Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адных — трасуць, другіх — выкідваюць на вуліцу


Сядзіба БНФ у Меснку, архіўнае фота

Сядзіба БНФ у Меснку, архіўнае фота

У Партыі БНФ забіраюць менскі офіс, што на праспэкце Машэрава. Кіраўніцтва жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Савецкага раёну Менску патрабуе да 1 красавіка 2011 году вызваліць арандаванае памяшканьне.

Апошнім часам ператрусы адбыліся ў шэрагу праваабарончых арганізацый, офісы некаторых грамадзка-палітычных рухаў разгромленыя і аплямбаваныя.

Жыльлёва-камунальная гаспадарка, якая шмат гадоў здае партыі БНФ у арэнду памяшканьне, закідае запазычанасьць у аплаце, якая здаралася ў розныя гады. Гэтая праблема заўсёды пасьпяхова вырашалася, а на сёньня яе ўвогуле не існуе, і таму спроба адабраць памяшканьне мае палітычныя прычыны і зьвязаная з апошнімі палітычнымі падзеямі ў краіне, кажа старшыня партыі Аляксей Янукевіч:

Аляксей Янукевіч
«Мы лічым, што зьяўленьне гэтага патрабаваньня менавіта ў гэты час, хутчэй за ўсё, зьвязана з тым, што памяшканьне партыі тут, на Машэрава, 8, сталася цэнтрам акумуляцыі салідарнасьці людзей з тымі, хто быў зьбіты і затрыманы на акцыі пратэсту 19 сьнежня. Гэтае месца сталася пунктам праявы грамадзянскай актыўнасьці, салідарнасьці і мужнасьці. Таму гэта і выклікала такую нэрвовую рэакцыю ўладаў. Для нас жа гэта — знак, што прымаецца палітычнае рашэньне».

Пасьля падзеяў 19 сьнежня ў Менску, у ноч на 20 сьнежня, былі разгромлены офісы рухаў «Хартыя-97», «Эўрапейская Беларусь», «Гавары праўду». Там канфіскавалі тэхніку, а дзьверы памяшканьняў да сёньня застаюцца аплямбаванымі. Гаворыць былы кіраўнік штабу Ўладзімера Някляева і актывіст кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў:

Андрэй Дзьмітрыеў
«Ён аплямбаваны, падаецца, Першамайскім РУУС. Але яны адмаўляюцца, кажуць, што не яны гэта рабілі. Там увогуле поўны кавардак і неразьбярыха, хто і што рабіў. Там, магчыма, засталася нейкая аргтэхніка, таксама засталіся асабістыя рэчы людзей, якія знаходзіліся ў той момант. А ўвогуле кампанія «Гавары праўду» неўзабаве стане рэкардсмэнам у справе аплямбаваных офісаў. Прынамсі, гэта ўжо другі«.

Таксама ў ноч на 20 сьнежня правялі ператрус і забралі тэхніку ў праваабарончай арганізацыі «Вясна», пазьней — у Беларускім Хэльсынскім камітэце, а таксама ў шэрагу палітычных партый, грамадзкіх арганізацый і рухаў у рэгіёнах краіны. Гаворыць кіраўнік «Вясны» Алесь Бяляцкі:

Алесь Бяляцкі
«Першае, што робіцца падчас гэтых ператрусаў, якія хваляй коцяцца па ўсёй краіне,— гэта забіраецца кампутарная тэхніка і іншыя носьбіты інфармацыі. Гаворыцца, што яны нібыта могуць мець дачыненьне да падзеяў 19 сьнежня. Але насамрэч пад шумок, што называецца, ідзе разгром інфармацыйных пунктаў грамадзкіх арганізацый у Менску і рэгіёнах краіны. Гэта, безумоўна, моцны ўдар па няўрадавых арганізацыях Беларусі. Мне падаецца, што ўлады хацелі б увогуле «прыхлопнуць» грамадзкі рух у Беларусі. Наколькі гэта атрымаецца, паглядзім".

Як паведамляюць праваабаронцы, ад ночы 20 сьнежня ў Беларусі адбылося больш за 100 ператрусаў і канфіскацыяў тэхнікі ў офісах няўрадавых арганізацый, а таксама ў прыватных дамах і кватэрах іх супрацоўнікаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG