдэнты Міколы Статкевіча Тацяна Станкевіч так і не атрымала магчымасьці сустрэцца са сваім падабаронным. Ёй адмаўляюць на той падставе, што няма месца для сустрэчы. На пытаньне, ці працягвае Мікола Статкевіч галадоўку, адвакатка Станкевіч адказала:
Што цяпер адбываецца, я ня ведаю, і даведацца ў мяне не атрымліваецца ...

"Я ня ведаю. Але мяркую, што ён яе не зьбіраўся спыняць. Што цяпер адбываецца, я ня ведаю, і даведацца ў мяне не атрымліваецца. Дабіцца сустрэчы я пакуль не магу. І ні ад кога не магу атрымаць інфармацыю".

Як вядома, Статкевіч ужо тры тыдні трымае галадоўку, патрабуючы прызнаць несапраўднымі вынікі галасаваньня 19 сьнежня. Ён настойвае на правядзеньні новых прэзыдэнцкіх выбараў.

Адвакатка Тамара Сідарэнка сказала, што апошняя інфармацыя пра Ўладзімера Някляева паступіла 29 сьнежня, калі ў яго здарыўся гіпэртанічны крыз. Адвакаты настойвалі на шпіталізацыі Някляева. Што здарылася далей, аднак, невядома.

Тамара Сідарэнка
"Нам сьледчы сказаў, што на пачатку гэтага тыдня будзе нейкае сьледчае дзеяньне. Вырашылі пачакаць — можа, хоць такім чынам убачым чалавека, нашага падабароннага. Але сёньня нам пакуль ніхто не тэлефанаваў і нічога не казаў".

На пытаньне, ці вядома нешта пра стан здароўя Някляева, адвакатка Сідарэнка адказала:

"Якім чынам, калі мы яго ня бачым і ня чуем?! І патрапіць да яго ня можам, хоць нам такое права гарантавана".

Адвакату Андрэя Саньнікава і Паўла Севярынца Паўлу Сапёлку таксама не дазволілі новай сустрэчы з падабароннымі. Больш за тое, такія сустрэчы і не плянуюцца. Сваякі пакуль не атрымліваюць ад зьняволеных лістоў.

На мінулым тыдні кіраўнікі дыпляматычных місіяў краін Эўразьвязу, якія акрэдытаваныя ў Беларусі, накіравалі ноту ў МЗС Беларусі. У ёй яны выказваюць заклапочанасьць сытуацыяй у Беларусі, просяць інфармаваць іх пра стан здароўя затрыманых. Таксама яны жадаюць сустрэцца з арыштаванымі экс-кандыдатамі ў прэзыдэнты. У беларускім МЗС карэспандэнту "Свабоды" патлумачылі, што "нота з просьбай аб арганізацыі сустрэчы атрымана, і гэты запыт накіраваны на адрас праваахоўных органаў, якія будуць прымаць рашэньне". У амбасадзе Вугоршчыны ў Менску паведамілі, што пакуль сустрэча дыпляматаў са зьняволенымі не адбылася. Але зь беларускага МЗС прыйшоў адказ, у якім гаворыцца, што ні ў кога са зьняволеных няма прэтэнзій і адносна іх "усё ў парадку". Нічога не гаворыцца там і адносна галадоўкі Міколы Статкевіча. Наагул больш дэталёвай інфармацыі там няма. У амбасадзе патлумачылі, што такі адказ беларускага МЗС "прымаюць да ведама" і спадзяюцца, што сустрэча са зьняволенымі экс-кандыдатамі адбудзецца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG