Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Працягваем публікаваць уражаньні ад падзеяў 19 сьнежня і іх першыя асэнсаваньні. Блогерка volja 19-га была назіральнікам на адным з выбарчых участкаў у Менску. Пра галасаваньне і "падлік" галасоў, а таксама пра тое, што адбывалася пасьля таго, як яна выйшла з участку ў горад, яна напісалана блог-партале livejournal.

Я ня ведаю як усё далей будзе разьвівацца ў Беларусі. Адно што рэальнасьць за гэтыя апошнія тыдні пачала ўяўляць сабой ваеннае становішча. Ідэальная карцінка дала трэшчыну і ў нейкага наверсе зямля выходзіць з-пад ног. Калі раней улада неяк больш менш удала магла трымацца прыдуманай ёй жа віртуальнай рэальнасьці, то зараз за звыклай маскай пачаў праступаць сапраўдны твар - скажоны ад страху і нянавісьці. І дзеяньні нейкія непасьлядоўныя - з аднаго боку трэба навесьці страху на нязгодных, зьляпаць неяк справу пра "дзяржаўны пераварот", а зь іншага залатаць карцінку аб "усеагульнай падтрымцы". Але першыя дзеяньні ператвараюць тую самую прыдуманую рэальнасьць у адкрытую хлусьню. А хлусьня як вядома рэч недаўгавечная і страх не бясконцы. Калі праўда адкрываецца людзям, то і страх паступова сыходзіць. Бо якія б людзі не былі паскуды яны створаны прыродай у якой няма месца хлусьні і прыдуманай рэальнасьці. Хлусьня па-за прыродай чалавека, яна разбурае яго, робіць слабым і баязьлівым.

Толькі пра што нам трэба будзе яшчэ прайсьці, каб праўда ўрэшце ўзяла верх?

Далей будзе многабукафф пра самі выбары і 19га, а таксама пра ўсё тое, што я адчувала ў тыя дні. На ўсялякі выпадак, каб не забыцца.

Я не зьбіралася ехаць на выбары, бо ня верыла, што зь імі нешта зьменіцца. Я не сачыла за выбарчай кампаніяй і не слухала прамоваў кандыдатаў. Але ў апошні момант паддалася нейкім унутраным адчуваньням і вырашыла ехаць, аб чым ні каліва не шкадую. Гэта трэба было бачыць на свае вочы і гэта трэба было перажыць.

Назіраньне за “выбарамі”

Я зьявілася на сваім участку а 7-ай раніцы паводле інструкцыі. Камісія была ўжо ў поўным складзе. Мяне не пакідала адчуваньне, што я ўваходжу ў нейкі варожы лягер. Відаць і сябры камісіі, ня гледзячы на сваю нацягнутую ветлівасьць, адчувалі тое ж самае. Я была 19-тай у сьпісе назіральнікаў, што вельмі зьдзівіла. У адведзеным для назіральнікаў закутку ўжо сядзела дзьве дзяўчыны. Павітаўшыся зь імі я даведалася, што іх вылучылі ад Сувораўскай вучэльні. Ага, значыцца астатнія назіральнікі такія ж “прызначэнцы”. Пазьней падышлі жанчынкі ад партыі труда і справедлівості, сацыяльна-спартыўнай партыі Белай Русі. Быў яшчэ дзядуля ад Саюзу Вэтэранаў, па усім відаць былы ваенны, але для вэтэрана ВАВ занадта малады. Была дзяўчынка майго ўзросту, якую я прыняла за “нашу”, бо яна неяк вылучалася з усёй гэтай хеўры. Але і яна аказалася вылучанай ад выканкаму. (Але ўсё адно яна была даволі мілая і відаць ня вельмі радавалася той ролі, якую мусіла граць.

Па легендзе выбарчая камісіі складалася з працоўных заводу Атлант, але на сайце выбарчай камісіі відавочна, што складзена яна была з самых розных людзей. Самы абыходлівы аказаўся Валянцін Мікалаевіч (калі я памятаю правільна). – Вы прыехалі ад нас здалёк, з самай Ліды, яшчэ ня сьнедалі мабыць? Хадземце я вас кавай пачастую,- і павёў мяне ў кляс, які выконваў ролю кабінэту. -Усе мы людзі. Трэба ж па-чалавечы адносіцца.

Між тым, размаўляючы з адной "прызначанай" назіральніцай ён так па-змоўніцку ёй сказаў:- Ну вы ж ведаеце дзе ўсё ў нас вырашаецца. Але ўжо ў клясе мяне пераконваў – вы ўсё самі ўбачыце, што ніякіх парушэньняў у нас ня будзе.

І вось бачыш, што ўсё ведаюць праўду, але сьвядома кажуць абсалютна супрацьлеглыя рэчы. А ў мяне ў галаве гэта ніяк ня можа ўпарадкавацца. Валянцін Мікалаевіч, прабачце, так лез у дупу, што ягоная празьмерная ветлівасьць яшчэ больш удавала тое, што наўрад ці ўсё будзе так празрыста і законна. Пасьля кавы сакратар паклікаў мяне на сьняданак “за кошт заводу”. Я пасядзела хвілін дзесяць за сталом з камісіяй, зьела салацік і хутка зьбегла, пазбавіўшы сябе неабходнасьці слухаць пераконваньні ў тым, якія ў нас “чэсныя выбары” і што на гэтым ўчастку “абавязкова ўсё будзе добра”. Вядома Валянцін Мікалаевіч думаў, што прыхіліўшы мяне да сябе ён заткне мне рот, калі будуць падлічваць галасы. Але не дачакаецца.

Я вярнулася ў залю для галасаваньня, падсела да дзьвюх “прызначаных” назіральніц прыслухалася да іх размовы. Адна зь іх была ад Белай Русі а другая ад сацыяльна-спартыўнай партыі. Тая што была ад Белай Русі цішком скардзілася другой, а пасьля і мне: - Ох, як пры камунізме. Я ўсю маладосьць была ў камсамоле, потым у кампартыі, а зараз яшчэ прымусілі быць у гэтай Белай Русі. Была б мая воля, я б ніколі сюды не прыйшла назіраць.

Але як толькі я неасьцярожна кінула нейкую рэпліку пра сёняшні рэжым, дамы адразу зьмянілі рыторыку. – А што, у нас жа ўсё добра, усяго дастаткова, галоўнае ж каб не было хваляваньня і не было вайны. А то там недзе ў гэтай Грэцыя вы паглядзіце якія непарадкі! А тут усё ціха...

Мне стала моташна ад гэтай непрабіваемай лёгікі пра "мір і спакой". Гэта ўсё (і "назіральнікі" і камісія і самі выбары) было падобна на нейкую калектыўную шызафрэнію. Тут не было сэнсу нават спрачацца і шукаць аргумэнты. Я сядзела ў разгубленасьці пазіраючы на гэтую поўную цемру, што ўтварылася перада мной і мне рабілася дрэнна. Госпадзе, калі ж гэта ўсё скончыцца?

Вынасное галасаваньне


Каб трохі разьвеяцца і не сядзець тупа на ўчастку я паехала на вынасное галасаваньне з двума сябрамі камісіі – Васілём (старэйшы) і Андрэем (малодшы, гадоў 30ці). Да гэтага я чула, што вынасное галасаваньне таксама фальсыфікуюць, падмяняючы скрыню з патрэбнымі бюлетэнямі ў апошняй кватэры. За гэтым і хацелася паназіраць. Але ў маім выпадку не было чаго фальсыфікаваць - амаль увесь кантынгент выбаршчыкаў на даму апантаныя прыхільнікі тырана.

Між іншым, Васіль той ўдзельнічае ў выбарах з 1996 г. Калі я пачала жартаваць, што праз колькі год яму дадуць званьне “пачотны сябра выбарчай камісіі”, Андрэй дадаў - ага, ці на суку павесяць. Няўжо адчуваеце, што робіце няправільна? Што ж тады вамі кіруе? Грошы, страх? Ці наіўнае ўяўленьне, што адказнасьць ляжыць толькі на Лукашэнку? - моўчкі думала я сама сабе.

Ва ўсіх тых кватэрах, куды мы заходзілі, жылі пэнсіянэры. Слабыя і бездапаможныя, яны ледзь рухаліся. Шмат хто зь іх з цяжкасьцю мог сам пакінуць пазнаку ў бюлетэні. Былі і зусім ляжачыя, з поглядам накіраваным ужо ў той сьвет, за якіх галасавалі іх “прадстаўнікі” - жонка ці дачка. Гэтыя кватэры былі падобныя адна на адну. У іх стаяў затхлы пах старасьці і хуткай сьмерці. Абстаноўка відаць была нязьменнай па некалькі дзесяцігодзьдзяў: старыя савецкія сэкцыі, з сэрвізам і былым інтэлектуальным багацьцем - зборнікамі савецкай энцыкляпэдыі і клясыкай расейскай літаратуры. І жыхары гэтых кватэраў галасавалі ўсё гэтак жа – за стабільнасьць і нязьменнасьць, сваімі дрыжачымі рукамі, знайшоўшы ў доўгім сьпісе адно правільнае імя, нават не чытаючы астатнія. Час ад часу, няздольныя кантраляваць сваю сьвядомасьць, гэтыя старыя вымаўлялі рэдкія беларускія словы, якія яны так доўга вытраўлівалі зь сябе ў барацьбе за сьветлую будучыню камунізму. Вядома на парозе сьмерці людзі часьцей вяртаюцца ў дзяцінства і далёкае мінулае, забываючы пра тое, што было гадзіну таму. Так і мова вярталася як рэфлекс прывіты ў дзяцінстве, з закуткоў сьвядомасьці, якая раставала на вачох.

Я выходзіла з гэтых кватэраў, адчуваючы сябе ў палоне гэтых старых людзей і іхных сноў, быццам бы пахаванай зажыва ў брацкай магіле Савецкага Саюзу.

На ўчастак я вярнулася эмацыйна неверагодна стомленай. Мне было моташна ад адной думкі, што гэты сюр ніколі ня скончыцца. Гэта была нейкая паралельная рэальнасьць, зь якой я ніяк не магла выбрацца.

Сярод назіральнікаў я раптам убачыла жанчыну, якая размаўляла па-беларуску. Яна была ад КХП-БНФ. На імгненьня я была ўзрадавалася што вось ўрэшце - свае людзі. Але не пасьпела я прадставіцца і перакінуцца некалькімі сказамі, як яна ўжо зрабіла зь мяне ворага Беларусі. – Вы не назіралі на датэрміновым? Як вы тады ўвогуле можаце назіраць? Паглядзіце на іх, яны ж дадуць Вусатаму столькі галасоў колькі трэба! І вы лічыце галасаваньне ідзе нармальна? Глядзіце як далёка ўрны, нічога ж ня бачна! Для вас гэта прымальна? Ды вы відаць самі зацікаўленыя каб Вусаты перамог! (нешта ў гэтым стылі)

Гэта было нешта! З аднаго боку варожая камісія з прызначанымі назіральнікамі, а зь іншага неадэкватная нацыяналістка, якая бачыць ва ўсіх ворагаў. На нейкі момант я адчула сябе абсалютна бездапаможнай у гэтай вар’ятні. Толькі потым падышлі яшчэ два мужчыны з КХП-БНФ, больш прыязныя і адэкватныя, таму рэшту часу я праразмаўляла зь імі. Але, на жаль, на падлік галасоў вярнулася зноў тая жанчынка, паставіўшы мяне перад пэрспэктывай канфрантацыі ня толькі з камісіяй, але і зь ёй.

“Падлік”


Адносіны членаў камісіі да мяне пачалі мяняцца ўжо пасьля абеду. Пасьля майго вяртаньня з абхаднога галасаваньня старшыня Якублевіч некалькі разоў пытаўся як у мяне справы. Валянцін Мікалаевіч зноў хацеў накарміць. Але як толькі я стала трохі бліжэй да ўрнаў старшыня камісіі папрасіў мяне сесьці ў закуток для назіральнікаў.

Падыходзіў вечар і 20.00 калі мусіў зачыніцца ўчастак. Як толькі скончылася галасаваньне, сакратар камісіі сказаў, што ім патрэбна паўгадзінкі каб адпачыць. Я адразу запыталася навошта яшчэ чакаць паўгадзінкі? Тут мілы і абыходлівы Валянцін Мікалаевіч зьмяніўся ў твары і на павышаных танах пачаў мне пагражаць выдаленьнем з участку, калі я буду вазьнікаць і перашкаджаць працы камісіі. – Нам патрэбна адпачыць і падрыхтавацца. Усе выйдзіце з залі для галасаваньня! – Да чаго цікава падрыхтавацца? – пачала я жартаваць. І хоць Валянцін Мікалаевіч яшчэ трохі пакрычэў на мяне, але ў выніку ніхто з памяшканьня так і ня выйшаў. Камісія расставіла сталы – бліжэй да нас, каб раскладаць і лічыць бюлетэні, далей ззаду – сталы з імёнамі кандыдатаў.

Мы, вядома, сядзелі так, што ніколі ня ўбачыш, што ж было пазначана на сам рэч у бюлетэнях.

Усё пачалося з пераліку колькасьці бюлетэняў (не галасоў!) з датэрміновага галасаваньня і з вынаснога галасаваньня. Палічылі колькасьць бюлетэняў і адклалі ў бок. На маю заўвагу, што яны мусяць зараз жа палічыць галасы Валянцін Мікалаевіч пачаў на мяне зноў крычаць, што яны самі ведаць, што яны мусяць рабіць, а я хутка вылечу з залі. На стол вывалілі бюлетэні з урнаў асноўнага галасаваньня. Члены камісіі пачалі разьбіраць іх і складаць у стосікі. Пры гэтым яны амаль не перагаворваліся і не пыталіся ў каго бюлетэні за якога кандыдата. Старшыня камісіі падыходзіў да кожнага члена камісіі, браў гэтыя стосікі і раскладаў па імёнах кандыдатаў. Пры гэтым ён нідзе не запісваў колькі разоў і колькі бюлетэняў ён паклаў кожнаму кандыдату. Я нават ня памятаю, каб члены камісіі называлі свае лічбы старшыні камісіі. Ён проста раскладаў так, каб у стосе за Лукашэнка было найбольш галасоў. Я думала, што можа хоць напрыканцы яны пералічаць колькасьць бюлетэняў на кожнага кандыдата, каб зрабіць выгляд праўдзівага галасаваньня. Але не, яны нават гэтага не зрабілі!

Калі старшыня пачаў класьці паперы так як яму хацелася, я ня вытрымала і вельмі ветліва папрасіла паглядзець, што ж там ляжыць у стосіках? На што нават не старшыня, а Валянцін Мікалаевіч адказаў проста – не, нельга, вы што не давяраеце камісіі? Калі б давярала, мяне тут не было.

К канцу растасоўкі бюлетэняў я ня вытрымала і ўстаўшы пачала зьвяртаць увагу на парушэньне артыкула 55 выбарчага заканадаўства. Вэтэран вяла спрабаваў мне нешта запярэчыць, але потым змоўк. Валянцін Мікалаевіч мяне злосна спыніў і сказаў міліцыянту мяне вывесьці з залі. – Пакіньце залю! Выведзіце яе! – крычэў Валянцін Мікалаевіч. Міліцыянт, маладзенькі хлопец, ледзь чутна прамовіў – хадземце. Але я сказала, што не сыду. І стаяла далей. Я ўжо чакала, што міліцыянт сам падыдзе і пачне мяне выцягваць ці Валянцін Мікалаевіч пачне на мяне далей крычэць. Але ён толькі сказаў – Сядзьце. Але я працягвала стаяць. І ён ужо больш нічога мне не казаў. У залі была грабавая цішыня і толькі шэлест апошніх бюлетэняў.

Я стаяла і глядзела на людзей у камісіі, якія сядзелі за сталамі, не маючы сьмеласьці падняць вочы. Відаць на маім твары была напісана такая пагарда, што яны нават сказаць больш нічога не асьмельваліся. Іх твары і паводзіны казалі ўсё за іх. Гэта быў проста тэатар чалавечых душаў. Я магла сабе толькі ўяўляць што там адбывалася, але выразы твараў былі вельмі характэрнымі. Мала хто сапраўды ўмее хлусіць. Гэта было неверагодна, як людзі ідуць на такое паскудзтва і так гандлююць сумленьнем.

Мне было сумна, але адначасова я адчувала, што я маю рацыю, а яны не, нават калі іх у шмат разоў болей, а я адна. На маіх вачах камісія абакрала сотні людзей, пазбаўляючы іх права голасу. І яны гэта ведалі і недзе на глыбіні іх трусьлівай душонкі мусіла варушыцца сумленьне. Я глядзела на Васіля, зь якім хадзіла на вынасное галасаваньне, на яго сумны і зьлёгку пачырванелы твар і думала- ну што, гэта вашыя чэсныя выбары, пра якія вы мне казалі? Вы ж нават ня здольныя схаваць фальсыфікацыі!

Калі бюлетэні былі раскладзеныя па стосіках старшыня камісіі падышоў да жанчыны, якая сядзела за дальнім сталом і яны пачалі нешта лічыць. Лічылі хвілін дваццаць на калькулятары. Відаць вылічвалі каму колькі галасоў даць.

Я ўжо марыла, каб як мага хутчэй скончыўся гэты цырк. Я званіла на Плошчу і чула радасныя галасы натоўпу. Мне ўжо было ня важна якія лічбы яны намалююць. Уся мая істота ірвалася туды, да сяброў, да тых, хто выйшаў абараніць свой голас.

Вынік быў чаканы – у Лукашэнка 1213 галасоў, з 1651 чалавека, які прыняў галасаваньне. Рэшта галасоў падзелена паміж астатнімі кандыдатамі. Але гэта было ня ўсё- мне яшчэ прыйшлося з боем выбіваць копію пратакола. Старшыня шчэ пачаў вазьнікаць, што яны ня мусяць мне яго даваць! Капец. Валянцін Мікалаевіч на ўсе мае словы пра парушэньне закону толькі і сказаў: – Усе скаргі, у пісьмовым выглядзе. І гэта ня вам вырашаць ці было парушэньне.
Вось і ўсё.

Плошча

Было ўжо пасьля дзесятай гадзіны вечара, калі я выбегла з участку. Я ішла хуткім крокам праз Нямігу. Насустрач мне ішлі людзі, а мне хацелася ім крычаць – вы ведаеце што там зараз адбываецца? Чаму вы ўсе ня там? Тэлефонная сувязь працавала дрэнна. Я падышла да Незалежнасьці і ўбачыла ўжо даволі парадзелы натоўп. Пабачыла брата, adelka з krebsik і пайшла павітацца з Таняй. У гэты час Хадановіч пеў песьню "Мур хутка рухне" без гітары. Нехта падпяваў. Я глядзела на людзей, якія паціху сыходзілі і з сумам думала, што зноў нічога не атрымалася. Ды і сама думала ўжо сыходзіць, толькі яшчэ б пабачыць іншых сяброў. Тут раптам з-за дому ўраду паваліў АМАП. З трыбуны нехта заклікаў не паддавацца на правакацыі (я проста не адрозьніваю галасы кандыдатаў). Потым сказалі, што зь міліцыяй дамовіліся - яны ня будуць чапаць людзей, калі ім аддадуць апаратуру. Праз хвіліну стала зразумела, што ніхто ні зь кім не дамовіўся. Людзей з трыбуны пачалі здымаць. Натоўп пачаў адступаць і я зь ім. Я бачыла як АМАП адсякае ад нас людзей, якія стаялі бліжэй да дому ўраду. Я рванула ўперад, бо недзе там бліжэй мусіў быць брат і сябры. Тэлефон не працаваў. І тут я пабачыла жахлівае відовішча - як над галовамі АМАПу скачуць дубінкі. Людзі адступалі, а ў мяне ўнутры ўсё перахапіла ад адчаю і адной думкі, што ў тым месіве можа быць брат ці нехта з сяброў. Былі слабыя спробы спыніць адступленьне і стаць у ланцуг. Але іх не падтрымалі.

І бы здраджваючы сабе і тым людзям адрэзаным АМАПам, я адступала. Куды ты, дзяўчына, з голымі рукамі на ўзброеных дубінкамі і шчытамі азьвярэлых мужыкоў? Потым я спынілася і тупа стаяла і раўла як апошняя гістэрычка, гледзячы на тое што там адбываецца. Мне было страшна і балюча. Міма мяне праходзілі хлопцы з расьсечанымі галовамі.

Потым натоўп раптам рушыў праз дарогу. Я за імі, але ў гэты момант патэлефанаваў брат. Мы сустрэліся ля гасьцініцы Мінск. Я думала сыходзіць зь ім. Але ня вытрымала, адправіла яго, і пайшла ў пераход, каб сустрэцца з bezymov ля Галоўпаштамту. Выходзячы, я падумала, што ўсё ж варта ехаць дахаты. Я патэлефанавала Тані і сказала, што зараз паеду да яе. Але на выхадзе я ўбачыла два рады АМАПу, праз які не было выйсьця. Спробы іх угаварыць адпусьціць выклікалі зьедлівы сьмех і тупыя жартачкі. Жывёлы. Падышло болей людзей, якія блукалі па пераходу ў пошуках выйсьця, але нікога не выпускалі. Я разгублена стаяла разглядаючы гэтую жывую сьцяну і шукала хоць нейкую дзіку, каб праскочыць міма іх. І тут раптам нешта здарылася, апамаўцы разышліся, ля мяне міліцыянты павялі нейкага хлопцы. Хтосьці недзе крыкнуў – выпускай людзей. Некалькі з тых, хто працягваў стаяць у шэрагу, разгублена шукалі начальніка і крычэлі - назад, строімся. Але я ўжо зьбегла ад іх. Хлюпаючы носам я сустрэлася з сябрамі, сьлёзы не спыняліся, усё трымцела. Мы пайшлі ў госьці да Алесевых сяброў, зь якімі я нават нармальна не перазнаёмілася. Толькі там я трохі прыйшла ў сябе. Але адчуваньне было як пасярод баявых дзеяньняў. Бо гэта і была вайна - вайна апантанага ўладай вар’ята і ягоных псоў супраць свайго ж народу. Прыходзілі навіны пра зьбітых і арыштаваных: пра хлопца са зламанай рукой, пра жанчын з разьбітымі галовамі. Улада ператварылася ў хунту.

Дахаты я ехала на таксі. Мэтро так і не адкрылі, нават пасьля дванаццатай ночы (відаць праходзілі зачысткі). Раён Кастрычніцкай быў цалкам пусты. Толькі гэб'ё і мянты. Пасярод праспэкту ля Макдака стаяла хуткая і Гаі. Усё зачысьцілі. – Хаця б усе былі жывыя, хаця б усе былі жывыя...круцілася ў галаве. Хуценька, каб і нас не забралі, мы прайшлі з маці сяброўкі да Ратушы, дзе я злавіла таксі. Яна пайшла мяне праводзіць, каб я адна не прыцягвала ўвагу, за што ёй дзякуй, бо я адчувала сябе бы п'янай.

Хваляваньне зьмянілася поўным ступарам. Не пасьпела я сесьці, як таксіст спытаў – ну што зьбегла? Відаць на маім твары ўсё было напісана. Я спрабавала нешта распавесьці таксісту, але ягоны абыякавы тон зьдзіўляў і раздражняў. Даехаўшы да патрэбнай вуліцы я папрасіла спыніць на шашы- далей сама дайду. Але не прайшла я і пару крокаў як раптам ля мяне прыпынілася чорнае аўто і дзядзька з вялікім заплыўшым тварам нешта прамямліў “можа вас падвезьці?”. Я ня здолела нават нічога адказаць, бо глядзела на чырвона-зялёны сьцяжок, прычэплены да панэлі. Ён так і зьехаў. Гэта быў акупаваны горад, у якім ёсьць МЫ і ЯНЫ. Страх і бездапаможнасьць. Я засынала і думала пра тое, што яны перамаглі і заўтра ўжо можа здарыцца што заўгодна: турма, зьбіцьцё, сьмерць. Не было ні веры ні надзеі, толькі бяззубая нянавісьць і адчай.

Яшчэ ніколі ў маёй сьвядомасьці рэальнасьць не падзялялася на гэтыя два полюсы і зло не прымала такое канкрэтнае аблічча. Зло – гэта калі ўсё падпарадкавана волі аднаго чалавека, але ў першую чаргу закон. Ён зьніштажае чалавечую годнасьць праз страх, ці проста банальна купляючы сумленьне. Дыктатура аднаго стварае такое асяродзьдзе,дзе чалавек пастаўлены пад жорсткім выбарам- камфорт і дастатак альбо праўда і сумленьне. Ілюзія замест жорсткай, няўтульнай праўды. Мне проста хочацца, каб тыя, хто выбірае камфорт у нейкі момант убачылі ў якіх пачвар яны ператварыліся, каб проста задумаліся што азначае быць чалавекам? Гэтыя думкі не давалі мне спакою ў тую ноч.

Пасьля

Толькі потым у наступныя дні, пабыўшы ў судзе, назіраючы за працэсам, трохі паразмаўляўшы з арыштаваным, дзесьці ўнутры зноў вярнулася надзея. І хоць я ўсё гэтак жа ненавідзела абывацеляў, якія жылі ў сваёй утульнай паралельнай рэальнасьці, недзе ўнутры нараджаўся мір ад адчуваньня, што з намі праўда. Суд больш не вяршыў закон, ён толькі паказваў на тое, што мы бяспраўныя, але і тое, што нас баяцца.

За гэтыя дні такія падаецца звыклыя абдымкі зь сябрамі і знаёмымі сталі больш цёплымі і значнымі. Бо ў нас проста няма нічога акрамя нас саміх, сяброў і проста тых, хто верыць у тое ж, што і мы. Я назірала як людзі нясуць дапамогу, перадаюць грошы, дапамагаюць перадаваць перадачкі. І гэта здымала боль. Я і дагэтуль ня ведаю што рабіць далей, і ня бачу, як можна пераламаць, тое што зараз адбываецца. Адно што страх мой сышоў. Бо людзі сыстэмы караюць самі сябе. Тое, зло, што яны робяць у дачыненьні да сваіх жа грамадзянаў зжарэ іх знутры.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG